Лидия Адамович - Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Лидия Адамович - Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке) краткое содержание
Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Адамович Лидия
Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
Лiдзiя Адамовiч
Кветкi самотнай князёўны
Аповесць
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
I
Аленка не магла стрымацца ад смеху - мужчына гадоў трыццацi ў белым касцюме неадрыўна пазiраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкi з нейкiм маладым хлопцам Аленчынага ўзросту i за ўвесь вечар нiкога не запрасiў да танцаў. Ён, вiдаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылi свае гарадскiя хлопцы, да таго ж яна прыехала ў вёску да аднакурснiцы Галi, каб сустрэць тут Мiколу - у iнстытуце ён зусiм не звяртаў на яе ўвагi. Высокi, прыгожы, з кучаравымi пышнымi валасамi, блакiтнавокi, Мiкола вабiў многiх дзяўчат, але, сябруючы з усiмi, быў такi недасягальны i, здавалася Аленцы, чымсьцi таемны, а неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзiць да Мiколавага бацькi, быццам па квашаныя яблыкi, у вёсцы Адась славiўся тым, што надта ж смачна ўмеў квасiць антонаўкi. Адасева жонка памерла, i ён сам вёў гаспадарку. Калi дзяўчаты прыйшлi, Мiкола сустрэў iх ветлiва, па-сяброўску частаваў яблыкамi, жартаваў, а вось у клуб так i не з'явiўся.
...Мужчына ў белым касцюме па-ранейшаму пазiраў на Аленку. Ён здаваўся дзяўчыне старым. Яго погляд раптам выклiкаў такi выбух смеху, што Аленка, прыкрыўшы рукою вусны, порстка схавалася за спiну сяброўкi.
- Сцiхнi ты, дурнiца! - таўканула яе ў бок Галя, прыгладжваючы валасы. Ён сюды накiроўваецца!
Мужчына i сапраўды iшоў да iх. Як нi стрымлiвалася Аленка, як нi сцiскала вусны, але ўсё ж хiхiкнула, калi той запынiўся ля Галi i, гледзячы паўзверх яе пляча, звярнуўся да Аленкi:
- Можна вас?
Аленка моўчкi кiўнула, падала яму руку i пайшла следам, стараючыся думаць аб чым-небудзь сумным, каб суняць смех. Ён абняў яе так, што ёй не заставалася нiчога, акрамя як стаяць на месцы i ледзь-ледзь перасоўваць ногi. Вось так яны i танцавалi - на месцы. Смех у Аленкi ўжо прайшоў. Да таго ж, стоячы ў клубе ў сваiм дэкальтаваным маскарадным касцюме, накшталт князёўны сярэднявечча, Аленка крыху змерзла, а тут, у абдымках мужчыны, яна прыгрэлася i летуценна пачала ўяўляць, што танцуе з Мiколам.
...Вочы ў Мiколы глыбокiя, блакiтныя, з патанулай хмарынкай, але цёплыя i добрыя. Гэта было мора, бяздоннае, зменлiвае, мора перад штормам. У такiя вочы можна было глядзець доўга-доўга, заглядзецца i патануць. Як яна зайздросцiла хлопцу, якi жыў з Мiколам у адным пакойчыку ў iнтэрнаце, - ён бачыў яго ранiцою, вечарам, кожны дзень... I не ўяўляў нават, якое гэта шчасце - бачыць перад сабою Мiколу, яе бога, назiраць за яго рухамi, калi ён умываецца, за ягонымi вуснамi, калi ён гаворыць, за ягонымi пальцамi, што перабiраюць струны гiтары... З якою асалодаю стаяла Аленка вечарамi пад дзвярыма Мiколавага пакойчыка i ўбiрала ў сябе ўсе гукi i словы, што даносiлiся адтуль... Яна ведала, што Мiкола збiрае групу для краязнаўчага паходу па слядах падання пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ёй так хацелася пайсцi з iм у гэты паход, але яе не запрашалi...
