Ганна Навасельцава - Вужыная каралеўна
Што ж, пабачыла ростань вячэрніх дарог. Пабачыла яго, каралевіча чарадзейнага вужынага народа. Чарадзея-пярэваратня. Ці ж сапраўдным толькі было ягонае чалавечае аблічча?..
Ці гэта мне прыснілася-прымроілася, ці гэта некалі было?.. Няма ж у чараў памяці.
Знікаюць ростані дарог у празрыстай смузе. Высокае, нязвыкла высокае неба. Спавівае вялікі свет сваімі цягуча-сінімі чарамі сястра мая, Вячэрніца. Толькі не адны яе чары разлітыя па-над светам. Кліча і заваблівае такая прыгожая зямля.
На змярканні выходзіш мне насустрач, Вужыны каралевіч. Закрываеш сабой такія зазыўныя ростані дарог. Ад чаго мяне засланяеш, як засланяюць людзей ад чорных закляццяў мудрыя вужы? Што ад мяне хаваеш?
А ты назваў мяне светлай Сонцавай сястрою. І нічога не хацеў ад мяне хаваць. Ні таго, што шукае цябе мой брат ды адшукаць не можа, ні таго, што ніколі не забудзецца вужыны народ пра страшную Сонцаву кару. І яшчэ ты спытаў, калі ж паклічу я свайго брата, паклічу вялікае Сонца.
— Не буду Сонца клікаць, Вужыны каралевіч. Не хачу цябе караць, а хачу табе верыць.
А што б сталася, калі б спаліў цябе мой брат. Не хацела я, Зараніца, рабіцца нечым змярканнем. Ведаць бы, што і ты быў шчырым. Толькі стала я Вужынай каралеўнай. Стала Зараніца цямнейшай за Вячэрніцу.
— І дзе ж карона, сястра? — пытаецца Сонца. — Дзе ж залатая карона, роўная мне?
— Я не адкажу табе, брат. Хопіць ужо гневу, хопіць скамянелых сэрцаў. Няхай бы і ты забыўся пра тое, што паліць цябе.
Але Сонца заўсёды было агнём. Агонь жа не мог забыцца.
А я ніколі не змагу забыцца пра твой вялікі давер, Вужыны каралевіч, чарадзейнае спадзяванне гэтай зямлі.
І што ж такое сталася, што Сонца сказала мне:
— Зменіць свет гнеў на літасць, сястра. Вяртайся да свайго Вужынага каралевіча.
І яшчэ пачула я апошнія словы, моўленыя адвечным Сонцам:
— Але не перастану я шукаць самую чарадзейную залатую карону.
Што ж, брат, хто б смяротны ці несмяротны табе не паверыў. Не пераставай яе шукаць. Прыветна ахінаюць мяне вужыныя чары, самыя надзейныя чары прыгожай зямлі. Яны могуць вярнуць мінулае, могуць прадказаць будучае. Трэба толькі адно — пажадаць.
І я вяртаю наша мінулае. Толькі наша з табою, Вужыны каралевіч, каб зноў яго перажыць. Я хачу зразумець, што павінна змяніць, каб адвесці бяду. Хачу ратаваць тваіх хлопчыкаў, хачу ратаваць цябе, гонар вужынага народа.
Бачу, як беражэш ты двух братоў. Становяцца дарослымі хлопчыкі, якія шануюць звычай сваёй зямлі. Ты можаш ганарыцца, мой каралевіч. Яны чуйныя да ўсяго, што адбываецца на свеце. Цябе ж нішто так не выяўляе, як спагада. І зноў чую, як дзівяцца простыя людзі з каралевіча-чарадзея. Перастаў ты хавацца немаведама дзе і часта з’яўляешся побач з ужо вялікімі Рыданавымі сынамі. І тыя, хто памятаюць, што насіў ты іх некалі на руках, не заўважаюць ані сівых валасоў, ані зморшчынак на тваім чале. Выраслі браты, але ты не пастарэў ані кроплі. Не ведаюць яны, самыя простыя, што такое вужыная кроў. Зайздросцяць. Баяцца. Але я ведаю, што даражэйшы ты Рыдану за родных сыноў. Можа, з гэтага ўсё пачалося.
