Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё
— Не ўтрываў, дальбог, не змог утрываць да раніцы...
— Цьфу, блазен! — плюнуў Кунцэвіч, павярнуўся і таропка пайшоў у хату, баючыся, каб Міша не заўважыў яго радасць.
Навіна ўзбударажыла Забор’е. 3 першымі промнямі сонца яна разнеслася па ўсёй вёсцы, абрастала падрабязнасцямі, фантастычнымі дэталямі, і ўсё прымалася за чыстую манету. К абеду, напрыклад, гаварылі, быццам Сурмілу ўжо арыштавалі, быццам нехта сваімі вачыма бачыў, як яго вялі ў каталажку аж тры канваіры — адзін з аўтаматам, двое з пісталетамі. Але гэтую недарэчнасць неўзабаве катэгарычна абвергла Тэкля Канцавая, якая ўсё ж не ўтрывала — з’ездзіла да дачкі ў Піліпавічы і, выведаўшы, адразу ж кінулася назад, каб паведаміць вяскоўцам падрабязнасці з першых рук. Сурмілу ў Забор’і рэдка хто нават у твар бачыў, але, як кажуць, добрая слава далёка ідзе, а ліхая — яшчэ далей, таму вёска пасля столькіх дзён непрыемнасцей уздыхнула з палёгкаю: слава богу, застанецца Кунцэвіч, нават Піліпавічы прагаласавалі за Кунцэвіча. Кунцэвіч — чалавек свой, надзейны...
Дзѳ б ні паяўляўся Аляксей Сцяпанавіч, з ім віталіся як ніколі пачціва, здымаючы шапкі, з наклонам і гледзячы з захапленнем, быццам зрабіў немаведама якое геройства, а ён адчуваў сябе няёмка, дзівіўся гэтым раптоўным зменам.
— А мы-то думалі, мужык мужыком, а ён, глядзі, якая галава — вучонага за пояс заткнуў! — шапталі ўслед жанчыны.
А Валодзька Бакун хадзіў як імяніннік.
— Во, а што я гаварыў! — узбуджана і пераможна казаў ён кожнаму, хто толькі трапляўся на вочы.— Во, не прагаласавалі — і будзь здароў! Гаварыў: сілком нізашто не ўвапруць! — I на Валодзьку таксама глядзелі з павагаю, нібы былі вінаватыя перад ім, што не прымалі ўсур’ёз, а ён і праўда як у ваду глядзеў: калі не схацець Сурмілу — ніхто не змусіць.
Аляксей Сцяпанавіч толькі плячыма паціскаў: што дзеецца з людзьмі! Узяць хоць бы таго ж інжынера Касьянава... Бывала, з самага ранку праходу не дае, заводзіць сваю песню: купляй, абнаўляй тэхніку, яршысты такі, а тут зардзеўся, як макаў цвет, калі выпадкова спаткаліся, ды такі рахманы — хоць ты яго да раны прыкладвай. На добры розум, вядома, трэ было даўно сёе-тое з тэхнікі замяніць. I думаў, нават ужо нарады ў сельгасупраўленні ўзяў, толькі не казаў нічога Касьянаву — хай, рашыў, будзе для яго нечаканасцю... I яшчэ была задума майстэрні расшырыць, адгарадзіць куточак у душавой — парылку для хлопцаў наладзіць. Прыехаў з поля, закончыў работу — калі ласка, у парылачку, пагрэй косці, змый пыл, адпар мазуту, каб не смярдзеў дома пры жонцы. Толькі ж, халера, каб не сталі пад тую парылачку піўцо, а то і гарэліцу пацягваць, каб праз гэта работу не занядбалі? А то пайшла зявядзёнка: калі лазня — значыць, і гарэлка. То па суботах, а раптам захочуць штодня — не ўгледзіш...
Але больш за ўсё здзівіў «каровін акушэр» Адась. Гэты раз ён быў непраўдападобна ціхі, нейкі ўрачысты, адчувалася, што яму карціць сказаць нешта важнае. Стукнула думка: а ці часам не натварыў ён чаго? Але што ён мог натварыць? Даяркі таямніча маўчалі, па-змоўніцку пераміргваючыся, падштурхоўвалі Адася бліжэй і бліжэй.
