Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Ён хацеў прымусiць сябе на ўсё махнуць рукой з цынiчнай абыякавасцю чалавека, вольнага ад усiх умоўнасцей. Такiм яму хацелася некалi быць. Але цяпер гэта не атрымоўвалася. Адбылося нешта незразумелае для яго. Каб раней яму сказалi, што здарыцца так, што яму будзе цяжка расстацца з брыгадай, то ён, напэўна, засмяяўся б. А цяпер, калi ён так прыжыўся там, нават з Ходасам, здаецца, паладзiў, набыў прафесiю i палюбiў яе!.. Крыўдна, шкада. I ён не саромеецца гэтых "банальных пачуццяў". Застацца на заводзе? Але тады трэба iсцi ў другi цэх, зноў вучнем, зноў пачынаць усё спачатку, могуць нават паставiць рознарабочым. Разгружаць вугаль цi вывозiць з цэха стружку разам з тымi дзяўчатамi, што толькi ўчора прыйшлi на завод з вёскi.
Праўда, цяпер ён не думаў са знявагай пра гэтых дзяўчат. Нi да каго - якую б чорную работу нi рабiў чалавек! - ён не ставiўся цяпер з вышынi сваёй выключнасцi. Якая там, да д'ябла, выключнасць! Таксама знайшоўся звышчалавек! Ён скептычна ўсмiхаўся з ранейшых думак пра свае таленты, незвычайнасць, са сваёй гульнi ў расчараванасць, незадаволенасць. Не, цяпер яму хочацца аднаго быць звычайным, звычайным слесарам-зборшчыкам, такiм, як Косця, як хiтрун i насмешнiк Варэнiк, як Лапацiн, як Тарас, як нават Ходас. Як усе яны разам i кожны паасобку - з усiм тым добрым, што ў iх ёсць, i з усiмi чалавечымi слабасцямi. I мець звычайнае шчасце - Машына каханне. Больш нiчога не трэба. Але, пэўна, ён горшы за ўсiх: Маша з iм не хоча нават сустрэцца, i з брыгады яго выгналi...
Славiк спынiўся пасярод шырокай i пустой плошчы. У далёкiм канцы яе, каля паркавай агароджы, прадавалi елкi. Углыбiўшыся ў развагi, ён зусiм быў забыўся, чаго iшоў сюды. Убачыў елкi - успомнiў i адчуў, што нiшто яго не цiкавiць: нi елка, нi Новы год.
А можа, пайсцi да хлопцаў? I сумленна расказаць iм пра ўсё. I з Нiнкай пагаварыць - папрасiць: даруй. Ён адчуў раптам павагу да дзяўчыны, якая "па начах раве ў падушку", але нiкому - нi слова. Але ж - сорамна, ганебна. Як скажаш: даруй, што не кахаю цябе. Не, ён сапраўды такi пашляк i не мае права быць у такой брыгадзе. Каб можна было зайсцi да Машы i да гэтай жанчыны з добрымi сумнымi вачамi... Чамусьцi здалося, што толькi яны маглi б зразумець яго. Вельмi захацелася зайсцi да iх. Але ён разумеў, што цяпер у яго тым больш не хопiць рашучасцi.
- Што ты прывезла ламачча нейкага, а не елак? - закрычаў ён на маладую чырванашчокую жанчыну, якая ў кажуху, у валёнках сядзела на грудцы крыжавiн i смачна ела свежую булку. - Думаеш, гарадскiя - дурнi, любую дрэнь праглынуць? Цi, можа, iм грошай няма куды дзяваць?
- А ты б пазней паспаў, можа б, табе сама Снягурачка прынесла елку, хораша ўсмiхнулася яна. - Елкi як елкi. Хто гэта будзе добры ельнiк рубiць? У цябе елка два днi пастаяла, ды i на сметнiк. А з добрай ялiнкi якое дрэва вырасце!
Яе мудрая разважлiвасць, спакой i здаровы апетыт неяк дзiўна супакоiлi Славiка, нават развесялiлi, настроiлi па-святочнаму. Ён хутка выбраў елку, разлiчыўся. Жанчына зычлiва параiла:
- Галiнак захапi. Падвяжаш, будзе елачка што лялечка.