— Вужыч, — чую тваё чалавечае імя з вуснаў братоў. — Раскажы нам пра свайго бацьку.
— Якім быў кароль твайго народа? — пытаецца старэйшы.
— Якія чарадзействы ён мог тварыць? — не маўчыць і малодшы.
— Ён быў слаўным? — гэта старэйшы.
— Ведаў усё пра чары і чарадзеяў? — гэта малодшы.
Хочуць быць падобнымі да цябе, і смяецца з сыноў стары Рыдан:
— Хтосьці жадае браць з цябе прыклад, Вужыч. Ці здолее толькі.
А ты, мой каралевіч, не быў бы тым, хто мне спадабаўся, калі б не адказваў:
— Здолеюць. І будуць слаўнымі валадарамі, і будуць спагадлівымі чарадзеямі. І будуць любіць свой народ, сваю зямлю.
Але нічога не расказваў ты пра свайго бацьку, пра вялікага Вужынага караля, каму проста было пахіліць майго брата — трысветлае Сонца. Нічога не расказваў, але ж хіба не думаў, не ўспамінаў пра яго, кроўнага, кожны раз, калі глядзеў ва ўсмешлівыя Рыданавы вочы.
Кароткія мае імгненні перад узыходам Сонца, але здолела я ўбачыць, як бясконцы смутак поўніць чалавечае Рыданава сэрца. Поўніць кожны раз, як ён глядзіць на цябе, Вужыч. Пра што ж ты смуткуеш, бацька харошых сыноў. Не ведаю пра тое. І чамусьці маруджу паклікаць чары.
— Вужыч, раскажы. Вужыч, навучы. — не адпускаюць цябе тыя, кімі ты болей за ўсіх ганарышся.
А я хачу дазнацца пра таямніцу, якую хавае стары Рыдан. Хто ж стане глядзець табе ў вочы, праніклівы чалавеча, калі не могуць людзі надзівіцца з каралевіча вужынага народа. Угадае ён запаветныя мары і жаданні, слаўна парадзіць ды падкажа. І людзі болей вераць яму, Вужычу, чым самому Рыдану. Але і яны, каму не дадзены чары, нібыта ўведалі, што слухаюць яго слова азёры і крыніцы, палеткі і лясы. І почасту ты знікаеш, Вужыч, у цёмных балотах. Куды? Навошта?
Што ж, заўсёды вужы збіралі па драбніцах веды цэлага свету. Мабыць, ад таго і слухаюцца іх чары, і жывуць яны доўга-доўга, і будзе шчаслівым абраны імі народ. Мігціць жа недзе схаваная залатая карона, множыць сілы азёрна-ляснога краю. І здарыцца такая часіна, калі засвеціцца залатая карона ясна-ясна. Не тое важна, што ноч стане днём, а зіма — летам. Будуць чары ў людскіх хацінах, будуць сябраваць мудрыя вужы з імі, самымі простымі. Трэба толькі дачакацца, але бясконца доўжыцца вужынае цярпенне. Вужы ўмеюць чакаць, пакуль вырастуць тыя, каму наканавана насіць залатую карону. Вужы разумеюць, што яна цяжэйшая, чым здаецца.
Я чакаю гэтага поруч з табою, Вужыны каралевіч. Захінаю заранкавым святлом Рыданавых сыноў. Не ператварыцца ім у рэкі. Разарвуць веднасць і цярпенне зачараванае кола, і не скамянее ад гора аніводнае сэрца.
Толькі за тое, што з’яўляюся я побач з табою, усё часцей называюць мяне Вужынай каралеўнай. Тады, калі не ўстаў яшчэ мой брат, гляджу я на азёрна-лясную зямлю. Не крануць яе буры, маланкі ды навальніцы. Вялікая сіла ў маіх чарах. Ты ж мяне так лёгка носіш, зямля майго каралевіча. Абраная, ласкавая, вартая залатых карон з усімі цудамі свету.
