Ганна Навасельцава - Легендарныя апавяданні
Мне заўсёды падабаліся дзёрзкія. Толькі гэты, шчыры, а просты, хоць і хацеў удацца, але такім не быў. Абяцаў вярнуцца да князя, прыйсці зноў да ягоных дзяцей, да ягоных унукаў.
— Чакай мяне і вер, што нічога не мінецца. Будзе пакутаваць род твой. Не мая помста, але твая да цябе вернецца. Чакай, не спадзявайся на выкупленне.
Засмяяўся пагардліва князь. І споўнілі верныя ягоны загад. А я ўсё трымаў таго простага за руку, ведаў апошнія думкі. І спытаў яго многа часу апасля, як забылася ў народзе княжае імя, як мінулася слава мудрага роду:
— Што ж не выканаў ты свайго абяцання? Ты ж мог тое зрабіць.
— Мог. Стацца такім жа, як уладарны. І калі б гэта здарылася, я б пасапраўднаму памёр. А хто ж пажадае сабе смерці?
— А калодзеж чарадзейны ты навошта паказаў?
— Паказаў. І цяпер паказваю ў глыбокі-глыбокі дол. Яму ды і ўсім такім. Ён жа марыў пра вечнае багацце. Неабсяжнае, найвялікшае. Хто ж я, ціхі, малы, каб пазбаўляць князя ягонай мары?
Паказваеш. У глыбокі-глыбокі дол, дзе табе назаўжды застацца. Блізка-блізенька ад цябе меднае дно, дзе хаваюцца ўсе чары тваёй і маёй зямлі. Жывуць, дыхаюць, твораць. Мацуюцца кожным учынкам нашчадкаў. Блізка ад цябе, просты, і сярэбранае дно. Хавае яно ўсё, што мінулася. Усіх тых, якія не маглі мінуцца. Не маглі знікнуць у небыццё. Чакаюць свайго вяртання ў свет. Блізютка ад цябе, шчыры, залатое дно. Нічога там няма. Не было. Не будзе. Плёхаюць бязмежныя воды, вялікія, як само чалавечае цярпенне. Чакаюць, пакуль перапоўніцца мера людскіх пакут, пакуль выбухне самы страшны гнеў, пакуль спляжыць усё самая лютая нянавісць. Тады парвецца залатое дно, выпусціць сваю сілу. І паглыне вада ўвесь чыста свет, залье, як не было яго ніколі.
— Паказваеш, паказваў чарадзейны калодзеж. Хіба ты вінаваты, што не ўбачыў яго князь? Хіба ты вінаваты за тых, прагавітых.
Чую над светам толькі тваю радасць. І трошкі шкадавання. Твайго і майго. Я б лёгка яшчэ пахадзіў з табой па зямлі. Без крыўды. Без страты. Адно баронячы тое, што належыць бараніць. А ты, просты, лёгка паціскаеш мне руку. Гаворыш, што хапіла падарожжаў на тваю долю. І мне хапіла. Толькі. Шкада.
— Не шкадуй, гартаваны.
Гэта ты, просты, а шчыры, азываешся мне. Ды я і не шкадую. З пашанай побач не ходзіць шкадаванне. Мы зразумелі гэта даўно.
— Праўда, звонкагалосы?
— Бом, бом, бом! Пярэчыш нямала. Не веру табе!
— Ды я сам сабе ўжо не веру.
— Не падманвай мяне, галасістага, ты, гартаваны. Мы абодва ніколі не страцім ні пэўнасці, ні зацятасці. Для гэтага занадта доўга на белым свеце.
А цябе не падманеш. Звонкі, разумны. Ведаеш мяне навылёт. Як і я цябе. Спрачаліся мы з табою і змагаліся. Многа-многа.
— Бом, бом! Многа-многа.
— І аніяк не здолее адзін з нас перамагчы другога.
— А гэта трэба, перамагчы?
— Вось і я думаю. Але навошта ж тады зноў ідзём адзін на адзін?
— Не ведаю, бом!
— І я не ведаю.