Нават нумар пакоя, у якiм жыў Мiкола, выклiкаў асалоду. На лекцыях Аленка, як заварожаная, пiсала проста ў канспекце запаветныя лiчбы: 405... 405... i выводзiла лiтары: Мiкола Гайда... Мiкола Гайда... i з трапяткiм сэрцам падстаўляла пад ягонае прозвiшча сваё iмя, i мiлавалася сугучнасцю: Алена Гайда... Алена Гайда...
- Самотная князёўна на чужым бале? - абарваў яе думкi прыглушаны голас.
Алена ўзняла вочы - яна ўсё яшчэ танцуе з гэтым "старым мужчынам"? "Ён падобны на цыгана, - падумала дзяўчына. - На старога цыгана!" I адвяла позiрк.
- Баль заканчваецца, - прамовiў мужчына лагодна. - Можа, мы пойдзем дадому разам?
- Да якога яшчэ дому? - раздражнёна павяла плячыма Аленка.
- Да вашага, вядома. Цi можна правесцi вас?
- Пашукайце сабе па ўзросту, - цвёрда сказала Аленка, глянуўшы яму ў твар.
- Нават так? - усмiхнуўся ён. - Што ж, дзякую за танец!
I правёў яе на месца.
У гэты час з'явiўся Мiкола. Ён увайшоў з марозу, расчырванелы, у расшпiленым кажуху. Хлопцы абступiлi яго. Мiкола гучна i весела вiтаўся з iмi, пацiскаючы рукi. Але танцы скончылiся, моладзь пачала выходзiць з клуба, i Аленка настойлiва чакала, калi Мiкола заўважыць яе, падыдзе. Той стаяў на ганку i палiў з хлопцамi.
Да Галi падышоў Анатоль, кiрпаты, сярэдняга росту хлопец, вузкi ў плячах, з акуратнай бародкай, якую заўсёды адрошчваў на зiму, "каб холадна не было", смяяўся на пытаннi дзяўчат, - гадоў на пяць старэйшы за Галю, з прыкметнаю ўжо лысiнкаю на галаве. Усмiхнуўся i выцягнуў з-за пазухi маленькую кветачку.
- Ой, цюльпанчык! - ускрыкнула Аленка. - Жывы! Малайчына, Анатоль!
- Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазнiўся, - усмiхнуўся хлопец. - Але нiчога, пазнаёмлюся з Галiнымi бацькамi цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы...
Галя абняла сябра i чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыцiснулася да яе вуснамi.
- Пайшлi да маiх, - шапнула Анатолю, - а то, мусiць, ужо спаць леглi, як-нiяк, а тры гадзiны ночы... Аленка, пайшлi разам! - звярнулася да сяброўкi.
- Не, - адмоўна махнула галавою Аленка. - Я тут застануся, на ганку... Мiколу пачакаю... Чула, быццам ён сюды вернецца з гiтараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо...
- Ну, глядзi сама, - адказала Галя i, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.
... Снег вялiкiмi камякамi заляпiў каўнер зялёнага палiто. Пальцы мерзлi ў рукавiчках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзiннiк - палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялiкi халодны замок. У святле лiхтара, як мухi, кружылiся сняжынкi. Ад высокiх старых дрэў аддзялiўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгiм палiто накiроўваўся да яе.
- А я, як нi пагляджу ў акно - усё вы стаiце, - падаў мужчына голас i запынiўся ля нiжнiх прыступак ганка. - Вiдаць, праз стары маёнтак iсцi баiцеся?
Ён павярнуўся, i святло лiхтара ўпала на ягоны твар. "Божа, гэта ж зноў той самы мужчына! - з непрыяззю падумала Аленка. - Цыган стары!"
- Давайце знаёмiцца, - прапанаваў ён. - Мяне завуць Вайдаш Дуброўскi, iнжынер "Менскбудпраекта". Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?
- Не, - суха адказала Аленка. - Я менчанка. Студэнтка iнстытута культуры. Аленай зваць...
- Мы амаль землякi, - усмiхнуўся Вайдаш. - У мяне ў Менску кватэра... Спускайцеся ўнiз! - працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы. - Цi чакаеце каго?
