Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Маша, вярнуўшыся i ўбачыўшы сяброўку ў слязах, спалохалася. Але тая заспакоiла яе:
- Ды не, нiчога, Маша, слаўная вы мая. Я проста ўспомнiла. Мой бацька любiў Блока.
Пра бацьку яе Яраш забаранiў гаварыць. I Маша, каб нiчога не адказваць, наўздагад разгарнула томiк i пачала чытаць:
В сыром ночном тумане
Все лес, да лес, да лес...
В глухом сыром бурьяне
Огонь блеснул - исчез...
Опять блеснул в тумане,
И показалось мне:
Изба, окно, герани
Алеют на окне...
Адзiн верш, другi, i раптам убачыла, як азарыўся Зосiн твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкi. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знiк. Дзiўна. Ды iм перашкодзiла суседка: заплакала яна.
Усё адно Маша выскачыла з бальнiцы на вулiцу з надзвычай узнятым настроем. Свяцiла неспякотнае ўжо жнiвеньскае адвячоркавае сонца. Iшлi па вулiцы людзi, адны - павольна, другiя - спешлiва. Iмчалi аўтобусы, "Волгi" i "Масквiчы".
Маша любiла свой горад. Любiла гуляць у парку, якi лiчыцца найлепшым у рэспублiцы. Але адной усё-такi сумна. Каб сустрэць каго-небудзь вясёлага! Яна ўспомнiла Славiка. Яна думала пра яго i раней. I пра Тараса. Пра абаiх. Употай чакала, што хтосьцi з iх захоча сустрэцца з ёй.
Але хлопцы не праяўлялi iнiцыятывы. Славiк, безумоўна, несур'ёзны суб'ект, балбатун i нахабнiк. Але Маша не магла забыцца, як ён з першага позiрку захапiўся ёю. Нiхто яшчэ так адразу не захапляўся. Часцей за ўсё яна чула: "Глядзi, якое рыжоцце пайшло!" Гэта яе абражала. А вось Славiк, той адразу: "Вы ж незямная". А яна зямная, звычайная дзяўчына з палескай вёскi, i ёй, як усякай дзяўчыне, было прыемна пачуць такi шчыры камплiмент. Акрамя ўсяго, яна адчувала сябе вiнаватай - за аплявуху. Не такая ўжо яна "кiсейная паненка", каб так абражацца за яго дурную балбатню.
Так, ёй хацелася сустрэцца. Але дзявочы гонар не дазваляў ёй першай шукаць гэтай сустрэчы.
А тут ёй раптам захацелася зрабiць нешта незвычайнае, гарэзлiвае.
Паабедаўшы ў кафэ, яна пайшла ў парк. Размянiла ў прадаўшчыцы газiроўкi пяцiкапеечную манету, папрасiла "дзве па дзве". Шчыльна зачынiла дзверцы будкi аўтамата. Даведалася па 09 тэлефон Шыковiча.
- Ало! - пачулася ў трубцы. Яна пазнала голас Славiка i не адказвала.
- Ало! - крыкнуў ён. - Што? Правяраеш, цi ёсць хто дома? На жаль, браток, ёсць я, верны вартавы бацькавых мiльёнаў. I май на ўвазе - узброены атамнай пушкай. Але калi ты пазычыш мне пяць рублёў, мяне тут не будзе. Залазь, рабуй. Хрэн з iмi, з мiльёнамi!
Маша ледзь вытрымала, каб не зарагатаць ад гэтай Славiкавай тырады невядомаму абаненту. Праглынуўшы смех, яна пiскнула:
- Уладзiслаў Кiрылавiч!
- О-о! - Вiдаць, яго здзiвiў жаночы голас i такi нечаканы зварот. - Хм... сапраўды, гэта, здаецца, я - Уладзiслаў Кiрылавiч. Я слухаю вас.
- Адна ашоба чакае ваш каля ўвахода ў парк, - па-старэчы прашамкала Маша.
- Колькi ёй год, ашобе гэтай?
- Шэмдзешат.
- Самы мой любы ўзрост! - засмяяўся хлопец.
- Калi вы не будзеце праз пятнаццаць хвiлiн, многа страцiце, - сказала Маша звычайным голасам i павесiла слухаўку.
