Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Машына спынiлася насупраць дома, якi стаяў у глыбiнi старога i, пэўна, здзiчэлага саду: пладоў на яблынях i грушах не было. У суседнiх сялянскiх садках чырванабокiя яблыкi былi вiдны здалёк.
Старшыня выскачыў з кабiны i, нiчога не сказаўшы Шыковiчу, не запрасiўшы нават у праўленне, хутка пайшоў па сцежцы да дома, памахваючы сваёй сумкай.
Калi машына адышла, Шыковiч застаўся адзiн на вулiцы. Ён нават не паспеў спытаць у дзяўчат, якiя таксама выскачылi з кузава, што ж там, у садзе: кватэра старшынi цi калгасная канцылярыя? Ён толькi беспамылкова вызначыў, што гэта былы папоўскi дом. На другiм баку вулiцы цi, хутчэй, цэнтральнай плошчы (тут перакрыжоўвалiся вулiцы) узвышалася былая царква. Шыковiчу хацелася адгадаць, што ў гэтай недарэчнай будынiне - клуб цi склад?
Ды раптам з'явiўся Грак. Без сумкi. З прыветлiвай усмешкай на ўвесь шырокi загарэлы твар:
- Таварыш Шыковiч?
Кiрыла адразу здагадаўся, што адбылося: пакуль яны ехалi, пазванiў Беразоўскi. Усмiхнуўся ў адказ.
- Кiрыла Васiльевiч! - Усё было высветлена. - Як жа можна так? Ай-я-яй... - Старшыня дакорлiва кiваў галавой, цмокаў языком, быццам дакараў малога. - Я разумею, ваш брат, iнжынер нашых душ, хоча глянуць на людзей так, каб яны не ведалi, хто на iх глядзiць. Але мне вы павiнны былi сказаць. Калi трэба, я нi гу-гу.
- Ды не, я хавацца не думаю. Даклад буду рабiць. Можна сёння сабраць людзей?
- На ваша iмя прыляцяць, як матылi на агонь.
"Ого, - падумаў Шыковiч, - ды ён галантны мужчына. Можа i камплiменты выдаваць".
Ветлiва адчынiўшы перад госцем дзверы ў кантору праўлення, Грак закрычаў з парога:
- Трышка! Абвясцiць па ўсяму сялу: да нас прыехаў вядомы пiсьменнiк Шыковiч! У дзевяць гадзiн усе як адзiн у клуб, слухаць лекцыю!
Хлапчына з надзвычай прыгожай чупрынай, белай, хвалiстай (лепшы парыжскi цырульнiк не зрабiў бы такой прычоскi, як зрабiла прырода), раней чым кiнуцца выконваць загад старшынi, шчыра i моцна пацiснуў Шыковiчу руку i паведамiў:
- Я чытаў вашу аповесць. I фельетоны.
Жанчына-бухгалтар, наадварот, чамусьцi скептычна ўсмiхалася. Вiдно было, што гэта маладая мацi: кофтачку на кнопках распiралi поўныя грудзi, з белага твару не сышлi яшчэ плямы. Пры паўнаце постацi твар гэты здаваўся худым, хваравiтым i, бадай што, быў бы непрыгожы, каб не вочы - вялiкiя, чорныя, хiтрыя i разумныя. Ды яшчэ валасы, такiя ж чорныя, скручаныя на патылiцы ў вялiкую куксу, рабiлi жанчыну прыгожай.
Неспадзявана для Шыковiча агульны пакой канцылярыi аказаўся даволi чыстым i ўтульным - нават вазоны на падаконнiку. А сцены абклеены сельскагаспадарчымi плакатамi, падабранымi больш па яркасцi i прыгажосцi, чым па iх прапагандысцкаму значэнню. Плакат, на якiм з кукурузнага пачатка сыплюцца, як з мяшка, каўбасы, сала, масла, сыр, тканiна, гума i iншыя каштоўныя рэчы, аказаўся не на самым цэнтральным месцы, а ў куце каля грубкi.
Грак адчынiў дзверы з шыльдачкай: "Старшыня праўлення", але Шыковiч зрабiў выгляд, што разглядае табель выпрацоўкi працадзён, i не пайшоў у кабiнет.
