Сяргей Белаяр - Полюс недаступнасці
— Алёна!
Адказам быў выстаўлены сярэдні палец. Разумеючы, што вось-вось выпусціць з рук сваё шчасце, Медзелец кінуўся за дзяўчынай, але толькі напароўся грудзьмі на зачыненыя дзверы...
У кватэры востра пахла настойкай валяр’яны.
— Мама, чаму ты плачаш?
— Святаслава забрала «хуткая»... Інфаркт! Яго не зацвердзілі на пасаду дэкана і адправілі на пенсію, вось ён і знерваваўся. Ты ж ведаеш, што бацька не можа жыць без навукі...
— Ды чорт з ёй, з навукай! Куды яго павезлі?
— Не ведаю — мне не дазволілі ехаць з ім і нічога не сказалі!
— Што гэта за парадкі такія?.. Супакойся, а я абтэлефаную прыёмныя аддзяленні! Я знайду тату! — Медзелец доўга не мог знайсці тэлефонны даведнік. Дрыжачыя пальцы не траплялі па кнопках.
— Медзелец Святаслаў Адамавіч? Хвіліну! — паўза расцягнулася да вечнасці. Дацэнт кусаў вусны ад нецярпення. — Так, у абласную бальніцу паступіў такі, — адказаў на пятым званку жаночы голас.
— Як ён?
— Мужчына, не трэба так крычаць!
— Прабачце!
— Смяротны зыход да прыбыцця ў медыцынскую ўстанову.
Ногі Медзельца падкасіліся...
Ішоў дождж. Гідкі, якім ён можа быць у канцы лістапада. Мінакі спяшаліся па дамах, і ні ў каго не выклікаў цікавасці прамоклы да ніткі малады чалавек, які сядзеў на лаўцы і дурнымі вачыма глядзеў некуды далёка-далёка.
Жыццё страціла ўсялякі сэнс.
— За што, Божа? Чаму гэта здарылася менавіта са мной?
Неба маўчала. Або не чула, або не хацела чуць. Чамусьці больш верылася ў другое.
Слёзы змешваліся з кроплямі і, зрываючыся з падбародка, разбіваліся аб плітку. У нейкі момант рука намацала ў кішэні скрыначку. Медзелец выцягнуў яе і некалькі імгненняў спрабаваў зразумець, што гэта такое.
Бацька галіўся выключна лёзамі.
— Чаму б і не? — дацэнт разарваў паперу і заціснуў лязо паміж указальным і вялікім пальцамі. Выйсце ёсць заўсёды, трэба толькі адысці далей, каб ніхто не перашкодзіў.
Завулак быў брудным і літаральна патанаў у дажджавой вадзе.
Лязо лёгка ўвайшло ў плоць...
VIII
Казанцаў уварваўся ў жылы блок і зачыніў дзверы. Сэрца шалёна калацілася — без нейтралізатара прафесар быў безабаронны супраць крайневысокачастотнага выпраменьвання «вырабу № 890 311— Р». Пройдзе зусім няшмат часу, і псіхатропны выпраменьвальнік ператворыць яго мозг у жэле.
Прафесар Глеб Міхайлавіч Казанцаў знікне назаўжды.
— Сукі! Не маглі зрабіць гэта дзярмо мацнейшым! — ад удару аб падлогу кулон разляцеўся дробнымі аскепкамі. Хацелася плакаць ад крыўды. Нейкая недарэчная бойка парушыла ўсе планы. А якія адкрываліся перспектывы... — І што цяпер?
Страх апаноўваў хвалямі. Ліпкі, гідкі, да роспачы жудасны — Казанцаў не мог адключыць выпраменьвальнік. Проста не ведаў, як гэта зрабіць. Бегчы? Прафесар не быў упэўнены ў тым, што перажыве другі пераход.
У той раз толькі шчаслівая выпадковасць дапамагла яму застацца ў жывых...
