Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Нарэшце ён дайшоў да апiсання таго дня, калi ўся брыгада i Маша абедалi на дачы. Iра больш не хавала яго iмя.
Адкрыццё ашаламiла Славiка. Знiкла жаданне помсцiць сястры, кпiць з яе. Наадварот, стала шкада дзяўчыну. Уразiла Iрынiна празорлiвасць: "Я адразу адчула ў гэтай рудой сапернiцу. Маё няшчаснае каханне! Ты яшчэ не засвяцiлася для Яго i для ўсiх, а на цябе ўжо насоўваецца хмара".
Не, ён, Славiк, адпомсцiць яму - за сябе, за сястру!
Але прачытаўшы, ужо без асаблiвай цiкавасцi, яшчэ пару старонак дзённiка, ён разважаў iнакш.
А можа, лепш зрабiць так, каб Iрына адкрылася яму? Памагчы ёй. Тады можа здарыцца, што ён адмовiцца ад Машы.
Славiк лаяў сястру:
"Авечка! Да дваццацi двух год дажыла, iнстытут канчае, а паводзiць сябе, як сямiкласнiца. Уздыхае, дзённiчак пiша!.. Дурнiца!"
Узлаваўшыся, шыбануў тоўсты сшытак на ложак. Але праз хвiлiну з пэўнай павагай палажыў дзённiк назад у шуфляду.
"Усё пераблыталася. Сам чорт нагу зломiць. А "стары конь" скардзiцца, што няма цiкавых сюжэтаў. Залез у нейкiя архiвы i нi храна не бачыць вакол сябе. А тут такiя трыкутнiчкi будуюцца! Пра любоў трэба пiсаць, стары, калi хочаш, каб цябе чыталi", - глыбакадумна параiў бацьку. Дакараў мацi: "А гэтая маралiстка, як гусыня, толькi асцерагае: каб лiшняе з'елi дзеткi i лiшняе не выпiлi. Жратвы поўны халадзiльнiк, а каб хоць на кампрэс дзе стаяла - дык не. Куды яна дзявала каньяк? Няўжо вылiла? Бутэлькi няма", - злаваўся ён, не перастаючы шукаць.
Урэшце Славiк зразумеў, што ўсё гэта - пошукi каньяку (выпiваць яму зусiм не хацелася), развагi пра бацьку i мацi, пра Iрына каханне - не што iншае, як безнадзейная спроба адвесцi думкi ад галоўнага: што робiцца ў брыгадзе? Не прызнаючыся сам сабе, ён пакутаваў ад думкi, што Тарас усё раскажа i абураныя хлопцы выганяць яго. Са здзiўленнем ён упершыню адчуў, што яму шкада пакiдаць брыгаду. Куды ён пойдзе ад iх?
Калi пад вечар да яго заглянулi Косця i Генрых, Славiк спалохаўся: што яны хочуць? Што прынеслi? А калi хлопцы шчыра, па-сяброўску прывiталiся i Генрых сказаў:
- Ну як? Косцi цэлыя? Чорт вас нёс на гэтым матацыкле. Маглi насмерць разбiцца.
Славiк траха не падскочыў ад радасцi. Асаблiва яго здзiвiла i рассмяшыла, што яны аднолькава хлусяць, ён таксама плёў шафёру, якi падвозiў яго да горада, пасля сястры i бацьку, што ўпаў з матацыкла. Тое, што Iра i бацька, прыехаўшы з дачы, нiчога не ведаюць, супакоiла яго яшчэ ранiцай. Значыцца, Тарас расказаў адной мацi. Ну, мацi можна, у яе даволi педагагiчнай тактоўнасцi.
Даведаўшыся, як растлумачыў свае сiнякi Тарас, Славiк адчуў да яго павагу i падумаў: "Гэта па-мужчынску!" Каб ён ведаў, што гiсторыю з матацыклам выдумалi калектыўна, брыгадай... Спачатку Тарас растлумачыў хлопцам пра свой сiняк проста:
- Ударыў адзiн п'яны дурань.
Але ўсё расказаў Косцю. Была ў гэтага смяшлiвага рамантыка дзiвосная прыцягальная сiла: усе яму давяралi свае самыя таемныя сакрэты i думкi. Косця сказаў, што сiтуацыя даволi сур'ёзная, а таму варта яе абмеркаваць у брыгадзе. Пасля змены ў тым жа пакоi iнтэрната за зачыненымi дзвярамi iшла гарачая размова.