Мабыць, мы адобва павінны тое ведаць. Быць пэўнымі, не сумнявацца ані кроплі. Бо паўставалі, як непахістныя ратныя. Бо зноў паўстаём у свеце, не дорым яму спакою. Але мы не ведаем. І не хаваем таго.
Я, гартаваны, першым пайшоў па-над светам. І доўга быў адзін. Толькі як з’явіўся ты, звонкі, галасісты, зразумеў, што цяжка трываць адзіноту. І быў рады табе. Апекаваў твайго стваральніка. Памятаеш яго?
— Бом, бом, бом! Ён — гэта я!
І мне так думаецца. Толькі дагэтуль здзіўляюся, як магло вяшчуннае слова ўдацца ў чалавечае аблічча, як магла стацца жывой праніклівая думка. Але што ж! Поўніцца дзівамі свет. З таго толькі неспадзяванкі.
І ніколі апасля не бачыў я, каб нараджала зямля такі талент. Пясняр, прарок, званар. Сэрца роднага краю, яго надзея, ягоны голас. Мне спадабалася, што мог ён ісці дарогай і бездаражжу, сустракаць і прывячаць. І ўсюды, дзе б ён не крочыў, знаходзіў і пакліканне, і чаканне. І я ведаў, што ён павінен быць. Проста быць з маім светам.
— І таму адводзіў ад яго самых лютых. Бараніў, шануючы яго, іншага, бом-бом. Схаваўшыся, бярог песню ў нашым свеце.
Ён не заўважаў, што часам я дапамагаю яму. Крыху. Зусім трошкі. Я рады быў так чыніць, рады хоць бы таму, што ўпершыню свет падараваў роўнага мне. З ім было нясумна. І я ўспомніў, што такое горыч страты, калі скончыўся адпушчаны яму век.
— Кароткі век, наканаваны лёс. Бом, бом, бом! Не сумуй! Нам з табою няма страты, няма растання!
І я нібы зноў вярнуўся, калі пачуў ягоны голас з высокіх званіц. Многа-многа званіц. Твой голас, звонкі. Кожны раз, як учую цябе, нібы птушкай узлятаю над абшарамі палёў і лясоў. І лёгка мне далёка-далёка ляцець, і проста мне пранізліва бачыць. Верыць. Чакаць. Прызыўна азываецца пакінутай песняй самая мілая мне зямля.
— А ты, галасісты, чакаеш?
— Павер, што чакаю. І я падарожнічаў па самай мілай зямлі. Глядзеў, як проста ты ломіш крывую шаблю, хіліш долю крыжацкія кіпцюры. Зайздросціў табе, бо сам я так не магу. Але ведаеш, што.
— Што, звонкі?
— Гэта я вёў цябе. Клікаў песняй далей і далей. І часам нават не ведаў, дзе пачынаешся ты, дзе знікаю я. Ці я не знікаю зусім? Ці ты ёсць усюды?
— Мы ёсць побач, галасісты. Блізка, блізка.
— Не веру табе. Можа, як кажаш, ёсць мы і блізка. Але ж чаму тады і я, і ты чулі няраз, што песня праганяе вайну? Што там, дзе ёсць песня, не ўспыхне бойкі? І супыняецца бойка, калі загучыць песня. Гэта ж мы спрачаемся, як заўсёды.
— Таму што мы — розныя. Але ў нас блізкі лёс.
— Раскажы пра свой лёс, гартаваны. Колькі ж табе спатрэбілася часу, каб стаць такім . такім халодным.
Не так ужо і многа. Як ні дзіўна. Ты не маўчыш, бо ты не зняверыўся. Я зайздрошчу табе. Зайздрошчу за твой талент — спадзявацца і верыць. Сам я так не магу. Гартаваны, не выношу жаль. Не люблю чуласці. Гэта ўсё — тваё. Калісьці я палічыў тое за слабасць і адмовіўся раз і назаўжды. Але вось жа цудоўная праява: я ніколі не лічыў слабым цябе, звонкагалосы. Што ж тут зробіш.