Славiк нёс сваё свята, дарагое яшчэ з маленства, i стараўся адагнаць прэч усе сумныя думкi. Пакiнуць усе турботы старому году! О, каб можна было ўвайсцi ў новы год зусiм новым, без усяго мiнулага! Нехта ўчапiўся ззаду за елку, пацягнуў. Нехта жартаваў. Ён намерыўся панатужыцца, пацягнуць на сябе, а пасля рэзка адпусцiць - няхай грымнецца нейкi дурань. Але ззаду пырскнуў дзявочы смех. Славiк хутка павярнуўся. Перад iм стаяла Маша. Трымала маленькую пушыстую елачку i ўсмiхалася. Чырвоная, як жар, рукавiчка гарэла памiж цёмнай зелянiны. Iскрылася iнеем хлапчуковая шапка.
- З наступаючым, Славiк.
Ён так узрадаваўся, што забыўся нават павiншаваць яе ў адказ. Стаяў, глядзеў i блазнавата ўсмiхаўся.
Потым яны iшлi побач. Неслi елкi, вялiкую i рэдкую - Славiкаву, маленькую i густую - Машыну. Як у лесе. Славiк сапраўды iшоў, як у лесе, - нiкога вакол не бачыў, нiчога не чуў, акрамя яе голасу. Гаварылi пра пустое, дробязнае. Але ён увесь час думаў, што хутка ёй трэба павярнуць... Яна са смехам развiтаецца i... пойдзе. А ён зноў застанецца са сваiмi пакутамi. Калi яшчэ здарыцца такi выпадак?
Славiк спынiўся, глыбока ўдыхнуў марознае паветра, як бы рыхтуючыся нырнуць.
Маша са смяшынкай у вачах глядзела на яго, напэўна, здагадваючыся, пра што ён хоча сказаць. Ён сказаў амаль шэптам:
- Я люблю цябе, Маша. Я вельмi...
I змоўк - спалохаўся, што яна засмяецца. Яна не засмяялася. Наадварот, зрабiлася раптам вельмi сур'ёзнай. Ласкава дакранулася вогненнай рукавiчкай да адварота яго палiто.
- Выкiнь з галавы, Славiк. Я выходжу замуж, - i ўздыхнула.
Словы яе - як удар молата, таго, шматтоннага, што ў механiчным цэху. Неяк назiраючы за яго работай, Славiк падумаў, што было б, каб пад молат трапiў чалавек. Ён "трапiў пад молат"... "Яна выходзiць замуж за Тараса. Але, за яго, безумоўна. За каго ж яшчэ?"
- Ты дзiця, Славiк. А я - старая. Мне дваццаць тры. Тарас - цудоўны чалавек.
Усё. Цяпер - усё. Няма Машы, няма брыгады. Нiчога няма. Што ж рабiць?
Кiнуўшы елку, як непатрэбную рэч, Славiк доўга без мэты i без думак, з пустой галавой блукаў па горадзе. Спачатку не бачыў людзей. Пасля iх узбуджаныя i шчаслiвыя твары пачалi раздражняць яго. Што iх радуе? Новы год? Елкi? Смешна. Куды б пайсцi, дзе б схавацца, каб нiчога не бачыць, не чуць звычайных, банальных слоў?
Каля пад'езда рэдакцыi стаяў бацькаў "Масквiч". Славiк як бы спатыкнуўся на яго. Доўга стаяў, разглядаў, як дзiва нейкае. Потым з'явiлася думка. Вось яно - выйсце! Паехаць - куды вочы глядзяць. За горад! У снежны прастор! Ляцець, каб вецер свiстаў! З'ехаць на край свету. Няхай шукаюць!
Бацька яшчэ вясной забаранiў яму ездзiць на машыне i адабраў аматарскiя правы. Але запасныя ключы Славiк усё яшчэ насiў з сабой, на ланцужку ў маленькай кiшэнi штаноў. Ён насiў iх з восьмага класа, калi навучыўся вадзiць машыну, i дужа любiў пакруцiць ключыкамi перад сябрамi, перад дзяўчатамi усё, маўляў, мы маем i ўсё ўмеем!