Старшыня пачаў шаптацца з жанчынай.
Шыковiч здагадаўся, пра што, i перапынiў iх:
- Таварыш Грак, калi вы наконт абеду, то не турбуйцеся. Тры гадзiны назад я абедаў у раённай чайной. За вячэру буду ўдзячны. У нашыя з вамi гады i пры нашай камплекцыi многа есцi - самагубства.
Грак засмяяўся:
- Я думаю, ад яды нiхто не памёр. Можа, памiдорчыкаў, гурочкаў маласольных? А?
- З прыемнасцю. Але пазней. На вячэру.
- А палуднiчак павiнен быць.
Цяпер ужо засмяялася жанчына.
- Энергiя трацiцца ад усялякай работы, - глыбакадумна зазначыў старшыня, каб апраўдаць сваё жаданне паабедаць.
- У мяне, ведаеце, акрамя даклада яшчэ адна справа ёсць. Скажыце, Сухадол Клаўдзя Сiдараўна жывая,здаровая?
- Баптыстка гэтая? Яна сто гадоў пражыве! - кiнуў амаль злосна Грак.
- Баптыстка? - здзiвiўся Шыковiч.
- Ды не баптыстка яна! - запярэчыла бухгалтар.
- Ну не ведаю, якому яна iдалу там кланяецца, але што шаманка, то шаманка. Больш хiтрая, чым тыя, якiх я бачыў у якутаў. Адным словам, дармаедка. Абвясцiла сябе знахаркай. Варажбiткай.
- Ды не варожыць яна. Травамi лечыць.
- Ты, Кацярына, не абараняй. Ты сама туды ж. Сорам! Культурная сiла! кiнуў ён жанчыне з дакорам.
- А што? Яна вылечыла мяне.
- Вылечыла. Лекарка! Прафесар! Дурнота ваша бабская ёй кiшэню набiвае. Хочаце напiсаць пра яе, таварыш Шыковiч?
- Ага.
- Дайце добранькi фельетон. Я вам факцiкаў падсыплю. Можа, пракуратура тады дацягнецца. А то я колькi разоў казаў нашаму пракурору, ды ён усё рукамi разводзiць: "Няма падстаў, трэба блюсцi законнасць". Я ёй, праўда, крыллi падрэзаў - сядзiбку па самыя вуглы адшахаў.
Але, не такой уяўляў Кiрыла гэтую жанчыну, калi пасля доўгiх пошукаў з дапамогай Яраша даведаўся нарэшце, куды знiкла з горада былая сястра iнфекцыйнай бальнiцы Клаўдзя Сухадол.
"Медсястра - i раптам знахарка, сектантка нейкая. Лiха ведае што такое!" разважаў ён, незадаволены, ужо трохi расчараваны, iдучы па доўгай вулiцы ў край сяла. Прыгадваў, як адразу варожа насцярожылася бухгалтар, калi пачула, што ён хоча пiсаць пра Клаўдзю. Што пiсаць - тлумачыць не стаў, бо раптам страцiў веру, што ўвогуле прыйдзецца нешта пiсаць у вынiку размовы з гэтай жанчынай.
Знайсцi яе хацiну было лёгка. Па-першае, яна стаяла трэцяй з краю, каля самага лесу, а па-другое, адзiная такая ў сяле: маленькая мазанка, пабеленая на ўкраiнскi лад. Высокi лазовы пляцень, якiм з усiх бакоў быў абгароджаны цесны дворык, здаўся Шыковiчу крапасной сцяной, за якой нехта як бы хацеў схавацца ад людзей i свету. Дзе ў суседзяў былi садкi i агароды, тут, адразу за плятнём, шапацела надзiва высокая кукуруза. "Каралева палёў", дзiця сонечнай Украiны як бы цягнулася да мазанкi. Спалучэнне натуральнае, нават прыгожае. Але Шыковiчу ўспомнiлiся словы Грака: "Я ёй крыллi падрэзаў", i ён упершыню падумаў аб крыўдзе, якую, напэўна, мае жанчына на мясцовую ўладу i вельмi можа быць - нават на гэтую цудоўную кукурузу.
