Вячеслав Адамчик - Дзень ранняе восенi (на белорусском языке)
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Вячеслав Адамчик - Дзень ранняе восенi (на белорусском языке) краткое содержание
Дзень ранняе восенi (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Адамчик Вячеслав
Дзень ранняе восенi (на белорусском языке)
Вечаслаў Адамчык
Дзень ранняе восенi
Яны iшлi ўдвух выкатанаю нячутна-пругкiмi веласiпедамi сцежкаю ля шэрых нямогла нахiленых да вулiцы платоў. Стаяла лета, блiзкае да восенi. Можна было ўжо есцi яблыкi. Быў спас: дробна i весела званiлi ў белай царкве, што стаяла на грудку сярод мястэчка i была вiдаць адсюль, з прымесця. За царквою, за густа-цёмным навалам прысад, хаваўся раймаг, таксама белы. Яны iшлi туды: там недзе было людна, гармiдарна, густа, у нешта адно мяшалася людская гаворка. На плошчы перад царквою лёгка патрэсквалi i траслiся па бруку чырвона-слiзкiя "Явы" з каляскамi; ад ветравога шкла, суха мiльгаючы, адсвечвала сонца.
А тут была цiшыня, бязлюднасць i пустая вулiца. Цёмна цвiлi пад нечымi глухiмi вокнамi чырвоныя вяргiнi.
Яны iшлi ўдвух: бацька - высокi мужчына, чырвона-здаровы ў твары, у карычневым касцюме з шырокiмi, не па-цяперашняму, штанамi, i сын - востры плячыма i худы, як хрушч, падлетак у выцвiлай кепцы з пераламаным брылём i ў вялiкiх чаравiках.
З нечага падворку высунулiся i наглядзелi iм услед, цвёрда расставiўшы ногi i цяжка склаўшы на нiзкiм жываце рукi, дападныя бабы ў белых, насунутых на лоб хустках. Яны ведалi ўсё, мусiць, яшчэ з учарашняга вечара, калi ў самую крайнюю хату, да Iвана Ходаса, за якой пачыналiся неабгароджаныя, з павыварочванымi плiтамi жыдоўскiя могiлкi i быў канец горада, прыйшоў гэты падлетак.
...Быў сiнi прыцемак, цёпла жаўцелi за сполахам цiхага бэзу чужыя вокны.
У хаце вячэралi. Горка пахла i рэзала ў вочы свежа нашаткаваная капуста з алеем. Ад маладое празрыстае картоплi вiлася i мяшалася сырая пара. Над параю трасла, разганяючы яе, скрылiкам замучанага вялага сала чарнявая дзяўчынка з тоненькай белаю шыяй. Круглы тварык яе слiзка блiшчаў ад тлушчу.
Ходас сядзеў нiзка на табурэтцы, шэраю, глухою спiнаю да дзвярэй, i нават не павярнуўся. Гаспадыня, круглая ў плячах, у абвiслай, няроўнай у падоле, сукенцы, гладканогая, зачынiла за хлопчыкам дзверы, перастала жаваць i спытала:
- А ты да каго ж?
Валасы яе, рыжыя, сабраныя недзе ззаду, на патылiцы, у тугi вузел, адсвечвалi мяккаю жаўцiзною золата - i хлопчык, жаласна шкадуючы, падумаў, што яна прыгажэйшая за маму, зморшчаную, худую ў твары, з тонкiм ротам, некалi таксама прыгожую, маладую на фатаграфii з тым салдатам, валасы ў якога гладка зачэсаны i блiшчаць, нiбы змочаныя вадою.
Шырокая глухая спiна павярнулася, i хлопчык убачыў твар, толькi не гэтакi смутна-мяккi, як на фатаграфii, а сiнявата-няголены, вялiкi i жывы, з ямачкай над пераноссем, нiбы хто там выцiснуў чым вострым. I ён успомнiў, што казала мама: "Ён харошы, твой бацька..."
- А чый жа ты будзеш? - спытаў ён, бацька, цяпер у невайсковым: у шэрай рубашцы, з вялiкай ад мазуту плямай на грудзях, што, пэўна, не адмывалася.
