Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Але ты нiчога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савiч не быў нi ворагам, нi героем. Ён звычайны стары лекар, якi хацеў памагаць людзям у любых абставiнах. Iнфекцыянiст, ён баяўся эпiдэмiй, якiя заўсёды прыносiць вайна. Каб сачыць за санiтарным станам роднага горада, пайшоў на службу да акупантаў. Вось табе ўвесь твой дэтэктыўны сюжэт.
Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапiла з цемры ладны круг, колькi дубоў, сосен i дзiўна пафарбавала iх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны iней- сiвы-сiвы. Над галавой зашамацела лiсце - ад гарачага паветра. Страляў залатымi кулькамi-вугальчыкамi касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках i адсунуўся далей ад агню. Шыковiч стаяў з другога боку вогнiшча, шырока расставiўшы ногi, заклаўшы рукi за спiну.
- Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савiч абвешчаны здраднiкам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе i не герой. Дык што ж, па-твойму, пакiнуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабiлiтаваць яшчэ адно добрае iмя, як рэабiлiтаваны iмёны тысяч нi ў чым не вiнаватых людзей?
Шыковiч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе - чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай i высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў - чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальнiцы. Цяпер, калi Зосi зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя i яна, па сутнасцi, пачне новае жыццё - новае ва ўсiм (аб гэтым ён паклапоцiцца), яму чамусьцi не хочацца, каб хто-небудзь цi што-небудзь вяртала яе да мiнулага. Добра, калi Шыковiчу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што Савiч - сумленны чалавек, сумленны лекар. Але калi не будуць знойдзены дакументы, якiя пацвердзiлi б яго сувязь з падпольшчыкамi, з партызанамi, гэта застанецца толькi яго прыватным перакананнем цi гэткай жа прыватнай думкай Кiрылы. Зосi наўрад цi будзе лягчэй ад гэтага.
- Маўчыш? - пераможна спытаў Шыковiч. - Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якiх мы ведалi, з якiмi працавалi, якiя вучылi нас, прынесла вялiкую шкоду ў пэўны час. Так, я паставiў у цэнтры справу Савiча, бо нельга ахапiць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамi, я выяўляю ўсё новых i новых герояў. Хiба для гэтага не варта пачыхаць ад архiўнага пылу? Хiба пыл гэты такi шкодны? - наступаў Кiрыла так напорыста i рашуча, што ледзь не ўлез у агонь - наблiзiўся да кастра так блiзка, што яму прыпякло калена. Адступiў, нахiлiўся, каб пагладзiць калена, але як толькi прытулiў нагрэтую штанiну да цела - заенчыў:
- Гару, ратуйце!
Жанчыны засмяялiся. Антон ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Такая раптоўная задумлiвасць яго сур'ёзна ўстрывожыла Галiну.
"Залiшне ён думае пра гэтую Зосю", - падумала яна.
14
У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкi. Спакойны i просты, з шырокiм iлбом i глыбокiмi залысiнамi хударлявы твар чалавека год шасцiдзесяцi. Вось ён якi, Савiч! Шыковiч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару.
Данясенне безыменнай разведгрупы аб здраднiках i нацыяналiстах, якiя займалi кiруючыя пасады ва ўправе i палiцыi. Бургамiстр Цiшчанка стаяў у гэтым спiсе першым. Лучынскi - другiм, Савiч - дзевятым, перадапошнiм. Вiдаць, данясенне перадавалася групай па радыё, а таму характарыстыкi былi вельмi лаканiчныя: адзiн-два факты. Толькi факты, без усялякiх тлумачэнняў.
"Цiшчанка Мiкадзiм Фёдаравiч, бургамiстр. Пры арганiзацыi гета ўласнаручна страляў у жыдоў, забiваў дзяцей.
Лучынскi (Склота, Усаў Iван Селiвонавiч), начальнiк палiцыi, шпiён, агент СД. Катуе арыштаваных. Кiруе расстрэламi. Павесiў дзевяць калгаснiкаў сяла Вялоцiчы, заложнiкаў".
