Жорж Сименон - Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
- Паслухайце, пане камiсар, я не дужа важны чалавек, але стукачом нiколi не быў.
- Хочаш, каб у забойстве абвiнавацiлi цябе?
- Гэта ўжо занадта.
- Дык хто яшчэ ведаў?
- Дружок дачкi. А гэта такi малойчык, за якога я не прысягну, што ён не вiнаваты: днямi высочваў Луi, двойчы патрабаваў грошай. Можа, гэта дачка яго падбухторвала. А Луi ажно калацiўся, гэтак баяўся, што смаркач раскажа ўсё жонцы цi лiст ананiмны напiша.
- А ты яго ведаеш?
- Не. Ведаю толькi, што зусiм маладзён i зранку працуе ў нейкай кнiгарнi. Апошнiм часам Луi ўсё роўна як чакаў бяды. Казаў, што далей так працягвацца не можа, што жонка пра ўсё даведаецца. Але ўсё роўна я, як даведаўся, што яго забiлi, дык сам ледзь не грымнуўся.
- Колькi ў яго магло быць грошай з сабою?
- Не ведаю, колькi было з сабою, але за два днi да таго мы добра хапнулi.
- Ён меў звычку насiць грошы з сабою?
- У кiшэнi, бывала, насiў. Але трымаў iх у сваiм пакоi. Сама смешнае ў iм было тое, што калi яму трэба было ўвечары вяртацца дамоў, дык ён iшоў на вулiцу Ангулем i мяняў чаравiкi i гальштук. Аднаго разу забыўся i толькi на вакзале ўцямiў, дык прыйшлося ляцець назад. А дома сказаў, што спазнiўся, бо на працы затрымаўся.
- Чаму ты з аўторка не выходзiў з дому?
- А што б вы зрабiлi на маiм месцы? Я як прачытаў у газеце пра гэта, у аўторак уранку, дык адразу прыкiнуў, колькi людзей бачылi мяне з Луi. А калi хто-небудзь паведамiў бы вам? Такiх, як я, заўсёды падазраюць.
- А ты не думаў з'ехаць з Парыжа?
- Не. Думаў, хопiць таго, што зашыўся ў сваю нару, можа, забудуцца на мяне. А сёння ўранку як пачуў голас iнспектара, дык адразу зразумеў, што накрылi.
- А Франсуаза ведае, у чым справа?
- Не.
- Дык адкуль, яна думае, грошы ў цябе бяруцца?
- Па-першае, яна iх толькi частку бачыць, гэта ўжо што пасля скачак застанецца. А па-другое, яна думае, што я па-ранейшаму абчышчаю кiшэнi ў метро.
- Дык ты i гэтым займаўся?
- Вы ж не будзеце, камiсар, настойваць, каб я вам адказваў i на гэтае пытанне? Вам не хочацца пiць?
Мэгрэ налiў яму апошнi глыток.
- Усё выклаў? Ты ўпэўнены?
- Як у тым, што вас бачу.
Мэгрэ адчынiў дзверы i паклiкаў Люка.
- Адвядзi яго ў камеру. I надзень на ўсякi выпадак кайданкi.
Але калi Акрабат павярнуў да яго свой нiбыта гумовы, з дзiўнай, да вушэй, усмешкаю твар, камiсар пашкадаваў яго:
- Няхай там будуць з iм ласкавейшыя.
- Дзякую, пан камiсар. Толькi не кажыце Франсуазе, што я на скачках прайграваў столькi грошай, а то яна мне перадач не будзе насiць.
Мэгрэ надзеў палiто, узяў капялюш - вырашыў пайсцi перакусiць. Ён спускаўся па лесвiцы, як раптам пачуў унiзе нейкую валтузню.
Нейкi маладзён з раскудлачанымi валасамi вырываўся з рук бамбiзы-сяржанта. У палiцэйскага была разадрана шчака.
- Супакоiшся ты цi не, вош малая? - цыкнуў на маладзёна сяржант. - А то я табе зараз увалю!
Мэгрэ перагнуўся цераз парэнчы i ўбачыў, што сяржант прывёў Альбэра Жарыса.
- Адпусцiце мяне! - крычаў Жарыс. - Я ж вам кажу, што пайду сам!
Сустрэўшыся з Мэгрэ, палiцэйскi далажыў:
- Я яго толькi што затрымаў на мосце Сэн-Мiшэль. Я яго адразу ж прызнаў. Хацеў уцячы.