—Што здарылася? — не ўтрываў Кунцэвіч.
— Кажы-кажы, казёл аблезлы! — пагрозліва наступала на Адася Пракопчыкава Марыя.
Іншы раз, канечне, Адась даў бы ёй за «казла», а цяпер чамусьці вінавата маўчаў.
— Ну, што? — строга глянуў на яго Кунцэвіч.— Што здарылася?
— Вы-ы, Сцяпанавіч, не слухайце іх. Я гэта так без злосці рэйдаў, ідры яго матары...
— Без злосці, кажаш?! — узялася ў бокі Пракопчыкава Марыя.— А ну, паўтары, што плявузгаў!
— Што ты вярзеш? — глянуў строга на яе Кунцэвіч і павярнуўся да Адася: — Скажы, урэшце, што здарылася?
— Ды-ы-ы... гэ-э-та-а...— і, заўважыўшы, як пырснулі ад смеху жанчыны, Адась зразумеў, што яго падвялі пад дурнога хату. Цяпер хоць крыж на сябе кладзі, даказваючы, што ездзіў у раён заступацца за Кунцэвіча,— не павераць, на смех падымуць, і першы раз за ўсе гэтыя гады падступіла такая крыўда, што ледзь утрымаў слязу. Хмыкнуў нешта сабе пад нос, люта глянуў на жанчын і, мацюкнуўшыся, куляй выскачыў з фермы.
— Чаго гэта ён як апараны? — здзівіўся Кунцэвіч.— Што вы з ім учудзілі?
Даяркі наперабой, як сарокі, сталі расказваць, што гаварыў некалькі дзён назад Адась, а Кунцэвіч змрачнеў і змрачнеў.
— Вы падурэлі, ці што? — нарэшце не ўтрываў ён.— Усялякія жарты маюць меру. Вы ж, браце мой, пакрыўдзілі чалавека, абразілі, калі хочаце... Непрыгожа...
— А хай не рэйдае што папала, боўдзіла! — ваяўніча выступіла наперад Кацярына Бакун, да якой некалі ў маладыя гады заляцаўся Кунцэвіч, але ніхто не ўзяў яе бок, пэўна, зразумеўшы, што і праўда, непрыгожа, брыдка...
Супярэчлівыя чуткі пра ўчарашні сход у Піліпавічах, вядома, даходзілі і да Кунцэвіча, аднак, строга-настрога папярэдзіўшы Мішу, каб пра ўчарашшою начную размову нікому ні гу-гу, рабіў выгляд, што і ведаць нічога не ведае. Іначай і нельга. А ў душы радаваўся, пэўна, больш за ўсіх. Канечне, нават Радзевічу будзе няпроста, ды і наўрад ці хто здольны цяпер пераканаць людзей, што Сурміла харошы... Мо пасля ўсяго гэтага яшчэ і не будуць аб’ядноўваць... Мусіць, не-е, Сурмілу-то наўрад ці паставяць, а калгасы злучаць будуць. I хай сабе — не гэта важна. Чалавека б талковага далі — во што важней за ўсё!
Было, канечне, прыемна, што чужыя людзі пра яго слова добрае мовілі. Садніла іншае — усе вакол ужо лічаць яго старшынёю аб’яднанага калгаса. Хто-хто, а ён добра ведае: калі аб’яднаюць — яго старшынская песенька спета. Але як гэта ўкласці ў галовы ўсім навокал? Як сказаць, каб паверылі: а дарма вы, даражэнькія, перада мною шапкі здымаеце. I слухаць ніхто не хоча, толькі таемна і паблажліва ўсміхаюцца: не хітруй... А на якую трасцу яму хітраваць, каб хто спытаў?.. Зрэшты, ат! Скора самі ўбачаць... Адразу ж перастануць шапкі знімаць. Пэўна перастануць... Цікава: няўжо абавязкова трэ быць начальнiкам, каб перад табою знімалі шапкі?..