Ты некалі быў чалавекам, я быў. Зведаў і майстэрства, і душы зброі. Так, не спрачайся, і ў зброі ёсць душа. Цёмная, трывожная, спавядальная. Моцна памятлівая. Яна ніколі не забывае тых, хто трымае гартаваную. Збірае па драбніцы іхні гнеў. Збірае, тоіць, каб аднойчы ўлеўна абрынуцца. «На каго?» — спытаеш ты, галасісты. А на саміх гнеўных, неміласэрных, недаравальных. Можа быць, што і смелых, адважных. Але жорсткіх. За гэта і прыходзіць адплата.
— І табе прыйшла? — ціха пытаешся, галасісты. Смешна гучыць твой шэпт.
— І мне. А чым я лепты.
— Чаму ж не стаў ты жахлівым ценем, як той ваяр? Не знік за гады і стагоддзі?
— Ведаеш пра яго. Усё?
— Здагадаўся. Не паверыў у тое, што ён баяўся. Ты ніколі не важдаўся з палахліўцамі, бом, бом, бом! А мне ж гэта падабаецца ў табе.
— Славіш песняй смелых? Нават такіх? Ды чаго я дзіўлюся. Памятае людское сэрца пра волата, які ўчыніў нешта злое. Памятае, не можа забыць. Часам называе яго і Княжам. Дык ці мала што зрабіў? Але ж волат. Але Княжа.
— Не пагарджай смеласцю. Нават такою. Не зневажай літасць. Нават да такіх. Ты нічога не сказаў пра сваю адплату.
— А мая адплата — не знікаць у гадах і стагоддзях. Можа, і вельмі б хацеў, але не магу. Не супыняюцца звады і кроў. Зноў і зноў цягнуцца да гартаваных. Да такіх, як я. І зноўку я шукаю самае страшнае ў бяздонні чалавечай душы.
— І што знаходзіш, бом?
— Нічога не знаходжу. Там тое ж, што я бачыў многа разоў. Ад чаго даўно стаміўся. І мне зусім не здаецца страшным, што жахае іншых. А ты, што ты, звонкі, знаходзіш у чалавечым бяздонні?
— Новую надзею. Больш моцную, чым азывалася раней. Новую палымяную веру! Стакроць мацнее раней ледзьве чутная песня. І міла мне разганяць цемру гучным звонам. Не смейся, чуеш!
— А я і не смяюся. Проста надакучыла ўжо казаць, чакаць. Нават не верыць табе, самы літасцівы.
— Бом! А ты не жалься, не плач, не нудзіся. Проста падумай, пачакай.
— А я і думаю.
Пра тое, што заўсёды зайздросціў трыпутніку. Таму, хто вядзе да маіх курганоў, да тваіх азёр. Трывушчы, гаючы. Прайшоў трыма шляхамі-пуцявінамі, поўнымі варажнечы і гневу, але не страціў сваёй дабрыні, і надзеі, і веры. Лёгка і проста знаходзіць тых, каму патрэбны. Дапамагае. Лекуе. Не памыляецца, абіраючы нявартых.
Я ведаю гэта так добра, як і цёмную душу бразатлівага жалеззя, прагнага да бітвы. Лячыў параненых, што вярталіся героямі да свайго народа. Акрыляў надзеяй знявечаныя душы. Спапяляўся ад чужога болю і адраджаўся зноў. Цяжка. Але ж трывушчы. І моцны. І праніклівы. Пазнае, пазнае нявінных.
І ты пазнаеш лепшых, звонкагалосы. Не хочаш адно пра гэта казаць. Ды няўжо думаеш, што гартаваны, пануры, не здагадаўся? Я ж не заўсёды такім быў. І ніколі не быў маўклівым. Не спяваў, як ты, звонаў-песняў, але ж не, зусім не маўчаў. У гэтым ты, мой вечны сябра, мой верны сапернік, змыляешся.
Чакацьмем лепшага. Самага-самага. Аддадзім яму песню, падаруем сілу, каб аніколі болей не ўшчынілася боек на белым свеце. Будзе і літасцівым, і моцным. Будзе абраным. Каб адно дарогу да патопленых у азёрах званоў, да верасовых курганоў знайшоў. Ды не, не баюся за гэта. Бо не памыліцца трыпутнік. Сам шляхі спазнаўшы, прывядзе яго, прывядзе.