Владимир Орлов - Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)
Аднаго дня ў небе над пасёлкам з'явiўся пажарны верталёт, падобны да варанага рака з прапелерамi. Ён цягнуў на тросiку закручаны ў брызент лёгкi груз, што гайдаўся, быццам кiвач ад ходзiкаў. Верталёт скiнуў груз на падворку спецкамендатуры, i Ягаднае даведалася: пажарнiкi знайшлi на прасецы тое, што засталося ад пецярых зэкаў, якiя ў сакавiку рванулi на волю з недалёкай (у сiбiрскiх сумерах) зоны. Праляцеў почут, быццам пятага ўцекача таварышы бралi за "карову" - прасцей кажучы, каб па дарозе з'есцi. "Тайга - закон, медведь хозяин", - пракаментаваў падзею галоўны бугор хiмiкаў дзядзька Коля-масквiч з вытатуяваным на грудзях партрэтам Сталiна. Той дзядзька Коля, пра якога казалi, што ён жыве ў Сiбiры, чаргуючы зону з "хiмiяй", яшчэ з ваенных гадоў.
Увесь гэты час я марна выглядаў хiмiцу, з якой сустрэўся ў першы дзень. Яна нiколi не з'яўлялася нi сярод плявучых налётчыцаў у ваколiцах сталоўкi, нi сярод тых жанчын, што развешвалi на вяроўках памытую бялiзну сваiх уладароў або нешта гатавалi на цаглiнах. Нарэшце гаспадыня спеўнiка аб'явiлася сама.
"Эй, студент! - пачуў я аднойчы, цягнучы з Генiкам цяжкiя бляшаныя ношкi бетону. На сцежцы, засунуўшы рукi ў кiшэнi, пругка пераважвалася з пяткi на насок чароўная мацюкальнiца. - Пошли покурим, - з насмешлiвым выклiкам прапанавала яна i супакоiла: - Не боись, я нынче хорошая". Я не баяўся, бо адчуваў, што той, першы раз памiж намi праскочыла iскра, пасля якой ужо не ўчынiш адно аднаму анiякага кепства.
З цёплага пляскатага каменя на высокiм беразе было вiдно, як далёка ўнiзе паўзла па Кецi баржа-самаходка, i я падумаў, што, магчыма, на такой вось баржы сорак гадоў таму везлi на смерць майго галоднага завашыўленага дзеда Максiма.
Чамусьцi некаторыя людзi маюць схiльнасць расказваць мне свае гiсторыi.
Недзе на Васiльеўскай выспе бегала ў школу i ў лiтаратурную студыю дзяўчынка Iрына, якую ў дзесятым класе на школьным вечары ў гонар дня нараджэння камсамола запрасiў на танец незнаёмы юнак Юра, што адрэкамендаваўся фiлосафам.
У кiшэнях у фiлосафа вялiся грошы, i ён засыпаў Iру кветкамi i закармiў у кавярнях марозiвам i яе ўлюбёнымi вяршкамi з курагой i арэхамi, якiя было смачна запiваць светлым сухiм вiном. Потым адбыўся паход у славуты пiцерскi "Норд", адкуль яны паехалi да Юры. Калi таксоўка везла Iру дадому, а Юра трымаў яе за руку, слёзы на вачах ужо высахлi i сэрца цвiло ад радасцi, якая называлася: "Я - жанчына!"
Накрэсленая фiлосафам Юрам будучыня сваёй прастатой i яснасцю нагадвала план школьнага сачынення на тэму "Пячорын - лiшнi чалавек". Пункт 1. Унiверсiтэцкi факультэт фiлалогii. Пункт 2. Вяселле пасля першага курса, таму што болей Юра ну нiяк не зможа чакаць... Маме пакуль, вядома, нi слова.
Iрынiна мама нi пра што не здагадвалася i здзiўлялася, што заняткi ў лiтаратурнай студыi зрабiлiся амаль штодзённымi.
Пад Новы год у Юры быў дзень нараджэння. Iра ўпотайкi ад мацi здала ў "Букiнiст" пару дарэвалюцыйных кнiжак i доўга хадзiла па крамах, бо разумела, што фiлосафам нельга дарыць банальных падарункаў. Яна выбрала жоўта-зялёнае кашнэ, а ў заалагiчным магазiне купiла такое ж масцi чыюка i пачала вучыць яго словам "Сакрат" i "Гераклiт". За тыдзень, што заставаўся да Юравага дня нараджэння, попка навучыўся даволi чыста вымаўляць "Гера", а заместа "Сакрат" вiсклiва крычаў "Укралi". На горад падаў iскрысты снег, i жыццё нагадвала зiмовую казку.