Марозны вецер прабіраў да костак, адбіраючы апошнія сілы, але Казанцаў упарта перасоўваў ногі. Інстынкт самазахавання гнаў яго да людзей. Туды, дзе цёпла, дзе можна не баяцца выпраменьвання. Зламаныя лыжы засталіся ў гурбе, цяпер толькі палкі дапамагалі захоўваць вертыкальнае становішча. Смяротная стомленасць ціснула на плечы. Казанцаў ведаў — калі ўпадзе, то больш не ўстане. Да крыві кусаў вусны, каб не заснуць.
Чорную кропку ў небе ён прыняў за галюцынацыю і адмахнуўся. Але ў наступнае імгненне да слыху Казанцава даляцеў гул. Не смеючы верыць у поспех, Казанцаў спыніўся і ўтаропіўся ў неба. Кропка ператварылася ў крыж.
— Гэй! — сабраўшы рэшту сіл, закрычаў Казанцаў. Апранутага ў белую маскіровачную куртку з чужога пляча чалавека заўважылі нейкім цудам. Самалёт даставіў Казанцава на нарвежскую станцыю, адкуль усюдыход адвёз яго на «Камсамольскую». У восемдзесят восьмым Казанцаў страціў два пальцы на левай назе і адзін на правай ды амаль паўтара месяца праляжаў у шпіталі з пнеўманіяй. Узрушэнне аказалася настолькі моцным, што псіхіка не вытрымала.
Чатыры з паловай гады зняволення ў сценах «Канатчыкавай дачы»...
Прафесар здрыгануўся.
— А калі не атрымаецца?
— Вы ўжо прыкладзіце ўсе намаганні, спадар Казанцаў! — з твару палкоўніка ФСБ імгненна знікла добразычлівая ўсмешка. — Краіне патрэбны станоўчы вынік!
Па спіне прафесара прабег холад. Часы мяняліся, метады спецслужбаў — не.
Ні нацысты, ні камуністы так да канца і не зразумелі, з чым сутыкнуліся. Навукоўцы былі падобны на сляпых кацянят. Калі толькі бываюць кацяняты, якія прагнуць сусветнага панавання.
Немцы натыкнуліся на іншапланетны артэфакт у сорак другім, а ў сорак чацвёртым станцыю захапілі парашутысты НКУС. Навуковы персанал да гэтага часу паспелі вывезці. Эсэсаўская ахова аказала адчайны супраціў, аднак узарваць артэфакт ёй не далі.
Савецкія навукоўцы ўзяліся за працу адразу, не чакаючы заканчэння вайны — на парозе маячыла пагроза новай.
Прафесара трэсла ад страху. Паміраць хацелася меней за ўсё.
— А навошта столькі зброі, Вольфганг Карлавіч?
— Для таго, таварыш Казанцаў, што на станцыю могуць напасці, — акадэміку Мюнцэру не спадабалася пытанне дацэнта, — амерыканскія імперыялісты ці іх найміты! Чым тады вы будзеце адбівацца? Снежкамі?
Больш дурных пытанняў Казанцаў не задаваў. Лішняя цікаўнасць магла каштаваць не толькі кар’еры, але і свабоды. А то і жыцця...
— Вы ўпэўнены, што Медзелец дасць рады?
— Дацэнт падае вялікія надзеі, таварыш палкоўнік. Дый іншых спецыялістаў у нас пакуль няма.
— Згуба даследчай каманды стала незаменнай стратай.
Прафесар вырашыў не развіваць тэму — ён даўно пераканаўся ў тым, што для палкоўніка людзі не значылі роўным лікам нічога.
— Як плануеце ўводзіць Медзельца ў курс справы?
Прафесар прачысціў горла і патлумачыў:
— Пачну з дакументаў Аненербэ, затым нібыта выпадкова знайду дакументацыю па праекце... Перш чым дацэнт усвядоміць, у што ўляпаўся, ён будзе наш!
— У Медзельца не ўзнікне нязручных пытанняў?
