К Акула - За волю (на белорусском языке)
У 1952-м годзе на канадыйскiм баку Нягары 5-га i 6-га лiпеня Беларусы ЗША й Канады зарганiзавалi першую Сустрэчу Беларускай Моладзi Паўночнай Амэрыкi i сьвяткавалi Купальле. Прысутных вiтаў, як пiсала газэта "Беларускi Эмiгрант", i "надзвычайны паўнамоцны першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi ў ЗША, спадар Янка Чарапук-Змагар". Гэткiм чынам змагары за незалежную Беларускую Народную Рэспублiку, што вялi вызвольную працу ад часу ўстанаўленьня БНР 25-га Сакавiка ў Менску, цяпер, на амэрыканскiм кантынэньце, перадалi сымбалiчны сьцяг таго змаганьня беларускай моладзi, якая пасьля апошняй вайны тут пасялiлася. Гэнае сьвята Купальля, з удзелам старэйшых векам суродзiчаў i шматлiкае колькасьцi моладзi, дало пачатак наступным сустрэчам Беларусаў Паўночнай Амэрыкi, што пачалi адбывацца раз на два гады ў Канадзе або ў ЗША. Прысуседзiлi сустрэчы, - каб усiм было выгадна й часу хапала, - да таго-ж самага Лебярдзея, значыцца на канец тыдня, каторы той Лебярдзееў панядзелак папярэджваў.
Сёлета чарговая такая сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкi мае адбыцца ў Радфардзе, - прыгадаў Алесь Якiмовiч. I вось што... Чаму-б на ёй ня выдумаць нешта новае супраць гэтае камунiстычнае поскудзi? На гэткiя сустрэчы звычайна зьбiраецца маса суродзiчаў ня толькi з Амэрыкi, але бываюць i госьцi зь iншых кантынэнтаў сьвету, дзе ёсьць дзейныя i зарганiзаваныя беларускiя нацыянальныя асяродкi. Чаму-б сёлета на сустрэчы суродзiчаў Паўночна-амэрыканскага кантынэнту не пачаць добра заплянаванай контратакi супраць бальшавiцкае агентуры з Усходняга Бэрлiну?
29
Апошнiмi часамi Веры спакваля пачало падабацца адзiноцтва. Магла чытаць, нiхто не перашкаджаў. Сяброўка на кватэры, Нiна Ляскiн, пiльнавала яе, распытвалася заўсёды - хто, што, дзе, калi i як? - пэўне-ж зь нейкай мэтай. Веру квялiла гэта. Нават забаўлялася думкай, што цi ня лепш выбрацца адсюль. Тымчасам адно разважала.
Цяпер яна выгадна выцягнулася на канапе, ськiнула з ног рудыя шлёпкi-макасыны, з задаваленьнем агледзела прыгожа загарэлыя лыткi ды зноў пачала жваць сырую моркаўку. Ззамоладу любiла сырую гароднiну. Цяпер лянiвым рухам левае рукi разлажыла малую ўсходня-бэрлiнскую газэтку побач на кафейным столiку, акiнула зрокам першую бачыну. Нiчога тут цiкавага. На трэцяй бачыне з правага верхняга кута паглядаў на яе... Не, ня можа быць! Але, запраўды ён, Алесь Якiмовiч. Дзяўчына, каб ужо зусiм упэўнiцца, амаль што носам у тую бачыну ткнула. Так, ён, - сумлеваў няма, - Алесь Якiмовiч, ейны дарлiнг!
Недажваны кавалак морквы засеў у роце, гарачыня ўдарыла ў галаву, калi вочы спынiлiся на загалоўку: "Заядлы фашыст, здраднiк радзiмы". Калi дзяўчына, затрымаўшы дыханьне, пачала чытаць паклёп на ейнага "дарлiнга", рот зноў пачаў варушыцца, а зубы - жваць той кавалак морквы.
"Старажылы зь вёскi Бярозаўка Акцябрскага раёну Мiнскай вобласьцi, чытала Вера, - прыпамiнаюць нявыгляднага але жулiкаватага падлетка, каторы, бывала, круцiўся, шныраў па калгасных пунях, хлявох i майстэрнях, набiваў руку пры ўломах. Малады злодзей выказаў у гэтым накiрунку дабротныя здольнасьцi. Маладая ў яго раёне савецкая ўлада, пасьля вызваленьня Захадняй Беларусi спад ярма панскай Польшчы, дала магчымасьць яму вучыцца. Але калгасьнiкi ведалi, што гэты абiбок анi да навукi, анi да працы не цягнуў. Празвалi яго "злыдзень" i час паказаў, што гэта слова дакладна акрэсьлiла накiрунак характару маладога нiкчэмнiка".