- Няпраўда! Ён манiць!
Жарыс задыхаўся, твар у яго пачырванеў, вочы блiшчалi.
Сяржант трымаў яго за каўнер палiто.
- Скажыце, каб ён мяне адпусцiў!
Ён хацеў ударыць палiцэйскага нагою, але прамахнуўся.
- Я ж сказаў, што хачу бачыць камiсара Мэгрэ. Я сюды сам iшоў, сам!
Адзежа на iм была падраная, штаны запэцканыя. Пад вачыма - сiнякi.
- Я камiсар Мэгрэ.
- Тады загадайце, каб ён адпусцiў мяне.
- Можаш яго адпусцiць, прыяцель.
- Як хочаце, але...
- Ён бiў мяне, - задыхаўся Жарыс. - Усё роўна як я нейкi... нейкi...
Раз'юшаны, ён i слова не мог знайсцi.
Мэгрэ мiжволi ўсмiхнуўся, зiрнуўшы на разадраную шчаку сяржанта.
- А мне здалося, наадварот, што гэта ты яго...
У вачах у юнака блiснуў злы агеньчык.
- Так яму i трэба!
8. МОНIЧЫНА ТАЙНА
- Ну, сядай, прахiндзей.
- Я не прахiндзей! - абурыўся Жарыс. Голас у яго зрываўся. - Не думаў я, што камiсар Мэгрэ абражае людзей, не выслухаўшы iх.
- Ты еў што-небудзь сёння?
- Я не галодны.
Гэта адказвала ў iм упартасць маладзёна.
Мэгрэ зняў слухаўку.
- Алё! Пiўная "Дэльфiн"?.. Дайце мне пана Жазэфа. Алё?.. Пан Жазэф?.. Мэгрэ. Прынясi мне, калi ласка, бутэрбродаў. Шэсць. З вяндлiнаю... Для мяне. Чакай...
- З вяндлiнаю цi з сырам?
- Мне ўсё роўна. З вяндлiнаю.
- Пiва цi вiна?
- Вады, калi можна. Мне вельмi хочацца пiць.
- Жазэф, шэсць бутэрбродаў з вяндлiнаю i чатыры пiва... Чакай... Прынясi яшчэ два вялiкiя кубкi кавы. I хутчэй, добра?
Паклаўшы слухаўку, Мэгрэ пачаў набiраць другi нумар, прыглядаючыся да Жарыса.
Юнак быў худы, бледны, нервовы. Было вiдаць, што каву ён пiў нашмат часцей, чым еў мяса. Але як на жаночы густ, дык быў прывабны.
Жарыс таксама разглядваў Мэгрэ - спадылба.
- Алё! Аддзел вышуку?.. Аддайце загад не шукаць болей Альбэра Жарыса.
Мэгрэ моўчкi пачаў перакладваць свае люлькi на стале. Пастукалi ў дзверы.
- Уваходзьце!
Вярнуўся Нэвэ.
- Выбачайце, я хацеў бы даведацца...
- Можаш iсцi. Дзякую.
Мэгрэ пачаў хадзiць па пакоi. Ён чакаў афiцыянта. Каб прабавiць неяк час, патэлефанаваў яшчэ раз, гэтым разам жонцы:
- Я палуднаваць не прыйду.
- Я так i думала. Ты ведаеш, якi ўжо час?
- Не.
Жонка адно засмяялася: абед даўно мiнуў.
- Я прыйшоў да вас, каб сказаць... - пачаў быў Жарыс, але Мэгрэ адразу ж перапынiў яго:
- Чакай.
Сёння гэта быў ужо трэцi допыт. Трэба было сабрацца з думкамi.
Страшэнна хацелася пiць.
Камiсар мiжволi паглядзеў туды ж, куды глядзеў цяпер Жарыс, i пачырванеў, як школьнiк: позiрк ягоны спынiўся на пляшцы з каньяком, якiм ён, так бы мовiць, частаваў Шрамэка. Ва ўсёй гэтай мiтуснi ён забыўся прыбраць каньяк са стала. Маўклiвы папрок хлопца непрыемна закрануў Мэгрэ: гэта ж трэба было такой недарэчнай прамашкаю пагоршыць у вачах затрыманага ўяўленне аб камiсары палiцыi!.. Ён хацеў быў усё растлумачыць, але змаўчаў - проста ўстаў i паставiў каньяк назад у шафу.