— Я асабіста прагледзеў усе дакументы — дацэнт атрымае толькі тое, што я палічу неабходным яму даць!
Палкоўнік зноў усміхнуўся, пасля чаго строга сказаў:
— Толькі не фарсіруйце падзеі — гэта можа выклікаць падазрэнні...
З нагоды сёмага лістапада на станцыі быў абвешчаны выхадны.
— Пытайце, сёння я ў добрым настроі!
— Вольфганг Карлавіч, а гэта праўда, што вы былі сябрам НСДАП?
— Час быў такі, Глеб Міхайлавіч, — ніколькі не збянтэжыўся акадэмік Мюнцэр, — інакш кар’еру ў навуцы было не зрабіць. Як член КПСС вы зразумееце мяне.
— А паступацца прынцыпамі было цяжка?
— Прынцыпамі? — Мюнцэр засмяяўся. — Не кажыце глупства! Якія прынцыпы?.. Ці не ўсё адно, каму служыць? Абы плацілі!..
Усё паўтаралася. Калі хто і не звар’яцеў, то неўзабаве звар’яцее. Прафесар ведаў гэта лепш за ўсіх.
— Ваша задача — праверка працаздольнасці выпраменьвальніка і ацэнка магчымасці аднаўлення работ па праекце.
— Персанал ведае?
— У гэтым няма патрэбы. У мэтах захавання сакрэтнасці пра сапраўднае прызначэнне «вырабу № 890 311—Р» будзеце ведаць толькі вы адзін!.. Нягледзячы на тое, што людзі звязаны падпіскай аб нераспаўсюдзе, загадваю не дапусціць уцечкі інфармацыі!.. Спадзяюся, вы разумееце ўсю важнасць праекта, Глеб Міхайлавіч?
Прафесар выдатна разумеў і таму не шкадаваў сябе. Яны ўсе не шкадавалі сябе. Занадта вялікімі былі стаўкі.
— Гэта наш адзіны шанс спыніць амерыканцаў! — кіраўнік праекта генерал КДБ акадэмік Сідараў слепа верыў у тое, што Савецкі Саюз яшчэ мог адступіць ад прорвы.
Усе іншыя сумняваліся. Але працягвалі працаваць...
— Уздзеянне будзе схаваным і накіраваным. Ні бетон, ні метал, ні дрэва, ні цэгла перашкодай для хваль не стануць! — Мюнцэр любіў армянскі каньяк. Пахваліцца любіў не менш. — Мы станем упоравень з багамі!
Акадэмік зусім не перабольшваў. «Выраб № 890 311—Р» рабіў фантастыку рэальнасцю. Дыстанцыйнае псіхатропнае ўздзеянне дазваляла выклікаць змены паводзін і разумовай дзейнасці, рэакцый на падзеі і сітуацыі, парушаць працу функцыянальных сістэм і трансфармаваць клеткі тканін...
— А калі выпраменьвальнік да гэтага часу працуе? — ад адной толькі думкі кідала ў пот.
— Вы ж сцвярджалі, што ўнізе адбыўся выбух! — нагадаў палкоўнік.
— Дакладнай яго прыроды растлумачыць не здолею.
— Мы прадугледзелі і гэты варыянт.
— Што гэта?
— Нейтралізатар КВЧ-выпраменьвання. Вам няма чаго баяцца!.. Насіце на шыі...
— Сукі! — Казанцаў падазраваў, што кулон спецыяльна зрабілі далікатным. Навошта ІМ сведка? Мадуляваныя імпульсы прафесар бачыць не мог, але адчуваў, як яны руйнуюць яго мозг.
Час гуляў супраць Казанцава...
— Мы можам зрабіць з чалавека ўсё, што нам захочацца! І Звышчалавека, і раба! Пакалечыць і нават забіць яго! — Мюнцэр п’янеў не ад каньяку.
Ці задумваліся яны пра наступствы?