Аленка не адказала.
- Ён не варты гэтага! - засмяяўся Дуброўскi. - Хоць i не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесцi да хаты, бо Чорная здань, мусiць, i сапраўды iснуе - шмат хто бачыць яе ля маёнтка... Вось i вас, здаецца, закранула яна...
- Што? - у Аленкi пахаладзела спiна. - Якая здань?
Але з прыступак сышла.
- Гэта даўняе паданне, - мовiў Дуброўскi, калi яны скiравалi ў бок маёнтка, - з часоў князя Вiтаўта. На гэтым месцы праклён iснуе. Калi Чорная здань дакранаецца да чалавека - ён робiцца сляпым духоўна... Ён любiць толькi цела... i гiне ў сляпым каханнi... Першай ахвярай Чорнай зданi стала Дарына, нарачоная князя Вiтаўта. Але i да гэтага часу з'яўляецца здань людзям, бо не ведаюць яны, у чым яе смерць...
- Ой, раскажыце, калi ласка! - устрапянулася Аленка, узрадаваная тым, што можа распавесцi Мiколу нешта таемнае, аб чым, магчыма, i ён не ведае... Зацiкавiць яго, спадабацца яму, а там, глядзiш, i ў паход возьме!..
- Недалёка ад панскага маёнтка, недзе ў лесе, - уздыхнуўшы, павольна пачаў аповяд Вайдаш, - знаходзiцца мур на месцы былога маёнтка Дарыны, якi пабудаваў для яе князь Вiтаўт, дараваўшы здраду яе... У лабiрынтах падзямелля iснуе, паводле падання, Блакiтны пакойчык, у якiм ляжыць прыгожы жалезны кубак з накрыўкай. Хто адкрые яго - знiшчыць здань...
...Руiны старога маёнтка чарнелi пад шапкаю снегу. Халодныя сняжынкi сыпалi ў твар. Аленка, зачараваная i ўзрушаная, прыслухоўвалася да голасу Вайдаша. Прыслухоўвалася i... ужо не iснавала ў цяперашнiм часе: у белым прывiдным тумане з'явiўся на канi магутны i суровы князь Вiтаўт.
- Я Дарына, Дарына! - выйшла з снежнай завiрухi дзяўчына. - Ты пазнаў мяне, князь?
Вочы яе - цёмная ноч, косы быццам у русалкi.
- Я была маленькаю, калi ты прыязджаў да майго бацькi, - прашаптала дзяўчына.
- Памятаю цябе, Дарына! - адказаў Вiтаўт i падхапiў, пасадзiў яе на каня, да сябе...
Мiльганула недзе сярод дрэў Чорная здань, працягнула кашчавую руку да кволай Дарыны...
...I Аленцы падалося, што яна пачула дзiкi смех. Ён стаяў у вушах, калi Вайдаш закончыў аповяд i падвёў яе да хаты. Яны развiталiся. Зачынiўшы ў сенцах за сабою дзверы, Аленка дакранулася да клямкi, каб увайсцi ў хату, але ў гэты момант пачула здзеклiвы шэпт:
- Не хацела за пана - будзеш валяцца ў нагах у хама!
- За пана, за пана!.. - крыклiва паўтарыў нехта.
Крык гэты прымусiў здрыгануцца Аленку, рассыпаўся на гукi, i вось ужо кожная частачка яго гучала паасобку, утвараючы манатонны, цiхi гоман, падобны на шапаценне лiстоў... Аленка рванула дзверы i ўскочыла ў хату...
Iрэна не захацела iсцi сёння ў касметычны салон. Яна здзерла бульбiну, наклала мякоцце на сурвэтку i прыклала да твару. Уладкавалася на крэсле i ўключыла Бетховена. Iрэне вельмi падабалася ягоная "Апасiяната", асаблiва стрыманая i велiчная другая частка. Разлiваючыся, музыка напаўнялася ўсё большай мяккасцю i цеплынёй...