- Аксенiн... - Хлопчык сцягнуў з галасы шапку, мусiць, успомнiўшы тое, што дома казала мама, стоячы ля прыпека, у чырвоным споласе агню, калi ўчора вечарам грэла яму ваду.
На стале клейка блiшчала цырата. Ходас выцер аб край цыраты рукi i паклаў iх на каленi.
- То ўзяў бы ручнiк, - сказала гаспадыня i неяк бокам падступiлася да вёдраў, падняла руку, белую спаднiзу, - на цвiку на сцяне вiсеў чысты выгладжаны ручнiк, але не знала: муж недзе далёка глядзеў сабе пад ногi i нiчога не бачыў.
- Якое гэта Аксенi?
- Ну, Петручковае... - Хлопчык павёў вачыма сабе за плячо, мусiць, недзе там шукаючы ратунку.
Ходасава рука шорстка папаўзла па назе ўверх, у кiшэню. Ходас закурыў, жмурачыся, зацягнуўся.
- Гэта з Моладава, цi што?
- Ыгы.
Цяжка ўпаў i востра зазвiнеў на падлозе пад сталом жалезны вiдэлец скiнула дзяўчынка.
- Гэта ж во адтуль, дзе ты служыў у войску, - невядома чаму зарадавалася жонка, прымошчваючыся на лаве, каля стала, i беручы пад пахi дзяўчынку да сябе на каленi.
Ходас устаў, хiстаючыся, дастаючы галавою да столi.
- А да каго ж ты прыехаў?
- Да вас. - Адтапыраныя вушы ў хлопчыка чырванелi i тонка свiцiлiся. Мама казала, што вы мой бацька.
Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню i пайшоў да дзвярэй, наступаючы на адну ўсё дошку: яна гнулася i рыпела пад лiштвою, каля перагародкi. Жонка глядзела недзе мiма, на чыстыя белыя дзверы, пафарбаваныя iм учора, i, пэўна, бачыла тую цiхую чарнату, што была там, за белымi дзвярыма ў пустых сенцах. У яе з каленяў нячутна спаўзала дзiця, i яна раптам падхапiла яго.
- А як жа цябе завуць? То садзiся вячэраць...
- Ванька.
Яна няўпэўна, як пасля вiна, паднялася i, сiнеючы ў губах, пайшла з дзiцем на руках да белае печы. Недзе ў пячорцы холадна i востра зазвiнелi нажы i вiдэльцы.
- То на выпадак чаго можа бутэльку... - сказаў ён, квола i нямоцна ўсмiхаючыся.
Яна маўчала, цяжка абярнуўшыся да яго плячамi.
Iрванаю дзяружкаю на сцежцы калыхаўся цень: ад маладое грушы за плотам. Цесна павязаны пучкамi, на вострым частаколе ветраў насенны кмен. У глыбiнi нечага падворку стракаталi i мiльгалi белым воллем у нерухомым вiшняку быстрыя сарокi.
Хлопчык iшоў наперадзе, мiльгаючы парэпанымi, як у лусцэ, нагамi.
"Якi ён вялiкi, - нешта цёплае, абамлелае падкацiлася Ходасу пад грудзi. - I калi гэта я хадзiў да Аксенi? Дванаццаць год... А як учора..." - i раптам у яго перад вачыма гэтая вулiца, зелянiна гародчыкаў змяшалася з тым далёкiм i гэтак нечакана выразным, нiбы ўсё было ўчора.
Была вось гэтакая пара, блiзкая да восенi, калi ў садах пачынаюць цяжэць яблыкi, а скрозь па вёсках пяюць нядужыя, маладыя пеўнiкi, яшчэ не ўзлятаючы на плот. Быў гарадок з белымi атынкаванымi хаткамi ў цёплым сасняку. На стрэхах, на зялёнай гонце прэла нацярушаная iглiца. На вулiцы пад нагамi мякка качалiся леташнiя растаптаныя шышкi. Над галавою ў хвойках трашчалi сухiм галлём сытыя гракi, укладваючыся нанач, i трывожна-рэдка крычалi ў густой цемнаце. Гэта пазней. А перад тым як пачынала шарэць, з раптоўным шумам абсядалi старую таполю, што стаяла недалёка ад iхняй часцi, каля вакзала. У часцi салодка пахла дымам ад блiзкiх чорных паравозаў i было чуваць, як цяжка лязгалi мяккiм жалезам буферы, калi паравозы падавалiся назад, каб зрушыць з месца.