Ходас даказваў, што Славiка трэба гнаць прэч, пакуль ён не зганьбiў брыгады.
Генрыху гiсторыя з "дуэллю" здавалася надзвычай вясёлай. Ён жартаваў:
- Ты ведаеш, я ўвесь час мару, каб хто-небудзь другi закахаўся ў Зою. Выклiкаў бы сапернiка на дуэль... Паказаў бы сваё рыцарства.
Вася прызнаўся, што ён таксама "заехаў аднаму па мордзе", калi той пачаў занадта завiхацца каля Веры.
- Жах, жах! - хапаўся за вушы Косця. - Выходзiць, усе вы з радзiмымi плямамi праклятага капiталiзму. Iвана салам не кармi, дай залезцi на высокую трыбуну. Славалюбства! Васiль баiцца ўласнай жонкi. Баязлiвасць! Брыгадзiр наш, замест таго каб правесцi выхаваўчую работу, выбiвае вучню скiвiцу... Адзiн я...
- Балбатун ты!.. Самая шкодная загана! Ты любую справу ўтопiш у словах. Кажы сваю прапанову.
- Статус-кво. Усе застаюцца, як у Берлiне да заключэння мiрнага дагавору. Вы ўпалi з таго матацыкла, на якiм я ўчора ездзiў да бацькоў.
Усiх рассмяшыла Косцева прапанова. З ёй пагадзiлiся. Паспрачалiся аб другiм.
Лапацiн прапанаваў, каб Тарас аб'явiў Машы байкот: няхай не водзiць адразу двух. Тарас пачырванеў, разгубiўся. Косця сказаў, што такiя пытаннi нельга вырашаць калектыўна.
- Дамаўлялiся, што ў нас не будзе тайны адзiн ад аднаго, - сказаў просталiнейны Ходас.
- Я не раблю тайны з таго, што Маша падабаецца мне, - адказаў Тарас. Але...
- Але, - падхапiў Косця, - гэта не значыць, што ён павiнен дакладваць нам, пра што гаварыў з дзяўчынай. Так можна дайсцi да таго, што патрабаваць у Васiля справаздачы, пра што ён шаптаўся ўначы з жонкай. Гэта будзе ўжо не дружба, а гвалт, прымус... Можна ўзненавiдзець адзiн аднаго!
- Тады як зразумець, што Шыковiч працуе ў брыгадзе, а жыве, як воўк? I ўчынкi воўчыя. А мы гуляем у хованкi. Я супраць любога iндывiдуалiзму! - Ходас нiколi не ўмеў так ясна аргументаваць свае думкi, як гэта рабiў Косця, гаварыў траха не лозунгамi i ў сваёй упартасцi часта быў непаслядоўны.
- Нiкога нельга абавязаць быць шчырым i адкрытым, - падсумаваў Тарас. Славiк павiнен паверыць у нашу шчырасць.
Ён сказаў гэта i спалохаўся: а як яму, брыгадзiру, праявiць сваю шчырасць пасля таго, што здарылася?
Славiк таксама iшоў на працу са страхам: як яны сустрэнуцца? Не, нiчога. Працягнулi рукi адзiн аднаму, усмiхнулiся. Знешне як быццам нiчога не змянiлася. Знешне...
А што рабiлася ў кожнага ў душы?
Тарас стараўся перамагчы сваю непрыязнасць. Але пакутаваў ад рэўнасцi. Яму здавалася, што Маша сустракаецца з iм рэдка, неахвотна i сумуе, калi яны ходзяць па асеннiх вулiцах. Яму рабiлася таксама сумна. Ён падазраваў, што яна не перастае сустракацца са Славiкам, хоць яна запэўнiвала, што пасля таго нi разу не бачыла маладога Шыковiча. Але Тарасу ўспамiналася, як весела i легкадумна яна смяялася, калi ён расказваў ёй, што ў iх адбылося. Безумоўна, ёй падабаецца вось такi вясёлы, бесклапотны рызыкант i пазёр. То няхай бы сказала! Тарасу да болю было крыўдна: чаму яна, якая здалася яму такой разумнай, не хоча быць з iм да канца шчырай? Калi ў яе сэрцы няма кахання, ён згодзен застацца добрым сябрам. Абы была шчырасць.
А Маша не хлусiла.