Шыковiч-старэйшы спахапiўся, што няма машыны, хвiлiн праз дваццаць. У рэдакцыi ўзняўся вэрхал. Гэта ж нечуванае нахабства! Украсцi машьшу ад дзвярэй рэдакцыi сярод белага дня, ды яшчэ пад самы Новы год!.. Жах! З абурэннем званiлi ў мiлiцыю з некалькiх тэлефонаў - у абласное, у гарадское кiраўнiцтва: якога д'ябла вы там робiце, калi зладзеi дзейнiчаюць вось так?! Гонар мiлiцыi быў закрануты, i яна праявiла незвычайную аператыўнасць.
Па горадзе Славiк ехаў павольна: усюды мiлiцыя, асаблiва пры выездзе, правяраюць кожную машыну, якая вяртаецца ў горад, адбiраюць елкi. Ён праехаў кантрольны пункт, кiруючыся ўсiх правiлаў, спакойны i ўпэўнены, з папяросай у зубах. Як добры знаёмы, адсалютаваў мiлiцыянеру. Але як толькi вырваўся за горад, даў такi газ, што стрэлка спiдометра хутка перапаўзла лiчбу 100 i пачала канвульсiўна скакаць, падбiраючыся часам ажно да 120. Стары "Масквiч", здавалася, не датыкаўся сваiмi аблыселымi шынамi слiзкай дарогi.
Славiк ехаў пасярод шашы, у лоб сустрэчным машынам. I спрактыкаваныя шафёры ў апошнi мiг кiдалi свае ГАЗы i МАЗы ўбок, узнiмаючы снежны пыл. Мацюкалiся, пагражалi ўслед вар'яту кулакамi.
Шалёная хуткасць канчаткова ап'янiла хлопца. I чым далей - тым горш. Падскаквала, дрынчала машына, кiдалiся пад яе голыя вербы, i шумела ў галаве, мiльгала i дваiлася ў вачах.
У пасёлку хiмiчнага завода аўтаiнспектар хацеў спынiць яго за перавышэнне хуткасцi. Славiк праляцеў мiма. Але пiльны вартавы дарожкага парадку ўсё-такi паспеў запомнiць нумар. Таму вельмi хутка мiлiцэйскае кiраўнiцтва, на радасць сабе, дакладна ведала, у якiм кiрунку гоняць украдзеную машыну. На дзвесце кiламетраў па магiстралi былi падняты на ногi ўсе аддзяленнi мiлiцыi.
Хто затрымае небяспечнага злодзея?
Кiламетраў за трыццаць ад горада Славiк убачыў наперадзе на дарозе сярод пустога поля матацыкл. Двое ў чорных кажухах стаялi пасярод шашы. Ён зразумеў, што чакаюць яго. I тут жа ўявiў амаль дакладна, што адбылося там, у горадзе. Гэта надало яму панурую весялосць. Не аднаму яму пакутаваць. Няхай i самазадаволены "стары конь" паперажывае за сваю "рухомую ўласнасць". У апошнi час ён занадта вясёлы.
- Iду на таран! - закрычаў ён i, наддаўшы газу, памчаў на мiлiцыянераў.
Натуральна, што яны не вытрымалi - адскочылi ўбок. Праз люстэрка Славiк убачыў, як адзiн выхапiў пiсталет.
"Страляюць? Вось гэта здорава! Зусiм як у кiно". Хутка ён убачыў, што мiлiцыянеры ўскочылi на матацыкл. Гоняцца. I хлопца апанавала новае пачуццё азарт гоншчыка-ўцекача. Ён засвiстаў, загалёкаў, як той каўбой на канi:
- Ану, злавiце!
Убачыўшы, што матацыкл адстае, ён знарок прытармазiў газам, даў iм пад'ехаць блiжэй. Зноў убачыў цераз люстэрка, як той, што сядзеў у калысцы, дастаў пiсталет. Тады зноў iрвануў уперад так, што з-пад колаў паляцеў ледзяны пыл.
Мiлiцыянераў чакалi дома жонкi, дзецi i навагоднiя сталы: яны адсталi, упэўненыя, што наперадзе ёсць другiя.
Кiламетраў праз пятнаццаць - дваццаць уцекача чакала другая засада, больш хiтрая i моцная.
Насустрач iшоў ГАЗ-69. Славiк спачатку нiчога не падумаў: цi мала было сустрэчных машын! Ды раптам метраў за дзвесце "газiк" нiбы занясло - ён стаў пасярод дарогi.