Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке)
Аднойчы на пачатку лета Вiскун загадаў авечкам iсцi за iм i вывеў iх на вялiкую пустку на другiм канцы фермы, парослую маладымi бярозкамi. Авечкi прабылi там увесь дзень, скубучы лiсце пад пiльным наглядам Вiскуна. Увечары ён вярнуўся ў сядзiбу сам, а авечкам сказаў заставацца на месцы, бо надвор'е было цёплае. I гэтак яны прабылi там цэлы тыдзень, так што нiхто з астатнiх жывёлаў iх не бачыў. Вiскун быў з iмi большую частку кожнага дня i вучыў iх, як ён казаў, спяваць новую песню, якая патрабавала шмат стараннасцi i цярплiвасцi.
I вось адным пагодным вечарам, якраз пасля вяртання авечак, калi жывёлы скончылi працу ды iшлi да гаспадарчых будынкаў, з двара данеслася спалоханае ржанне. Жывёлы з перапуду спынiлiся. Яны пазналi голас Канюшынкi. Яна зноў заржала, i ўсе жывёлы наўзгалоп пабеглi ў двор. I яны ўбачылi тое, што пабачыла Канюшынка.
Яны ўбачылi свiнню, якая iшла на заднiх нагах.
Так, гэта быў Вiскун. Трохi нязграбна, быццам не зусiм прызвычаены трымаць сваё важкае цела ў такой паставе, але з выдатным адчуваннем раўнавагi, ён iшоў праз двор. А праз хвiлiну з дзвярэй сядзiбы выйшла даўгая чарада свiнняў, i ўсе на заднiх нагах. У некаторых гэта выходзiла лепей, некаторыя iшлi няўпэўнена, здавалася, што iм хочацца абаперцiся на кiй, але ўсе яны адна за адной абышлi двор. Нарэшце пачуўся страшны сабачы брэх i пранiзлiвы крык чорнага пеўня, i з сядзiбы выйшаў сам Напалеон i ўрачыста выпрастаўся, абводзячы двор пагардлiвым позiркам. Вакол яго гайсалi сабакi.
У пярэдняй назе ён трымаў бiзун.
Запанавала мёртвая цiша. Уражаныя i напалоханыя, жывёлы збiлiся ў кучу i пазiралi на доўгую чараду свiнняў, што паволi маршыравалi вакол двара. Здавалася, што свет перакулiўся дагары нагамi. Тады настаў момант, калi першы шок суняўся i калi, нягледзячы нi на што - на боязь сабакаў, на звычку, што развiлася за доўгiя гады, нiколi не скардзiцца, нiколi не пярэчыць, што б нi здарылася, - у iх ужо гатовыя былi вырвацца словы пратэсту. Але якраз у гэты момант, нiбы па сiгнале, авечкi выбухнулi жахлiвым бляяннем:
- Чатыры нагi добра, дзве нагi лепей! Чатыры нагi добра, дзве нагi лепей! Чатыры нагi добра, дзве нагi лепей!
Яны бляялi, не спыняючыся, хвiлiн пяць. I калi авечкi сцiхлi, выказваць свой пратэст не было сэнсу, бо свiннi ўжо зайшлi назад у сядзiбу.
Бэнджамiн адчуў, як нехта тыцнуў носам яму ў плячо. Ён азiрнуўся. Гэта была Канюшынка. Яе старыя вочы ўжо амаль нiчога не бачылi. Не кажучы нi слова, яна цiхенька пацягнула яго за грыву i павяла да вялiкага гумна, дзе былi запiсаныя Сем Запаведзяў. Хвiлiну цi дзве яны стаялi, узiраючыся ў прасмоленую сцяну з белымi лiтарамi.
- Я кепска бачу, - урэшце сказала яна. - Нават калi я была маладая, я не магла прачытаць, што там напiсана. Але мне здаецца, што цяпер сцяна выглядае iначай. Цi Сем Запаведзяў усё яшчэ такiя самыя, што i раней, Бэнджамiн?
Адзiны раз у жыццi Бэнджамiн згадзiўся парушыць сваё правiла i прачытаў ёй, што было напiсана на сцяне. Цяпер там была толькi адна Запаведзь:
Усе жывёлы роўныя
Але некаторыя жывёлы раўнейшыя за iншых
Пасля гэтага ўжо не здавалася дзiўным, што назаўтра свiннi, якiя наглядалi за працай на ферме, усе насiлi бiзун у пярэдняй назе. Не здавалася дзiўным, што свiннi купiлi сабе радыёпрыёмнiк, збiралiся паставiць тэлефон i падпiсалiся на "Джона Була", "Тыт Бiтс" i "Дэйлi Мiрар". Не здавалася дзiўным убачыць Напалеона, якi гуляе ў прысядзiбным садзе з люлькай у зубах. Не было ўжо дзiвам, што свiннi дасталi адзенне мiстэра Джоўнза з шафы i панадзявалi яго, што сам Напалеон надзеў чорны сурдут, шырачэзныя брыджы i скураныя гетры, а яго фаварызаваная мацёра нацягнула на сябе муаравую сукенку, якую мiсiс Джоўнз звычайна надзявала ў нядзелю.