Пару наступных старонак празмерна далiкатныя натуры могуць прапусцiць.
Фiлосаф Юра таксама падрыхтаваў Iрыне падарунак. Пасля некалькiх келiхаў шампанскага каханы сказаў, што, калi ён сапраўды дарагi ёй, Iра павiнна аддацца кожнаму з яго запрошаных сяброў. Яна не дала веры вушам, ускочыла, каб уцякаць, ды ногi не слухалiся - вiно выканала сваю ролю. А мо i не толькi вiно, бо яе агарнула такое пачуццё, быццам усё, што робiцца, адбываецца не з ёю, а з яе двайнiком, з Iркаю No 2, а яна, Iрка No 1, глядзiць на гэта адкульсьцi з-за гронкi крышталёвых вiсюлек люстры.
Юра пранiклiва, як гiпнатызёр, казаў, што ягоныя сябры - людзi шырокiх поглядаў, што ўсе яны надзвычай прыстойныя i глыбокiя натуры, што пра гэты вечар нiхто i нiколi не даведаецца, затое за колькi гадзiнаў яна набудзе сексуальны досвед, на якi iншым спатрэбяцца гады...
Глыбокiх натур на дзень нараджэння завiтала трое. Каб высветлiць, хто першы пачне надзяляць Iру сексуальным досведам, яны выцягнулi з калоды па карце. Юра дэмакратычна цягнуў з усiмi на роўных; ён дастаў кралю i апынуўся ў чарзе астатнiм. Iрыне далi яшчэ выпiць; далей свядомасць дзейнiчала ўжо са збоямi: нехта як быццам то зашморгваў, то адшморгваў перад вачыма чорную запавесу. У адным прасвеце яна патрапiла запомнiць Юру, якi, стоячы над канапаю, цэлiўся ў яе з фотаапарата. У другiм убачыла, як госцi зноў цягнулi карты, прычым адразу двое ўзялi тузоў, i Юра сказаў, што абодва маюць роўныя правы, а таму зараз яна даведаецца нешта новае...
На ранiцу Iрка прачнулася ў абдымках у Юры. Ён адразу налiў ёй келiх шампанскага, а потым яшчэ адзiн. Ён быў, як заўсёды, пяшчотны i ўважлiвы, цалаваў яе ў нос i ў макаўку i ўгаворваў лiчыць усё ўчарашняе сном. Яна кахала Юру, а таму пагадзiлася: так, гэта сон. Ёй уявiлася, што Iрка No 1 вярнулася ўчора з-за крышталёвых вiсюлек дахаты i сёння пайшла ў школу. Яна ж, Iрка No 2, працягвае ёй снiцца i ў гэтым сне дазваляе Юру абдымаць сябе i называць ранейшымi ласкавымi iмёнамi, з ледзяной яснасцю разумеючы, што сама ўжо не пойдзе нi ў школу, нi дадому.
Да вясны яна жыла ў фiлосафа Юры, амаль не выходзячы з ягонае аднапакаёўкi, каб не нарвацца на знаёмых. Вечарамi, цыкаючы на жоўта-зялёнага чыюка, наструнена прыслухоўвалася да крокаў на лесвiцы, баючыся, што Юра не прыйдзе. Ды ён нязменна вяртаўся i прыносiў не толькi вiно, але раз-пораз i кветкi.
Вясна зрабiла фiлосафа задуменным i прыдзiрлiвым. Аднойчы Iрка выключыла ў ванным пакоi дожджык i пачула, як Юра прыцiшаным голасам са знаёмымi цёплымi iнтанацыямi запрашае нейкую жанчыну да сябе на дзень нараджэння. Якi сцэнар меўся быць гэтым разам, Iра не даведалася. Выслухаўшы яе слязлiвыя папрокi, Юра вытрас з чорнага канверта з-пад фотапаперы здымкi з мiнулага дня нараджэння, што святкаваўся тры месяцы таму. "Ты что, блядушка, из себя целку строишь? - крычаў ён. - Полюбуйся, полюбуйся на девочку Иришу. Вот она, между прочим, не с Юрочкой любимым, а с Сергеем... а у нее на личике невинном что нарисовано? Нет, господа присяжные заседатели, не ужас, не отвращение. Наша девочка глазки от сладости закатывает..."
