Kniga-Online.club
» » » » Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля

Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля

Читать бесплатно Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля. Жанр: Прочее издательство неизвестно, год 2004. Так же читаем полные версии (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте kniga-online.club или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Перейти на страницу:

— Ну, дзе мне, старому, з вамі, маладымі. Не тыя гады, здароўе.

Сцяпан адмаўляўся піць для прыклёпу. Яму прыемна было піць, прыемна было, што лёгка хмялее.

— Ай, дзядзька, вы ж самі ведаеце, не п’еш — адкуль тое здароўе будзе!

Па тэлевізары паказвалі канцэрт. Танцавалі ў народных строях старыя, старэйшыя за Сцяпана, жанкі, спявалі прыпеўкі. Потым на змену ім выходзілі дзяўчаты, усміхаліся на ўвесь экран прыгожымі, белымі, як часнок, роўнымі зубамі. А за імі шумелі бярозы, потым хілілася калоссем святочна поле, потым плёскала аб бераг маленькаю хваляю возера.

Сцяпан прыслухоўваўся да гаворкі сына з Віцем пра нейкую атэстацыйную камісію ў Маскве, якая толькі і робіць, што рэжа ўсіх, пра нейкага спраўнага, хто і там сумеў знайсці блат... Ён не ведаў, пра што гаварыць. Яму было цёпла, утульна. I ад гэтае гасціннасці, ад цеплыні не мог адважыцца загаварыць пра тое, з чым прыехаў да сына. Тое было быццам бы дасюль і чужое, далёкае, за дажджом, за пустым полем, за чорным торфам на балоце, за вытрапанымі ветрам кустамі лазы, там, дзе, як сышла вада, пад карчамі рыжавата відаць быў пад вадою ў карэннях забіты малады бабёр... Нязручна было гэтым перабіваць такую спакойную і святочную гаворку за сталом, псаваць сваім клопатам настрой. Ад таго, што ўспомніў рыжы асенні поплаў цяпер, у галаве сама сабою пачала ўставаць карціна таго, што было ноччу. Ён бачыў, як ноччу спыніўся на грэбельцы старшынёўскі «козлік», як ён разам са сваім мардатым аграномам і шафёрам выйшлі з машыны, як капалі запруду, як потым ставілі лавушкі, як папіхвалі каламі, каб выгнаць баброў з хаты, як потым валаклі іх да машыны...

—...У нас некалі была рэчка... Рыбы было! Цяпер канава. Праўда, бацька? — Лёня папытаўся ў Сцяпана, і той ачнуўся.— Цяпер, праўда, бабры на яе прыйшлі? Як там, бацька, бабры яшчэ не запрудзілі рэчку, возера не зрабілі?

Лёня не чакаў, што скажа бацька, зноў расказваў Віцю:

— Знаеш, бабёр на высушанае балота прыйшоў, канаву запрудзіў, хату сабе зрабіў. Зараз там цэлая калонія будзе.

— Няма бабра. Прымачак наш раскулачыў яго.

— Як, дзядзька, раскулачыў?

— А так. Прыехаў, запруду раскапаў, каб вада сышла, а баброў пабіў. Адзін толькі, запаролі яго палкаю, астаўся пад карэннямі здохлы. Я, Лёня, таму і прыехаў. Я тут усё напісаў. Пара гэтага панка прыціснуць як след! Яму шапку бабровую захацелася!

Сцяпан адчуў, як лёгкая звонкая злосць забірае яго. Цяпер яму трэба было даць на вочы Прымачака, ён бы расправіўся з ім.

— А чаму вы думаеце, што ён? Ну, пасварыліся вы з ім, на пенсію пайшлі. А бабры...

— Адкуль жа ў яго шапка? 3 ката перакрасіў на бабра? Ты не думай, твой бацька не такі дурны! Ты мне толькі памажы...

— Дзе ж я...— пачаў быў Лёня, але сціх. Ён хацеў сказаць, што ні загадаць, ні даць каманду ён не можа. I невядома, на каго скардзіцца, і нельга вінаваціць толькі старшыню, на якога бацька мае вока.

Але Віця ў пору непрыкметна шмаргануў яго за руку — маўчы.

— Правільна кажа бацька. Цяпер там, на месцах, гэтыя старшыні пасталі, як удзельныя князькі — што хачу, тое і раблю. I ніхто не паправіць. Вы, бацька, пакіньце нам усё, што запісалі, а Лёня сам тут разбярэцца, як лепш гэта перапісаць і куды паслаць, у газету ці так куды. Давайце яшчэ пакрысе.