Зноў пастукалi ў дзверы. Гэта быў афiцыянт.
- Заходзь, Жазэф. Пастаў паднос сюды.
Калi афiцыянт выйшаў, Мэгрэ прапанаваў Жарысу:
- Перакусiм.
Жарыс еў з вялiкiм апетытам, хоць i казаў зусiм нядаўна, што зусiм не галодны. Але па-ранейшаму паглядваў спадылба на камiсара. Праўда, пасля другой шклянкi пiва ён трохi пацяплеў.
- Ну як, лепей?
- Дзякую. Але чаму вы назвалi мяне прахiндзеем?
- Да гэтага мы яшчэ вернемся.
- Гэта праўда, што я сюды сам iшоў.
- А чаму ты вырашыў гэта зрабiць?
- Мне абрыдла хавацца.
- А чаму ты хаваўся?
- Каб не арыштавалi.
- А за што цябе арыштоўваць?
- Самi ведаеце.
- Я не ведаю.
- Таму, што я сябра Монiкi.
- Ты быў упэўнены, што мы гэта ведаем?
- Пра гэта вельмi проста даведацца.
- I мы б цябе арыштавалi толькi за тое, што ты яе сябар?
- Вы хочаце як мага болей выцягнуць з мяне. Думаеце, што я пачну манiць, блытацца i вы мяне на чым-небудзь зловiце.
- Ты, я гляджу, дэтэктываў начытаўся...
- Я праглядаю газеты. I ведаю, як вы дамагаецеся прызнання.
Мэгрэ сам сабе вылаяўся: далося iм усiм гэтае непаразуменне з поўхаю, якую ён заляпiў Рэне Лекэру!.. Мiж тым сёння ўранку ён атрымаў ад асуджанага на смерць Лекэра лiст з турмы. Прыгнечаны, забойца прасiў камiсара наведаць яго. Можна было б паказаць Жарысу гэты лiст i ўсё расказаць, аднак Мэгрэ зноў не стаў нiчога тлумачыць затрыманаму i прадоўжыў допыт. Калi ўжо гэты маладзён дапячэ яго з той поўхаю, то ён яму Лекэраў лiст пакажа.
- Дык чаму ж прыйшоў сюды?
- Каб заявiць, што я не забойца.
Мэгрэ распалiў люльку, дапiў пацiху пiва. З-за дажджу на вулiцы пацямнела. Ён запалiў лямпу.
- Ты разумееш, што значыць твой уласны прыход да нас?
- Што вы хочаце сказаць?
- Ты вырашыў, што мы збiраемся цябе арыштаваць. Значыцца, у нас ёсць на тое падставы. Якiя?
- Вы ж былi на вулiцы Ангулем?
- Адкуль ты ведаеш?
- Гаспадыня ж, напэўна, сказала, што я прыходзiў да яго.
- I што, за гэта цябе трэба арыштоўваць?
- Вы дапытвалi Монiку.
- I ты баiшся, што яна прагаварылася?
- Я б здзiвiўся, калi б яна ў вас не загаварыла.
- А чаму ты пачаў з таго, што схаваўся ў сябра пад ложкам?
- Вы i гэта ведаеце.
- Адказвай.
- Я не падумаў. Я баяўся. Баяўся, што мяне будуць бiць i я прызнаюся ў тым, чаго не рабiў.
- Меней бы ты, хлопча, баяўся... Чаму ж ты тады ўсё-ткi, раз баяўся, вылез з-пад ложка?
- Там нельга было болей заставацца. Сябрава цётка ўвесь час па кватэры хадзiла. Дзверы адчыненыя, у хаце скразняк. Я прастыў, а тут нават чыхнуць страшна. Нi ўстаць, нi паварушыцца...
- I ўсё?
- Есцi хацелася.
- I што ж ты стаў рабiць, як выбраўся з кватэры?
- Бадзяўся па вулiцах. Уначы спаў на рынку на мяшках з гароднiнай гадзiну-другую. Двойчы падыходзiў да моста Сэн-Мiшэль i глядзеў на ваш будынак. Убачыў, як Монiка выходзiла ад вас. Я пайшоў на вулiцу Ангулем, там стаяў чалавек, па ўсiм было вiдаць, назiраў за домам. Ваш, напэўна.