Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Славiк, не дужа натрэнiраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасцi даволi моцнай плынi ракi. Павольна праплылi зарослыя кустамi чаромхi i калiны абрывы парку, няхiтрыя збудаваннi i дэбаркадэры прыстанi з закапцелымi стомленымi параходзiкамi каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымi таполямi, бялелi новыя дамы.
Маша не толькi любiла горад знутры, яна любiла глядзець на яго адгэтуль, з ракi, а яшчэ лепш здалёк, з насыпу акружной дарогi, i з таго вунь гаю, да якога ёй хочацца даплыць. Няхай папацее гэты шукальнiк лёгкiх прыгод! Яна, задумлiва чэрпаючы ў жменю ваду, глядзела на горад.
Модная Славiкава сарочка змокла ад поту i пакамячылася. Пот залiваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасцi, хлопец не кiдаў вёслаў. Расла злосць на сябе: нiколi яшчэ ён так па-дурному не выстаўляў сябе перад дзяўчатамi. На нейкi момант з'явiлася тое ж пачуццё, што i да Нiны: адпомсцiць гэтай рыжай чарадзейцы за такое сваё ўнiжэнне.
"Вытры пот, дурань!" - весела i лагодна думала Маша. Настрой яе яшчэ больш харашэў. Не марна згiне вечар. Будзе што ўспомнiць. I расказаць. Каму? Цi не расказаць заўтра Соф'i Сцяпанаўне?
- Слава, заспявай што-небудзь.
Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы!
- Я пяю толькi п'яны, - прахрыпеў хлопец без усмешкi.
Яна зразумела, што даволi, бо цярпенне яго вычэрпваецца, i закамандавала:
- Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём.
Славiк азiрнуўся i "высушыў" левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травянiстую купiну. Ён, закiнуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкi на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапiў на рукi, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што мiма праплывалi другiя лодкi.
Маша далонямi ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спiртамi i эфiрамi далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбiна, выслiзнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымi вачамi Славiк ступiў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнiчай позе, залажыўшы рукi за спiну.
- Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваiмi пацалункамi... пакуль што...
Гэтае "пакуль што" неяк адразу астудзiла разгарачанага i ўзлаванага цяжкiм веславаннем хлопца.
- Пакуль што? А калi можна будзе?
- Нiколi!
Ён весела засмяяўся.
- Нiколi? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкi. Цi твой пальчык. Адзiн. Любы з дваццацi.
Яна таксама не стрымала ўсмешку:
- Блазен! Калi-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкi.
Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы:
- Адпiхнi.
Лодка захiсталася. Славiк стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патылiцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць iх. Што за лiха! Нiколi яшчэ яму не хацелася так пацалаваць нiводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многiмi. Яна як бы адгадала яго намер.
- Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. Пасунулася на лавачцы, адхiлiлася ўбок. Але калi лодка, якую круцiла плынь, хiснулася, схапiла яго за руку, падтрымала.
Яна скiравала не ўнiз, а таксама ўверх i веславала лёгка, роўна, спорна. Славiк, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусiм сур'ёзна думаючы, як бы ёй адпомсцiць.
Але яна сказала проста, па-сяброўску:
- Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такi настрой!
- Ад чаго гэта?
- Не ведаю. Быў кансiлiум у Савiч. Сэрца яе ўсе прафесары прызналi нармальным. Цудоўная аперацыя! Антона Кузьмiча вiншавалi.
- А хто гэты Савiч?
- Гэты! Соф'я Савiч! Няўжо ты нiчога не ведаеш? - вельмi здзiвiлася Маша. - Табе Яраш не расказваў?
- Ты думаеш, я з Ярашам штодня п'ю чай?
- А бацька твой?
- Бацька заклапочаны, каб перавыхаваць мяне.
- О, я табе раскажу.
Яна павярнула лодку назад, унiз па плынi, i, амаль не вяслуючы, толькi накiроўваючы, каб не круцiла, пачала расказваць, што ведала, пра Зосю, пра яе бацьку, пра Яраша, Тараса. Славiк слухаў, як казку, без скептыцызму, удумлiва, забыўшыся на сваю крыўду i ўсе iншыя пачуццi. Калi яна дайшла да аперацыi, ён недаверлiва спытаў:
- Ты сама бачыла, як ён дабраўся да сэрца?
- Дзiвак! Я аперацыйная сястра. Ты ведаеш, што робiць аперацыйная сястра?
Ён засаромеўся свайго пытання.
Дзiўна, яе расказ не проста зацiкавiў хлопца. Ён неяк зусiм з iншага боку адкрыў яму самую Машу. Пры першай сустрэчы i цяпер ён глядзеў на яе як на незвычайную, па-свойму цiкавую i прыгожую, дасцiпную i вясёлую дзяўчыну, з якой прыемна правесцi час. Ён не ўнiкаў у сутнасць яе прафесii i ў самую сутнасць як чалавека, якi трохi больш пажыў i, безумоўна, значна больш пабачыў. Цяпер ён адчуў гэта, i ў яго з'явiлася павага да яе - такая, як да Яраша, да Тараса, да Галыгi, да ўсiх, хто меў цiкавую i карысную, на яго думку, для людзей прафесiю i цвёрдыя погляды на жыццё.