Аднойчы ўвечары, недзе праз тыдзень, да фермы пад'ехала некалькi калымажак. Група навакольных фермераў была запрошаная агледзець ферму. Iх правялi паўсюль, i яны выказалi вялiкае захапленне ўсiм, што пабачылi, асаблiва ветраком. Тым часам жывёлы былi на праполцы рэпы. Яны працавалi старанна, не падымаючы галоваў, i не ведалi, каго больш баяцца - свiнняў цi людзей.
Вечарам з сядзiбы даносiлiся спевы i гулкi смех. I раптам, пачуўшы гэты бязладны гоман, жывёлы пранялiся цiкаўнасцю. Што ж там можа адбывацца цяпер, калi жывёлы i людзi ўпершыню сустрэлiся як роўныя? I, не згаворваючыся, яны як мага цiшэй падкралiся да сядзiбы.
Каля брамы яны спынiлiся, баючыся iсцi далей, але Канюшынка павяла iх наперад. На дыбачках падабралiся да дома, i тыя, хто быў вышэйшы, зазiрнулi ў акно гасцёўнi. Там, вакол даўгога стала, сядзела паўтузiна фермераў i паўтузiна выдатнейшых свiнняў. Сам Напалеон займаў ганаровае месца ў канцы стала. Здавалася, што свiннi вельмi ўтульна пачуваюцца ў крэслах. Кампанiя забаўлялася гульнёю ў карты, але ўсе прыпынiлiся на нейкi момант, вiдаць, каб падняць кубкi. Па стале хадзiў наўкруга вялiкi збан, i кубкi напаўнялiся пiвам. Нiхто не заўважыў здзiўленых твараў жывёлаў, што пазiралi на iх праз акно.
Мiстэр Пiлкiнгтан з Фоксвуда ўстаў, падняўшы кубак. Ён сказаў, што праз хвiлiну папросiць шаноўную грамаду выпiць. Але перад тым ён палiчыў сваiм абавязкам сказаць колькi слоў.
Для яго, як i для iншых прысутных, было вялiкiм задавальненнем адчуць, што доўгi перыяд недаверу i непаразуменняў цяпер скончыўся. Быў час - хоць нi ён, нi хто iншы з прысутных нiколi не падзяляў такiх пачуццяў, - але быў час, калi да паважаных уладальнiкаў Фермы Жывёлаў iх суседзi ставiлiся не тое каб з варожасцю, але, можа быць, з пэўным недаверам. Здаралiся непрыемныя выпадкi, бытавалi памылковыя ўяўленнi. Былi меркаваннi, што iснаванне фермы, якою валодалi i кiравалi свiннi, было ў нейкiм сэнсе ненармальным i магло мець дэстабiлiзуючы ўплыў на суседнiя фермы. Шмат хто з фермераў лiчыў, без належнае дасведчанасцi, што на такой ферме мусiць панаваць дух усёдазволенасцi i недысцыплiнаванасцi. Iх непакоiў магчымы негатыўны ўплыў на iх уласных жывёлаў цi нават на слугаў. Але ўсе гэтыя сумненнi цяпер рассеялiся. Сёння ён i яго сябры наведалi Ферму Жывёлаў i агледзелi кожны куток сваiмi вачамi, i што ж яны пабачылi? Не толькi сама сучасныя метады гаспадарання, але дысцыплiну i парадак, якiя маглi б быць узорам для ўсiх навакольных фермаў. Ён лiчыць, што не памылiцца, сказаўшы, што нiжэйшыя жывёлы на Ферме Жывёлаў працуюць болей i атрымлiваюць ежы меней за любую жывёлiну ва ўсiм графстве. Сапраўды, ён i яго калегi сёння пабачылi шмат такога, што яны б хацелi неадкладна прымянiць у сябе.
Ён скончыць свае заўвагi, сказаў ён, падкрэслiўшы яшчэ раз, што добрасуседскiя сувязi iснуюць i будуць iснаваць памiж Фермай Жывёлаў i навакольнымi фермамi. Памiж свiннямi i людзьмi не было i не павiнна быць нiякага сутыкнення iнтарэсаў. Iх аб'ядноўваюць агульнае змаганне i агульныя цяжкасцi. Цi ж не была праблема рабочай сiлы аднолькава важная i для адных i для другiх? I тут было вiдаць, што мiстэр Пiлкiнгтан збiраецца сказаць нейкi старанна падрыхтаваны досцiп, але яго разабрала весялосць i ён не мог вымавiць нi слова. Пасля доўгага змагання са смехам, якi душыў яго, i ад якога ягонае тлустае падбароддзе зрабiлася чырвонае, ён здолеў выцiснуць з сябе: "Вам даводзiцца змагацца з вашымi нiжэйшымi жывёламi, а нам - з нашымi нiжэйшымi класамi!" Увесь стол грымнуў рогатам, а мiстэр Пiлкiнгтан зноў павiншаваў свiнняў з нiзкiмi харчовымi нормамi, даўгiмi працоўнымi днямi i з абсалютнай адсутнасцю разбэшчанасцi, што ён заўважыў на Ферме Жывёлаў.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});