Сцяпан выпіў і пачаў гаварыць, як ездзяць на машынах, як ганяюць зайцоў, як рэжуць іх, жнучы, як труцяцца яны ад хіміі.

Віця згодна ківаў, устаўляў сваё слова і адначасна гаварыў пра нешта з Лёнем.

Сцяпану яшчэ хацелася і выпіць, і пагаварыць з Віцем, расказаць пра тое, што робіцца ў вёсцы, пра што ў яго за многа гадоў набалела на душы.

Але вярнуўся з гасцей Ігарок, пабыў на каленях у бацькі, у дзядзькі Віці, у дзеда, неахвотна перад мацераю пайшоў мыцца на ноч і ўжо ў адной піжамцы, жоўценькі, пушысты, як куранё, пацягнуў Сцяпана за сабою — расказваць на ноч казку.

Сцяпан мусіў устаць з-за стала і толькі тады, як стаў на ногі і пачуў, што яны не вельмі хочуць яго слухаць, зразумеў, што выпіў ён мнагавата, што больш піць яму нельга.

— Ты ідзі, унучак, кладзіся, а я пайду памыюся і прыйду расказваць табе казку.

У ваннай Сцяпан доўга мыў твар і мачыў голаў халоднаю вадою, пакуль не здалося яму, што крыху праяснела ў галаве.

Ігарок ужо ляжаў у пасцелі і чакаў.

— Дзед, а на лета ты возьмеш мяне? Я ўжо вялікі буду, і мама мяне пусціць на цэлае лета.

— А як жа... Там будзем у лес хадзіць па ягады, у грыбы, рыбу на возеры лавіць будзем. Я цябе плаваць навучу, і ты будзеш плаваць, як рыба.

— I вудачку мне купіш. Не, не вудачку, а такі сачок, як у дзядзькі Віці... Мы будзем плыць на лодцы, а рыба сама ў сачок будзе налазіць. Поўны мяшок!

— Пра сачок я не ведаю, а вудаў у мяне аж пяць. На ахвоту мы з табой пойдзем, я табе пакажу, як прылятаюць жураўлі. Вялікія, харошыя, стаяць у полі, а потым кружацца высока-высока. Сонца, восень, ралля сухая, а яны ўсё кружацца, усё крычаць, аж пакуль з воч не прападуць... Хочаш, я і казку табе раскажу пра жураўля?

— Хачу.

— Даўно было гэта. Маленькае сяло наша было, возера вялікае, а за возерам лес і балоты пачыналіся. Вось з-за тых балотаў, з таго краю зямлі прыляталі пасля Іллі на бераг возера шэрыя птушкі жураўлі. Прыляталі, за чаротам садзіліся... А жыла ў аднаго ўдаўца прыгожая дачка, такая харошая, што і канца-краю няма. Усё ў руках у яе гарыць, а яна толькі песеньку спявае. Гаспадыняю яе ўсе звалі, бо і дачкі лепшае, і лепшае гаспадыні на ўсю акругу не было.

Захацелася ёй паглядзець, чаго гэта тыя птушкі кожнага вечара туды лятаюць. Выйшла яна, за каноплі схавалася і чакаць стала, калі тыя птушкі ляцець будуць.

— Дзед, а што гэта каноплі?

— Ну, расце такое... Зярняткі ёсць, птушкі кляваць любяць, а з самое, ну, як табе сказаць, вяроўкі ўюць, на лейцы, на вужышчы.

— А што такое лсйцы, вужышчы?

— Ну, лейцы — гэта вожкі, якімі каня кіруюць. Хіба вам не казалі ў садзіку?

— Вожжы казалі, а лейцы — не. А чаму ў нас у садзіку так не гавораць, як ты, не вучаць?

— Бо наша гаворка простая, а ў вас тут гарадская. Слухай, унучак... Бачыць тая Гаспадыня, што ўпалі птушкі, жураўлі шэрыя, на зямлю, ды як упалі, так малайцамі і зрабіліся. Адзін над адным лепшы і харошшы, а той, што самы паследні, той самы стройны, самы харошы. Як пайшлі яны ў возера нырца даваць, падкралася Гаспадыня ціха ды і ўкрала пер’е таго самага высокага, самага харошага. Нацешыліся яны ў вадзе, усе ў сваё пер’е адзеліся, толькі яму няма. Пашукалі, пашукалі ды падняліся ўсе на крыло, паляцелі, а ён застаўся адзін услед ім глядзець.