"Калi гiтлераўскiя фашыстоўскiя армii ўварвалiся ў савецкую радзiму, калi чэсныя савецкiя людзi ўзялiся за зброю, каб гераiчна змагацца зь ненавiснымi акупантамi, Алесь Якiмовiч, - сын кулака i ворага народу, падаўся ў настаўнiцтва, каб атраўляць савецкiх дзетак фашыстоўскай прапагандай i нянавiсьцю да свайго народу. Мала таго. Гэты злодзей уступiў у беларускую нацыяналiстычную фашыстоўскую банду i сам не адну пару падноскаў стаптаў па дарозе ў гiтлераўскае гэстапо. Жыхары з рэгiёну, дзе дзейнiчаў гэты фашыстоўскi халуй, могуць назваць многiх выдатных патрыётаў савецкай радзiмы, якiх па даносах Алеся Якiмовiча вымардавала гiтлераўскае гэстапо.
Калi-ж фашысты пастанавiлi лiквiдаваць жыдоў з Гарадоцкага гэтто, калi дзьве жыдоўскiя сям'i скрывалiся ў суседняй вёсцы, нядоўга яны жыцьцём цешылiся. Гэты крывавы здраднiк выдаў iх германскiм фашыстоўскiм катам i таксама выявiў савецкiх людзей, каторыя жыдоў скрывалi. Усе яны ляглi ў агульнай магiле.
Удалося вырадку Якiмовiчу ўцячы ад помсьлiвых рук савецкiх партызанаў, а пры вызваленьнi Беларусi ад германскага фашызму гэты мацёры злодзей i гэстапаўскi даношчык пайшоў разам са сваiмi гаспадарамi на захад. Цяпер ён у Канадзе. Знайшоў там новых паноў, каторыя планiруюць будучыя агрэсii супраць нашай сацыялiстычнай радзiмы. Мы папярэджваем усiх нашых суайчыньнiкаў у Канадзе: сьцеражыцеся гэтага здраднiка, фашыстоўскага агента i гэстапаўскага даношчыка, на руках якога нявiнная кроў савецкiх патрыётаў. Ён цяпер служыць сваiм новым паном у ЦРУ, вядзе агiдную прапаганду супраць савецкай радзiмы i гераiчнага беларускага народу. Ягоны адрас: 97 Бэйсбал стрыт, Радфорд, Ант., Канада".
Вера палажыла газэтку i ўстала. Круцiлася галава. Яна зьбянтэжылася, узлавалася. Боль, быццам-бы ёй хто ножам у сэрца ўкалоў. Да гэтага часу яна ведала iншага Алеся Якiмовiча: лагоднага, ветлiвага, дбайлiвага, каханага, разумнага. Цi запраўды ён мог быць крымiналiстам, якога намалявалi ў газэтцы?
Два разы прасiла яго расказаць што рабiў у часе вайны. Чаму ён адмовiўся? Няма дыму без агня... Дык вось якi ён, гэты Алесь Якiмовiч. I як яна магла так памылiцца, будучы ў абдымках гэтага чалавека, аднойчы нават гатовая аддаць яму сваю дзявочасьць?
Не, тут нешта ня тое. Нейкая дэталь у цэлым не пасуе. Цi ня лепш спытацца Алеся, паказаць яму газэтку? А можа ня трэба? Цi-ж не хапае слова Капшуна й артыкулу ў газэтцы? Чаму iм ня верыць? Толькi таму, што яна любiць гэтага дзяцюка? Марксiст, якога рознага маштабу палiтрукi "прапiсалi" некалi ў Верына сумленьне, дакараў цяпер яе за розныя сумлевы, прыгадваў ёй, што змагары за сацыялiстычную справядлiвасьць i будучы сусьветны камунiзм ня могуць матываваць свае паступкi пэрсанальнымi iнтарэсамi; партыя зьяўляецца крынiцай усяе мудрасьцi, ёй трэба сьлепа падпарадкоўвацца. Партыйныя догмы, як i рэлiгiйныя, - нязьменныя i максымальныя ў сваёй далёказорнай справядлiвасьцi. Так, да, да. Абрыўкi цi адной такой марксiсцкай догмы якраз цяпер "наносiлi вiзiты" ў галаву зьбянтэжанай дзяўчыны. Перамагае iнэрцыя, прадаўжаецца "шэсьце пад сонцам" i гэтак далей... Вера ўжо гатовая праклiнаць Алеся i быць задаволенай, што кагадзе зрабiла Капшуну дакладную справаздачу пра "фашыста" Шпака.