Машу здзiвiла, крыху спалохала i нават расчаравала, калi пасля катання Славiка быццам падмянiлi. Пакуль яна разлiчвалася i забiрала дакумент, ён стаў сур'ёзны да паважнасцi, рахмана-сцiшаны i ветлiвы. Можа, таму позна ўвечары, каля яе кватэры, яна не вырвала сваёй рукi i не абурылася, калi ён раптам на развiтанне сцiснуў яе тонкiя пальцы, нахiлiўся i пацалаваў iх.
Ёй упершыню быў прыемны такi пацалунак.
19
А на другi дзень ёй пазванiў Тарас. У бальнiцу. Яна толькi скончыла з хiрургам Лапацiнай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклiкала яе да тэлефона, амаль таямнiча паведамiўшы:
- Трэцi раз звонiць.
Маша падумала, што гэта Славiк, i пайшла незадаволеная, сярдзiтая, збiраючыся добранька прабраць яго.
Ды раптам зусiм другi голас, усхваляваны да невыразнасцi:
- Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас... Маша... Помнiце? Ну, Ганчароў.
Яна павiталася сур'ёзна, стрымана:
- Добры дзень, Тарас.
Ён ажно засмяяўся ад радасцi, што яна помнiць яго.
- Добры дзень, добры дзень... Маша! Вы прабачце. - I раптам выпалiў на адным дыханнi: - Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Ленiна. Сёння ў восем.
Яна анямела ад нечаканасцi. Успомнiла, што паабяцала Славiку сустрэцца з iм. Яна нiколi не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцалiся. I раптам два такiя хлопцы, розныя i цiкавыя! Каго ж выбраць? Адмовiцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на якi немагчыма дастаць бiлетаў? Не, не, не.
Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесцi Славiка? Яму можна пазванiць. Не, не трэба i званiць. Няхай паблукае па парку. У яго залiшне самаўпэўненасцi, хоць учора пад канец ён i быў сур'ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабiлася смешна, калi яна ўмiг уявiла, як Славiк будзе шукаць яе. Два днi, учора i сёння, быццам нейкi вясёлы чорцiк штурхаў яе на гарэзлiвыя ўчынкi. Пакуль мiльгалi гэтыя думкi, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.
"Хвалюецца... Няўжо хвалюецца?"
Адказала весела, гучна:
- Дзякую, Тарас. Я з прыемнасцю пайду з вамi. Дзе мы сустрэнемся?
Ён задыхнуўся ад шчасця:
- Дзе хочаце.
- На пераходным мосце. А палове восьмай. Добра?
Яна паклала слухаўку i вясёлымi вачамi пераможна агледзела сваiх калег маладога лекара i дзвюх сясцёр.
- Хто гэты Тарас? - спытала адна, старэйшая, замужняя i незадаволеная сваiм замужжам.
- Ярашаў сын.
- Антона Кузьмiча? О-о!
- Нiшто сабе!
- Цэлiш правiльна!
Маша засмяялася. Яна, напэўна, зарагатала б, каб ведала, што адбылося на заводзе.
Славiк з'явiўся на працу такi шчаслiвы, нiбы за ноч ён засвоiў усе таямнiцы зборкi i заняў месца брыгадзiра цi нават начальнiка цэха. Да гудка частаваў хлопцаў "Казбекам".
- Ого! Цi не атрымаў ты спадчыну? - пажартаваў Косця.
Славiк кiнуў Тарасу мiж iншым:
- Табе прывет.
- Ад каго?
- Адгадай.
- Што мне гадаць!
- Ад Машы.
- Ад той?
- Ад той.
- Дзе ты яе бачыў?
- Сустрэў на вулiцы. Яна пыталася пра цябе.
Ён не схлусiў. Маша сапраўды пыталася ў яго пра Тараса.
Косця адразу ж, як толькi адышлi ўбок, накiнуўся на свайго брыгадзiра:
- Ну што, не казаў я табе? А ты - вось. - Ён моцна i злосна стукнуў сябе кулаком у лоб. - Я ж бачыў, што яна не зводзiла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэцца! Аблавух! А яшчэ ў армii служыў. Памрэш ты халасцяком.
Тарас не крыўдзiўся i не адбiваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмi хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабiць?
- Ведаеш што? - не адставаў мiж тым Косця. - Я аддаю табе свой бiлет на сённяшнi канцэрт. Запрасi яе.
- Як?
- У дваццатым стагоддзi iснуе тэлефон, майстар. Калi ты баiшся, я пазваню ад твайго iмя.
Рэдка калi Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знiк да абеду на добрыя паўгадзiны.
У яго, як у намеснiка сакратара, быў другi ключ ад пакоя камiтэта камсамола. Падпiльнаваўшы, калi сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку i клаў назад, часам набраўшы тры лiчбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кнiжка i даведачная станцыя паведамлялi той жа нумар, па якiм ён званiў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калi нават слухаўку возьме i бацька, то ён усё адно папросiць паклiкаць Машу. Што тут такое? Бацька - гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвiшча дзяўчыны.