Колькi дзён Iрка начавала на вакзале, дзе яе спрабавалi згвалцiць двое хлапцоў з багажнi. На трэцюю ноч яна даядала пакiнутыя на фольгавых талерачках кавалкi хлеба, i яе проста ў буфеце пачало ванiтаваць.
Галодная i хворая на грып, яна, як пабiты сабачка, прыцягнулася назад да Юры. Цяпер усялякiя сантыменты скончылiся i iхняе жыццё сапраўды пачало нагадваць стасункi памiж гаспадаром i сабакам. Ён кармiў яе, часам браў да сябе ў ложак, наводлiў бiў жалезным эспандэрам, калi яна адмаўлялася выконваць яго мужчынскiя каманды, i нават выгульваў - цягаў за сабою па фарцовачных клопатах, ужо не хаваючы, што ягонымi фiласофскiмi штудыямi быў гандаль джынсамi i кружэлкамi.
Юра ўпiваўся сваёй бязмежнай уладаю над ёй. Калi ў часе супольных выхадаў у горад яму хацелася жанчыны, "фiлосаф" не чакаў вяртання дадому: у каго-небудзь у кватэры ён, перамiргнуўшыся з гаспадаром, вёў Iрку ў другi пакой цi ў кухню, а на вулiцы - заводзiў у блiжэйшы пад'езд i, расшпiлiўшы на джынсах маланку, нагiнаў Iрчыну галаву.
Улетку, калi, паводле шчаслiва-бесклапотнага зiмовага плана, Iрына мела здаваць iспыты на фiлалагiчны факультэт, абмежаваная адно межамi ўласнае фантазii ўлада над дзяўчом конча набiла Юру аскомiну i ён прывёў да сябе нейкую Веру, а свайго "сабачку" выгнаў на вулiцу, уручыўшы "на обзаведение хозяйством" 10 рублёў 50 капеек i клетку з чыюкам. На адвiтанне Iрына яшчэ мусiла заняцца з фiлосафам любоўю, а прысутная пры гэтым Вера ўпэўнена дастала з шафы фотаапарат.
Я слухаў i намагаўся ўявiць, як папярэднiца гэтай сённяшняй пракуранай навылёт хiмiцы, ленiнградская дзяўчынка Iра, без пяцi хвiлiн медалiстка, чытала на пасяджэннях лiтаратурнай студыi свае верлiбры, абмяркоўвала опусы раўналеткаў i называла антыпаэтычным верш аднакласнiка "Девочки на танцах", дзе былi радкi: "Коленки всё, коленки всё, коленки, а между ними сердцу так тесно".
На вулiцы Iрку падабраў Жора на мянушку Кот, якi меў жывое i карае левае вока i шкляное i блакiтнае правае. Жора быў шчодры, але два падарожжы на зону ў Мардовiю (недзе там у халодным месяцавым святле сябры i прайгралi ў карты ягонае вока) дарэшты пазбавiлi Ката ў адносiнах з жанчынамi ўсякай абыходлiвасцi, i самым ласкавым, што чула Iрка перад хвiлiнамi блiзкасцi, былi адрывiстыя загады накшталт "Ложись!" або "В стойку!". Калi Жору забралi трэцi раз, яна праходзiла па справе сведкай, а потым скарбовым коштам прыехала на "хiмiю", дзе i занялася складаннем спеўнiка, што трапiў да маiх рук у дзень прыезду.
Калi Iрка замаўчала,на плыўнай рачной лукавiне паказалася лава сплаўнога лесу, аднак цяпер я не ўспамiнаў дзеда Максiма. Я глядзеў на тонкiя Iрчыны шчыкалаткi i прыцэўкi, думаў, наколькi яна прыгажэйшая за маленькую Вiку, i не верыў нi ў Жору-Ката, нi ў фiлосафа Юру, што мог завесцi яе на Лiцейным у першы-лепшы пад'езд i расшпiлiць на сваiх джынсах маланку. У закутку душы шкрэблася спадзяванне, што ўсё гэта з разраду туфты, якой кармiлi нас прыблатнёныя ягаднiнскiя падлеткi.