30
Цяжкая ноч. Вера кiдалася на ложку, нiяк не магла заснуць. Нiколi ў сваiм жыцьцi ня ўжывала на сон таблетак. Перайшла спаць на канапу. Пад ранiцу заснула. Ранiцай пераконвала Нiну, што ўсё ў парадку, але тая не паверыла ёй. Ды роспыты нiчога не памаглi. Дзяўчына наракала на боль галавы, узяла пару таблетак асьпiрыны. Нiна параiла ёй быць дома. Калi-ж Нiна скрыпнула дзьвярмi, Вера пастанавiла iсьцi на працу й проста паставiць перад Алесем галоўнае пытаньне.
Дзень цягнуўся надта марудна, Вера не магла сканцэнтравацца, забывалася што рабiла, нэрвавалася, дрыжэла. Цяжка было ёй справiцца з самымi простымi заданьнямi, усё з рук падала. Калi Алесь сустрэў яе з шырокай i прыязнай усьмешкай на сваiм твары ды спытаўся чаму яна такая бледная i невясёлая, дзяўчына спыталася ў яго, цi можна зь iм пагутарыць пра нешта вельмi важнае. Алесь прыабяцаў пабачыць яе ў сваёй канторы пры канцы дня.
Калi Вера адчынiла дзьверы, Алесь устаў, папрасiў яе сесьцi.
- Слухаю цябе. Што за праблема? - спытаўся з манерай начальнiка. - Цi не падабаецца табе наша праца або плата? - усьмiхнуўся.
Бяз слова, Вера выцягнула з сумачкi завяртанскую газэтку, разгарнула там, дзе пiсалi пра Алеся i палажыла на стол.
- Што гэта такое? - зморшчыўся Якiмовiч. - Адкуль ты яе дастала? Алесь зрабiў нацiск на "ты".
- Па пошце, - суха адказала дзяўчына.
- Так выглядае, што яны сваiм хламам усiх забясьпечваюць, - спакойна тлумачыў Алесь. - Калi цябе цiкавiць, дык магу сказаць, што гэтай сваёй чалавеканенавiснай прапагандай яны закiдваюць нашых суродзiчаў па цэлай Канадзе i iншых краiнах вольнага сьвету. Ня так даўно я пайшоў тут у адну ўстанову й пытаўся, што можна зрабiць, каб спынiць гэту камунiстычную поскудзь... Гм... Нават табе прыслалi. Не магу сказаць, што гэта для мяне неспадзеўка.
Алесь гартаў газэту так, быццам увага яго была недзе далёка, на нечым зусiм iншым. Другi раз зiрнуў на сваю здымку зусiм абыякава. Зьдзiўленая Вера не магла адгадаць, чаму ён мог так спакойна паглядаць на сваю здымку й там-жа пра яго напiсанае. Што значыць "пайшоў тут у адну ўстанову"?
- Гэта што пра цябе тут напiсалi, - тлумачыла Вера, - што можаш пра гэта сказаць?
- Што я маю сказаць? - спытаўся Алесь з такiм зьдзiўленьнем, як быццам такога пытаньня i быць не магло. - Дзяўчо ты, маё дарагое! Верачка, мая мiлая! Прачытаў я гэтую лухту ўчора i ня мог устрымацца, каб добра не парагатаць. А чаго-ж iншага ад iх чакаць? Ты не разумееш, што гэта крывадушная маскоўская хэўра якая вымардавала мiльёны людзей, да сорак першага году памагала Гiтлеру, цi, - як яны гаварылi, - "нашаму саюзьнiку вялiкай Германii", заваяваць амаль усю Эўропу. Гэтая крывадушная маскоўская хэўра хоча, каб мы тут у вольным сьвеце змоўклi. Мы - голас паняволенага народу, каторы яны й цяпер вынiшчаюць у канцлягерах, мы стаiм за народ, каторы мае здабыць i здабудзе сваю незалежную беларускую дзяржаву. Маскоўская бальшавiцкая мафiя таму й змагаецца з намi, выдумляе пра нас усё найгоршае, што ёй загадвае амаральная бальшавiцкая антынародная палiтыка. Дык i чаму я маю не парагатаць? Я ведаю ахiлесаву пятку маскоўскiх забойцаў. Ведае яе i Шпак i многiя iншыя з нас. Таму яны хацелi-б нас лiквiдаваць, бо мы замiнаем iм на дарозе адурманьваньня чэсных i добрых людзей сваiмi iлжывымi марксiстоўскiмi догмамi пра той камунiстычны pie in the sky... хлусьню пра камунiстычны рай на зямлi. Цьфу, гадаўё!