Тады Гаспадыня і кажа:

— Не гаруй, хлопец. Бач, якая я спраўная і харошая. Будзем мы з табою разам жыць. Бо выкінула я тваё пер’е, так ты мне ўпадобаўся.

I пачалі яны разам жыць, і нарадзілася ў іх дачка, яшчэ за маці і за бацьку харошшая і ўдалейшая, і ад яе род наш на зямлі пачаўся і цяпер ідзе.

А той бацька, Апошні Журавель, усё ніяк пра чараду сваю забыцца не мог. Усё выйдзе, як ляцяць жураўлі, на бераг возера, угору глядзіць і песні спявае. Ад песень тых, што такія харошыя яны былі, людзі казалі, аж сэрца заходзілася. Чулі песню тую птушкі, скідалі адтуль па пярку Апошняму Жураўлю. Прыйшла пара, што якраз яму пер’я наскідалі, і зноў ён птушкаю зрабіўся, стаў на крыло і паляцеў у чараду сваю. А жонцы сваёй, Гаспадыні, і дачцэ сказаў, што песню сваю, як душу, ён тут пакідае, каб шанавалі яны яе, каб нікому глуміцца з яе не давалі, бо ён будзе кожнае восені прылятаць, будзе душу сваю гукаць. I пакуль душа тая будзе, пакуль ён па яе прылятаць будзе, датуль і род наш чалавечы на зямлі будзе.

Але так яно выйшла, што дачку яго харошую маці Гаспадыня за чалавека з чужое стараны аддала, а ён дачку жураўліную ад песні свае адвучыў, дзецям яна яе не пакінула. А Апошні Журавель усё прылятае, усё тую душу сваю ў нас гукае... Ты спіш, унучак?

Ігарок нічога не адказаў дзеду, яму, можа, снілася, як высока і хораша, бы душы чалавечыя, плывуць над зямлёю журавы...

— Шукае ўсё душу сваю. Ты прыедзеш, я табе пакажу жураўля, паслухаеш песню яго.

Сцяпан паправіў коўдру на ўнучку.

Паслалі Сцяпану спаць у зале на мяккай канапе. I спаў ён моцна і глыбока.

***

Ні ад чаго гэтак не баліць душа і нічаму гэтак не радуецца, як роднаму свайму полю, якое праплыве пад шызым крылом тваім. I там, унізе, гэтак жа шыза ляжыць прыціхла і спустошана асенняе ворыва. І ўжо толькі цьмяна пабліскваюць на сонцы цёплым водсветам дастаялыя шапаткія аўсы. Але яшчэ грэе роднае журботнае сонца, яшчэ цёпла ад яго і не хочацца да чужога, дзе гэтак ярка, светла, дзе гэтак цёпла і дзе так нудою студзіцца душа.

За полем гараць асеннія вогнішчы лесу, як сіняватыя вочы зямлі, ляжаць між парыжэлых, вылінялых за лета броваў асакі, невялікія лужкі і азерцы.

Цень Апошняга Жураўля ахіляў поле, лес, азерцы і лужкі, трывожыла яго апошняя песня ціхую паднябесную прастору. Цэлы дзень кружыўся Апошні Журавель над родньімі палеткамі, цэлы дзень ён чакаў, што недзе з зямлі адгукнецца пакінутая ім некалі на зямлі жураўліная яго душа.

Перейти на страницу:

Алесь Жук читать все книги автора по порядку

Алесь Жук - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки kniga-online.club.


Паляванне на Апошняга Жураўля отзывы

Отзывы читателей о книге Паляванне на Апошняга Жураўля, автор: Алесь Жук. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Уважаемые читатели и просто посетители нашей библиотеки! Просим Вас придерживаться определенных правил при комментировании литературных произведений.

  • 1. Просьба отказаться от дискриминационных высказываний. Мы защищаем право наших читателей свободно выражать свою точку зрения. Вместе с тем мы не терпим агрессии. На сайте запрещено оставлять комментарий, который содержит унизительные высказывания или призывы к насилию по отношению к отдельным лицам или группам людей на основании их расы, этнического происхождения, вероисповедания, недееспособности, пола, возраста, статуса ветерана, касты или сексуальной ориентации.
  • 2. Просьба отказаться от оскорблений, угроз и запугиваний.
  • 3. Просьба отказаться от нецензурной лексики.
  • 4. Просьба вести себя максимально корректно как по отношению к авторам, так и по отношению к другим читателям и их комментариям.

Надеемся на Ваше понимание и благоразумие. С уважением, администратор kniga-online.


Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*
Подтвердите что вы не робот:*