Славiк быў упэўнены, што знаёмыя дзяўчаты хочуць з яго пажартаваць. Але ён нiколi не баяўся апынуцца ў смешным становiшчы. Ён сумаваў у пустой кватэры, без грошай i ўзрадаваўся выпадку хоць чым-небудзь забавiцца. Праз дзесяць хвiлiн Маша ўбачыла яго на пляцоўцы каля ўвахода ў парк. Яна стаяла па той бок агароджы за кнiжным кiёскам i ўпотай назiрала. Ён iшоў павольна, засунуўшы рукi ў кiшэнi блакiтных штаноў. Трошкi насцярожана азiраўся. Прайшоў раз да варот i назад, заглядаючы спачатку ў твары дзяўчат, потым - пажылых жанчын, нарэшце i бабуль не стаў мiнаць.
Машу гэта смяшыла. На яе з цiкавасцю пазiралi: адна, а такi гарэзлiвы выраз яе твару, такiя чорцiкi ў вачах.
Так яна памучыла яго хвiлiн пятнаццаць. I толькi калi ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася i ён энергiчна рушыў у парк, яна пайшла насустрач на выхад. Iшла спешлiва, глядзела ўбок - на партрэты перадавiкоў вытворчасцi. Была ўпэўнена, што мiма яе ён не пройдзе. Сапраўды, хутка пачула яго радасны воклiч:
- Маша!
Яна спынiлася, зрабiла здзiўленыя вочы, нiбы не пазнавала яго. Ён працягнуў руку. Яна не падала сваю. Але Славiк не збянтэжыўся.
- Гэта ты званiла мне?
- Я званiла вам? I не думала! Многа ў вас самаўпэўненасцi, таварыш Шыковiч.
- Нейкая бабуля назначыла мне спатканне.
- То i чакайце вашу бабулю.
- На д'ябла мне яна! Я рады, што сустрэў... вас. - Славiк раптам страцiў сваю смеласць i не адважваўся казаць "ты". Тут яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым там, на дачы. Вельмi захацелася, каб Маша засталася з iм, пайшла ў парк. Няхай бы паглядзелi яго даўнiя сябры i пазайздросцiлi: якая дзяўчына з iм!
Але Маша глянула на ручны гадзiннiк так, быццам давала зразумець, што яна спяшаецца. Ён нясмела ўзяў яе за руку, каб утрымаць.
- Вы крыўдуеце на мяне? Я прашу прабачэння. Я не крыўдую на вас за аплявуху. Я гатовы атрымлiваць па аплявусе кожны дзень, абы быць з вамi. Хадзем пагуляем.
- Каб вы зноў сказалi якую-небудзь брыдоту?
- Клянуся. Я адкушу сабе язык, калi з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова.
Маша ўсмiхнулася. Усё-такi ён пацешны, гэты балбатлiва-галантны хлопчык. З iм не засумуеш. Гэта той вясёлы чалавек, якога ёй хацелася сустрэць пад свой сённяшнi настрой.
- Веславаць вы ўмееце? На лодцы пакатаеце? - неспадзявана для Славiка, весела i проста, як малая, спытала Маша.
Славiк не ўзрадаваўся, што яна згадзiлася. Ён пахаладзеў: у яго кiшэнi было ўсяго некалькi капеек. О, якiя эпiтэты паслаў ён у той мiг бацьку, якi не даваў яму цяпер нi капейкi. Ды i сяброў па брыгадзе ўспомнiў:
"Самi, чэрцi, па дзве сотнi калупаюць, а мне далi ў аванс вучнёўскiх пятнаццаць рублёў. Вось табе роўнасць i брацтва!.."
Ён ляпнуў далоняй па нагруднай кiшэнi сваёй моднай, навыпуск, жоўта-блакiтнай сарочкi.
- Чорт, я забыўся захапiць грошы. I дакумент.
Маша прыхавала ўсмешку, успомнiўшы яго прызнанне па тэлефоне ўяўнаму рабаўнiку.
- У мяне ёсць грошы, - паказала яна сумачку i пажартавала, нечакана перайшоўшы на "ты": - Я буду эксплуатаваць цябе.
- О, з вамi я згодзен плыць хоць да Чорнага мора. Вы былi б маiм сонцам i маяком.