Чорныя паравозы беглi за Моладава, туды, куды ён, Ходас, кожнае нядзелi хадзiў на вечарынку. У Моладаве жыла i соладка мучыла яго раздабрэлаю дзявочай чысцiнёй Аксеня.
Ад Iвана Ходаса холадна пахла трайным адэкалонам i на нагах блiшчалi сабраныя ў гармонiк хромавыя боты, калi ён падыходзiў да сяла. Ля рэдкага цвiлога частаколу, туга нацягнуўшы на каленях спаднiцы i пахаваўшы пад лаўку босыя ногi - мусiць, ад камароў, - сядзелi моладаўскiя дзяўчаты. Хлопцы недзе пiлi i паiлi музыканта. Дзяўчат весялiў прасцякаваты, няхiтры, прыгожы ў твары конюх Мiкiта.
Iван Ходас стаяў зводдаль, бачыў, як шчаслiва саромелася i мякка хавала ад яго свае вочы Аксеня. Горача чырванела i на вечарынцы, калi iшла з iм у танец. Цiха-радасна нагiнала галаву; валасы яе пахлi далёкаю ласкава-зялёнаю мятаю. I толькi праваю рукою праз нячутную блузку ў белыя ёлачкi, ад якiх балюча кружылася ў вачах, Iван Ходас адчуваў яе ўсю, сарамлiва i стомлена паслухмяную.
Да Аксенi хадзiў Мiкiта, i ёй было сорамна перад людзьмi, перад сабою, перад Мiкiтам: казала, быў у сватах, з паўтараком, з боханам хлеба ў ручнiку, i яна сядзела за сталом, пiла i ўсё яшчэ не заплацiла за гарэлку. А Мiкiта на нешта спадзяваўся: ленавата i моцна абдымаў дзяўчат, а Аксенi паблажлiва i стрымана старанiўся. I няхiтра-затоена хаваў злосць на яго, на Iвана Ходаса. Але нядоўга. Раз, набраўшыся, як смалы, асалавелы, брыдка выпусцiўшы з портак рубашку, увалiўся на вечарынку, убiўся ў вёдры i нарабiў раптоўнага адчайнага звону. А потым, блытаючыся ў вясёлых дзявочых падолах, пралез сюды, дзе на лаве, спiною да акна, сядзеў ён, Iван Ходас. Замахнуўся пустым кулаком. Але Ходас злавiў гэты кулак i пхнуў недзе ад сябе. Мiкiта, заплюшчыўшы вочы, паехаў спiною на гарманiста. Хтосьцi падхапiў яго пад пахi. Мiкiта стаяў, апусцiўшы рукi, нiбы мокры, нiбы вылез з вады, i раптам працверазiўся. Гармонiк, густа выпусцiўшы апошнi дух, нечакана сцiх. Бабы процьмаю збiлiся ля парога, зашапталiся i палахлiва замiльгалi ў чорную прорву сяней. Але бойкi не было.
Ходас выйшаў з хаты. На дварэ стаяла рэдкая i халодная вiдната усходзiў месяц: за хатамi трывожна, як на пажар, чырванела неба. Ля парога, студзячы плечы, рагаталi хлопцы. З-пад акна сюды, да парога, смутна мiльганула постаць, i Ходас пазнаў цi, скарэй, здагадаўся - Аксеня.
- Ах, божа, я гэтак перапалохалася! - сказала яна здалёк, яшчэ не дайшоўшы да яго.
- Ды нiчога тут не было. - Ён адчуў, як моцна абняло яго здаровым, празрыстым холадам пасля гарачынi i пылу.
Ён узяў яе за руку. Яна была халодная i дрыжала.
Ноч стаяла вiльготная, з расою - за ногi браўся сыры пясок. Спалi познiя хаты, стомлена адсвечваючы сляпою цемнатою акон. Каля плота хрумсталi зялёнымi абабранымi яблыкамi дзецi.
Аксеня павяла Ходаса чужымi надворкамi.
У нечым хляве цяжка ўздыхала карова i з грукатам цiснулiся да сцяны перапалоханыя авечкi. Пахла цёплым гноем i авечым потам.