Ад веснiц паўз хату iшла вузенькая i чысценькая, пасыпаная жоўтым пясочкам сцежачка. Уся астатняя плошча дворыка была разбiта на малюсенькiя акуратныя градкi, засаджаныя гароднiнай i кветкамi. Безумоўна, не хадзiла па гэтым двары нi карова, нi каза, нават слядоў курэй не было вiдно, хоць невялiчкi хляўчук, таксама абмазаны i пабелены, тулiўся ў кутку за хатай.
Шыковiч разгледзеў усё гэта, пакуль, прасадзiўшы руку ў шчылiну, шукаў адмысловую "зачынялку", каб адчынiць веснiцы. Ды так i не знайшоў, хоць дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыi сялянскiх замкоў - круцёлак, засовак, зашчэпак.
I тут з'явiлася сама гаспадыня. Яна, нахiлiўшыся, выйшла з дзвярэй, шырокiмi крокамi падышла да агароджы, цераз пляцень глянула, хто там, адчынiла веснiцы, але загарадзiла сцежку сваёй постаццю, акiдваючы няпрошанага госця дапытлiвым позiркам: што ты за птушка?
Шыковiча адразу ўразiў яе выгляд. Жанчына была на добрую галаву вышэйшая за яго i значна старэйшая, чым яму ўяўлялася, зусiм сiвая ўжо. Па-мужчынску кастлявая, крыху ўжо ссутуленая, але, вiдаць, даволi дужая яшчэ, яна стаяла з пучком сухой травы ў руцэ, як вартавы са зброяй. Глядзела так, што Шыковiчу здалося: вось-вось сцебане яго гэтым венiкам па твары. Ён адчуваў, што не вытрымае яе позiрку, i паспяшаўся загаварыць першы:
- Клаўдзя Сiдараўна?
- Што вам? - сурова спытала яна.
- Я хацеў пагутарыць...
- Пра што? Хто вы?
- Я растлумачу... Я з рэдакцыi. - Вопытны журналiст, ён, можа, упершыню адчуў сябе нiякавата, знаёмячыся з чалавекам.
У старой гнеўна блiснулi вочы.
- Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Я збiраю травы. Раю iх людзям. Няма такога закону, каб забаранiць мне... Няма! Яна крута павярнулася i... пайшла ў хату.
Шыковiч зусiм разгубiўся.
"Чорт мяне пацягнуў за язык сказаць, што я з рэдакцыi. Калi яна зачынiцца i больш не выйдзе, тады хоць крычы пад акном, што мне трэба ад яе".
А з-за плятня ўжо зыркалi цiкаўныя вочы суседкi. Ляпнула акно за спiной, у хаце на другiм баку вулiцы. Яго бралi пад скрыжаваны "абстрэл". Мабыць, другiх сваiх наведвальнiкаў Сухадолiха сустракала iнакш.
Але паколькi веснiцы засталiся адчыненыя, Кiрыла рашуча ступiў у двор i спынiўся перад акном: няхай бачыць, што ён не адыдзе, пакуль не пагутарыць.
Ды жанчына праз хвiлiну выйшла. У выцягнутых перад сабой доўгiх руках яна несла тоўстую кнiжку ў палатнянай вокладцы.
"Няўжо Бiблiя? - амаль са страхам падумаў Кiрыла. - Не хапала клопату!"
Чаго ён не ўмеў - дык гэта весцi антырэлiгiйную прапаганду сярод веруючых. Суцяшаў сябе тым, што гэтага не ўмее рабiць большасць прапагандыстаў, а таму i чытаюць свае лекцыi не перад веруючымi, а перад тымi, хто даўно ўжо нi ў Бога нi ў чорта не верыць.
Яна злосна сунула яму кнiжку:
- Во!
Ён адгарнуў вокладку i ледзь не засмяяўся. Гэта быў том "Лекарственные растения".
- Во! - паўтарыла яна. - Усяго пяць гадоў назад выпусцiлi. Савецкi iнстытут. Медыцынскi. Вучоныя! I ўсе пiшуць: збiрайце травы. Дык пакажыце мне закон, каб забаранялi iх збiраць? Дзе такi закон? - наступала яна.