11
Нешта надламалася, анямела ў душы ў Аляксандра Уладзіміравіча Сурмілы. Гэта быў шок, нейкі страшэнны кашмар. Адразу ж пасля сходу навалілася незразумелая апатыя і такая санлівасць, што ледзьве сіл хапіла даплесціся ад клуба да дома. Жонкі яшчэ не было — пэўна, педсавет ці яшчэ якая сходка, і ён на хвіліну абрадаваўся, што няма жонкі. Але і гэтая мізэрная радасць была нядобрай, прыкрай. Сілы пакідалі яго. Хацеў не распранацца, заваліцца на канапу адзетым, але ўсё ж змусіў сябе сцягнуць пінжак, штаны, кашулю. Не разбіраючы пасцелі, залез пад коўдру — заснуў імгнепна.
Прачнуўся ад яркага сонца ў вочы, здзівіўся: гадзіннік на сцяне паказваў адзінаццаць. Столькі ён ніколі не спаў. Тым не менш, галава была цяжкая, як з перапою.Толькі цяпер пакрысе стаў даходзіць ва ўсёй сваёй жахлівасці сэнс таго, што здарылася. Гэта было настолькі непраўдападобна, неверагодна, што аж засумняваўся: а ці не прыснілася ўсё? Але то быў не сон, ён дакладна ведаў, што не сон. Ускочыў з ложка як уджалены, зноў бездапаможна сеў, адчуваючы, як глухі, агідны страх пачаў душыць яго, і, нібы ратуючыся ад гэтага страху, кінуўся да тэлефона, стаў спешна набіраць нумар, яшчэ не ўсведамляючы, навошта звоніць. Нумар доўга не адказваў, потым, нарэшце, азвалася сакратарка.
— Мяне ніхто не шукаў?
— Ніхто,— без звычайнай пачцівасці, суха, нават, здалося, з насмешкаю адказала сакратарка, і яе тон кальнуў непрыемна, балюча.
— Калі што — я дома. Хай сюды звоняць! — са звычайнай строгасцю загадаў ён, ледзьве стрымліваючыся, каб не падаць знаку, што сакратарчын тон яго абразіў. — Я захварэў! — Шпурнуў трубку, а сам аж кіпеў ад злосці, не ведаючы, на кім спагнаць яе...
Пахадзіўшы па пакоі, трохі супакоіўся. А мо лепш было б паказацца ў канторы? Пэўна, лепш... Што, уласна кажучы, здарылася? Нічога асаблівага — маленькая замінка. Прыедзе Радзевіч — і ўсё паставіць на месца... Але чаму так доўга ён не азываецца? На добры лад, даўно павінен быў пазваніць... А мо яшчэ не вярнуўся з вобласці? Ці мо засядае бюро, «чысцяць» Дзевяценя? Ой, недзе «пачысцяць»! Падумаць толькі: так апраставалосіцца! Такога чэпэ яшчэ не ведаў раён... Знайшлі ж каго пасылаць?! Што, не мог прыехаць сам Радзевіч?! Ці хоць бы Чыжэўская? Гэтыя не завалілі б рашэнне бюро...
А мо сам больш за ўсіх вінаваты? На якога чорта трэба было збіраць агульны сход, сцягваць усіх, каб схаўрусіліся? Сабралі б упаўнаважаных — і рашылі б без агульнага сходу. Падабралі б надзейных людзей, каб сядзелі, як мышы пад мятлой... Во дзе прамашка! Ай, трэба было думаць...
Цяпер недзе радуюцца, зубы скаляць... Хай сабе парадуюцца — радасць-то будзе нядоугай! Радзевіч не адступіць, да канца будзе гнуць сваю лінію...
А калі не будзе? Не захоча калі?! Што тады?..
I адразу ж стала не хапаць паветра, зрабілася млосна і душна, аднак праз хвіліну адчуў, што праймаюць дрыжыкі.
Трэба нешта рабіць, але што?!
Падышоў да акна, упёрся лбом у халодную шыбу, шукаючы, за што зачапіцца поглядам. Ля шпакоўні на клёне ўвіхаліся два чорныя шпакі. Прыляцелі...