Славiк званiў ёй, дамагаўся спаткання. Яна са смехам адказала, што баiцца яго: "Яшчэ застрэлiш".
Рэўнасць яго патухла разам з "лiхтаром" пад вокам. Але такi яе адказ моцна закрануў самалюбства.
"Ага, сабака, расказаў! Чакай жа!" - зноў узлаваўся ён на Тараса. Не верыў яго добразычлiвасцi. Ставiўся з падазронасцю. Чапляўся без усялякай прычыны.
- Ты чаму глядзiш на мяне так? - спытаў ён аднойчы ў Тараса, калi яны выпадкова апынулiся ў цесным праходзе памiж станкамi-волатамi. Вось тут бы iм i пагутарыць па шчырасцi. Дык не - у кожнага гонар.
- А як я гляджу на цябе?
- Як? Як воўк на авечку. З такiм замiлаваннем.
- Хачу з'есцi.
- Паломiш зубы.
- Дурны ты, Слава.
- Ты вельмi разумны.
Над iх галовамi з грукатам прайшоў кран. Славiк падскочыў, схапiўся за крук i ўскочыў на станок.
Нiна спынiла кран, высунулася з будкi, махала кулаком. Славiк пасылаў ёй паветраныя пацалункi. За такую хлапчуковую выхадку трэба добра прабраць. А ён, брыгадзiр, не можа. Не можа сварыцца, каб не ўскладняць адносiны. Тарас упершыню падумаў, што, вiдаць, Ходас мае рацыю: такога не перавыхаваеш. Можа, усё было б добра, каб не яна, Маша. Стала яна памiж iмi.
Нiнка спусцiлася са сваёй будкi, закрычала на ўвесь цэх:
- Калi вы камунiстычная брыгада, дык i паводзьце сябе па-камунiстычнаму. Я праз дурняў у турму не хачу садзiцца.
На гэты раз Косця i Генрых, якiя добраахвотна шэфствавалi над Славiкам, добра-такi намылiлi карак яму.
А на другi дзень Славiк запрасiў Нiнку ў кiно. Яна доўга вагалася. Але яе нiхто яшчэ з хлопцаў нiколi не запрашаў. I яна не ўтрымалася ад такой спакусы. Хiба мала пiшацца ў кнiжках, паказваецца ў кiно, што любоў пачынаецца са сваркi?
25
Канец верасня выдаўся надзiва цёплы. Здавалася, вярнулася лета, сапраўднае, не бабiна. Зацвiталi вiшнi. У лесе быў небывалы ўраджай грыбоў. Гараджане хлынулi ў лясы. Перапаўнялiся аўтобусы, рабочыя цягнiкi. Пачалася проста-такi грыбная лiхаманка - хто збярэ больш i лепшыя. Але калi многiя выязджалi толькi таму, што было чым пажывiцца, то такому старому палымянаму грыбнiку, як Яраш, гэта прыносiла сапраўдную асалоду, шчасце, лепшы адпачынак. Выкарыстоўваючы Шыковiчаву машыну, ён выязджаў у лес двойчы на дзень: на досвiтку, да работы, i адвячоркам, пасля работы. Звычайна стрыманы ва ўсiм, што датычылася яго асабiста, тут ён з хлапчуковай радасцю хвалiўся ў бальнiцы персаналу i нават хворым сваiмi грыбнымi зборамi. У яго пыталiся ў калiдоры, як толькi ён з'яўляўся акуратна без дзесяцi дзевяць, свежы, памаладзелы, прапахлы хвояй i грыбамi:
- Колькi сёння, Антон Кузьмiч?
- Сто дваццаць тры! Ды каб вы пабачылi якiя! - I пачынаў распiсваць, як сядзела сям'я грыбоў - дваццаць сем штук! - вакол аднаго маладога дубка. Небывалая з'ява! Варта напiсаць у "Огонек". I тут жа лаяў браканьераў, якiя вырываюць грыб з коранем. Напiсаў нават у газету: "Як трэба збiраць грыбы". Лаяў газету, якая выкiнула з яго допiсу расказ аб нараджэннi i жыццi грыба i пакiнула адны голыя парады. Траха не бiўся з Шыковiчам, якi сядзеў на дачы i цэлымi днямi пiсаў. Навокал дома, пад самым ганкам, растуць грыбы, а не выцягнеш яго - не выйдзе. Пакуль выканае норму, якую сам сабе ўстанавiў, зварыць абед, глядзi - i вечар.