- Пайшлi, - сказала яна. - А то на нас звяртаюць увагу.
Славiк толькi цяпер убачыў, што яны стаяць пасярод праходу ад плошчы да варот парку, што навокал многа людзей, i схамянуўся, што ён гаворыць залiшне гучна.
Чоўны былi ў разгоне. Прыйшлося чакаць. Маша аддала яму сумачку, скiнула басаножкi i хадзiла па мелi. Зайшоўшы глыбей, яна ледзь прыўзняла сукенку, i Славiк любаваўся яе прыгожымi каленямi з залатымi кропкамi радзiмак. Ён стаяў на беразе паважны, сцiшаны, з сумачкай у руках i з нейкiм салодкiм страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчылiна i праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлiвыя словы, якiя былi запасены там на ўсе выпадкi i якiмi ён вельмi спрытна ўмеў адгароджвацца i ад сур'ёзнага i ад смешнага. Ён падумаў, што сябры, напэўна, кпiлi б з яго, каб убачылi ў такiм стане - вартаўнiком дамскай сумачкi, нiбы ён верны муж суровай жонкi. Але адчуваў, што, каб Маша сунула яму ў рукi i басаножкi, ён з прыемнасцю трымаў бы iх, не баючыся нiякiх кпiнаў. Чаго не зробiш для такой дзяўчыны!
Яна пырснула на яго вадой. Ён адскочыў.
- Здымай чаравiкi!.. Закасвай свае модныя штаны i лезь у ваду. Так прыемна!
- Мы на лузе пакупаемся. Згода?
- Я без купальнiка.
Любой другой дзяўчыне ён, напэўна, адказаў бы: "Тым лепш". Або пачаў бы "фiласофстваваць": "Гэта ўмоўнасць. Чалавецтву пара выкiнуць сарамлiвасць, як шкодны перажытак мiнулага". А Машы ён не сказаў нi таго, нi другога. Не, не пабаяўся, помнячы аплявуху. Стрымала нейкае iнакшае, зусiм яшчэ не знаёмае яму пачуццё. Ён трохi ўжо пачаў злаваць на сябе за такую нязвыклую разгубленасць. З нецярпеннем чакаў чоўна i злаваў на ўсiх, хто праплываў мiма.
"Якога д'ябла без патрэбы плаваць? Вунь тумба якая! Яшчэ за вёслы села. Каб ты перакулiлася!"
Прыйшла маторка, i хвалi, пацалаваўшы Машыны ногi, пакацiлiся на пясок. Дзяўчына стала тварам да сонца, грацыёзна падняла рукi, папраўляючы капу залатых валасоў.
- Паглядзi, якi прыгожы адгэтуль чыгуначны мост. I лёгкi-лёгкi. Здаецца, можна ўзяць яго на рукi i панесцi. Табе не хочацца падняць яго?
- Не, мне хочацца ўзяць на рукi цябе.
Яна пагразiла пальцам.
- Дамовiлiся, што ты не будзеш крыўляцца. Я не люблю.
А ён зусiм не крыўляўся. Яму сапраўды ў той мiг нясцерпна хацелася падхапiць яе на рукi i панесцi ў невядомую даль, ад людскiх вачэй, дзе б яны маглi застацца адны.
Нарэшце яны атрымалi лодку...
Славiк, паказваючы сваю радасць i сiлу, адразу ад мастка так шырока замахаў вёсламi, што ледзь не ўрэзаўся ў другую лодку.
- Асцярожна! - упiкнула Маша, яна сядзела на карме. - I не туды. Туды, паказала ўверх па цячэнню. - Я ж сказала, што буду эксплуатаваць.
- А я хацеў да Чорнага мора.
- Не, лепш ужо да Балтыйскага. Вёрст трыста правалачэш па сушы. Так рабiлi нашы продкi. Яны былi сапраўднымi рыцарамi. Не тое што ў наш час.
Славiк, не дужа натрэнiраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасцi даволi моцнай плынi ракi. Павольна праплылi зарослыя кустамi чаромхi i калiны абрывы парку, няхiтрыя збудаваннi i дэбаркадэры прыстанi з закапцелымi стомленымi параходзiкамi каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымi таполямi, бялелi новыя дамы.