— Хлопчыкі, — кліча Вужыч за сабою Рыданавых сыноў.
— Мы не хлопчыкі, — адказваюць у адзін голас браты. — Мы дарослыя і табе роўныя.
Цешыцца стары Рыдан з сыноў, пазірае на Вужыча, сціскае трывога маё сэрца. Вядзе трывога за сабою прымройлівы сон, дзе з’яўляецца мне сам Светавіт — ясны дзень. Гаворыць мне, каб не большала моцы чараў, бо не змяніць прызначанага лёсу. Кліча мяне дзень, кліча мяне святло, а Рыданавы сыны называюць мяне Вужынаю каралеўнаю. У захапленні ловяць кожны мой позірк.
— Усміхніся нам, каралеўна. Твая ўсмешка — ясная зараніца, — ходзяць за мной родныя браты.
А я ўсміхаюся аднаму Вужычу. Яму, які шэпчацца з зямлёй, прыходзіць са змрокам, знікае на золку. Што ж, хутка надыдзе час, калі найярчэй заіскрыцца самая чарадзейная карона.
Мне падалося, што зніклі з белага свету ўсе чары, што парвалася безупыннае кола часу, калі ты нарэшце сказаў Рыдану:
— Назаві імя годнага сына. Будзе яму залатая карона, будзе яму бацькоўскі пасад.
— А што будзе другому? — не змаўчалі браты.
— Другому будуць чары. Ад іх спазнае ён веднасць і хараство. І прымуць яго зямля і неба, і стане ўвесь вялікі свет яго домам.
Заспрачаліся браты, бо кожны хацеў атрымаць залатую карону. Зажурыўся стары Рыдан.
Але ты, Вужыч, не быў бы тым, з кім я стала поруч, каб не мовіў:
— Не сварыцеся, браты, не смуткуй, бацька. Не страціш ты другога сына, якому наканавана пайсці ў свет, а будзеш горды за абодвух. Не мною і не табою, а толькі выпрабаваннем няхай будзе абраны годны.
— Што гэта будзе за выпрабаванне? — спытаў стары Рыдан.
І ты, Вужыны каралевіч, замовіў чалавечым сынам выпрабаванне:
— Той, хто прынясе залатую карону да слаўнага бацькоўскага пасаду, і атрымае з ёю ў валадарства азёрна-лясны край.
Навыперадкі кінуліся бегчы Рыданавы сыны, зноў засмуціўшы свайго старога бацьку. І тады спытаў стары Рыдан цябе, каралевіч:
— Чаму адмовіўся ты ад таго, што было ад нараджэння тваім?
Я не забуду тваіх загадкавых слоў у адказ:
— Не магу адмовіцца ад таго, што маё ад нараджэння, але і не магу ўладаць тым, што мне ўжо не належыць. Пайду за тваімі сынамі, Рыдане, стану іх надзеяй і пакараннем. Буду глядзець, каб не абмінулі яны кароны. Буду слухаць іх крокі. Буду спадзяваннем твайго краю. Памятай пра мяне, калі стане зусім цяжка.
Толькі стары Рыдан, пачуўшы такія словы, яшчэ болей зажурыўся. Які бацька мог выхаваць такога сына. Якім жа быў ты, Вужыны кароль, што не пабаяўся кінуць выклік самому Сонцу. Стаўся каралём лепшы з Вужынага народа. Народа заступнікаў, народа абаронцаў. Але гэта вужы ценямі ідуць за тымі, хто задумаў учыніць нядобрае. За тымі, якія павінны стаць героямі і абраннікамі, ды воляй лёсу становяцца ўсяго толькі здраднікамі. Вужы — іх боль і пакуты, апошняя кропля сумлення, апошні дарунак лёсу вярнуцца і вярнуць. Відушчыя, відушчыя нават болей, чымсьці неўры-чарадзеі, якія таксама не абмінулі азёрна-лясной зямлі. Замірае ў ціхім прадчуванні сэрца. Чакае не чараў, не таямніц, нават не радасных сноў. Чакае нечаго большага.