Самая разгорнутая характарыстыка давалася рэдактару фашысцкага лiстка, нацыяналiсту Хмару - на добры абзац. Супроць прозвiшча Савiча стаяла: "Загадвае аддзелам управы. Заражае людзей iнфекцыйнымi хваробамi!"
У той суровы ваенны час, пры той падазронасцi, якая мела месца, i такое агульнае абвiнавачванне пераконвала. Безумоўна, што i лейтэнант Шыковiч тады паверыў бы яму: усё можа зрабiць чалавек, якi пайшоў на службу да фашыстаў! Але цяпер, ведаючы па расказах Яраша i другiх Савiча, Шыковiч адразу зразумеў, што ў разведчыкаў не было нiводнага факта злачыннай дзейнасцi лекара-iнфекцыянiста, акрамя таго, што ён загадвае аддзелам управы, i яны яўна выдумалi гэтае - "Заражае людзей iнфекцыйнымi хваробамi". Якiх людзей? Якiмi хваробамi?
Шыковiч не вытрымаў i выказаў сваё меркаванне капiтану Сербаноўскаму. Той адарваўся ад нейкiх папер, якiя перачытваў, уважлiва выслухаў, неазначальна гмыкнуў, сказаў:
- Чытайце далей.
Шыковiч не проста чытаў, ён вывучаў дакументы, як сапраўдны дэтэктыў, звяртаючы ўвагу на кожную дэталь. Данясенне было напiсана на машынцы i, безумоўна, з'яўлялася копiяй. Але на iм стаяла ажно шэсць нумароў i шыфраваных лiтар. Супроць прозвiшчаў Лучынскага i Хмары былi пастаўлены крыжыкi сiнiм алоўкам, наперадзе Савiча - чырвоная "птушка".
Другi дакумент збянтэжыў Шыковiча - заява самога Савiча на iмя нямецкага фельдкаменданта оберштурмбанфюрэра Ютнера. У вераснi 1941 года Савiч запэўняў фашыста ў сваёй вернасцi "новаму парадку" i прасiўся на службу. Паклёпу на савецкую ўладу не рабiў, аднак фактамi ўласнай бiяграфii даводзiў, што мае на бальшавiкоў даўнюю крыўду. Ён, Савiч, дарэвалюцыйны iнтэлiгент i паходзiць з iнтэлiгентнай сям'i, бацька быў выкладчыкам гiмназii. Ён, Сцяпан Савiч, быў жанаты на дваранцы. Рэвалюцыя пазбавiла яго жонку ўсiх правоў, адняла багатую маёмасць. З-за гэтага першая жонка яго заўчасна памерла. Другая яго жонка была пралетарскага паходжання - з рабочай сям'i, але, магчыма, з-за яго бальшавiкi яе праследавалi. Выключалi з iнстытута, калi яна вучылася. У трыццаць сёмым пасадзiлi ў турму, а можа, i расстралялi (нiхто не ведае) яе брата, хоць ён быў сябрам партыi i займаў адказную пасаду на чыгунцы. I самую яе тры месяцы трымалi ў турме. А ў пачатку вайны забралi зноў нiбыта ў армiю, але ён, Савiч, не вельмi ўпэўнены ў гэтым. Ён цяпер, мусiць, здзiўляецца, чаму не зачапiлi яго. Вiдаць, бальшавiкам патрэбны былi яго веды, яго спецыяльнасць, бо лекараў у iх не хапала. Заява канчалася словамi:
"...Пан фельдкамендант!
Сваёй прафесiяй i грамадскай дзейнасцю я жадаю паслужыць стварэнню ў маiм родным горадзе новай цывiлiзацыi i новай культуры, якую прынесла вялiкая армiя фюрэра.
Сцяпан Савiч, лекар".
Чалавек эмоцый, Шыковiч не стрымаўся - i ўголас вылаяўся, калi прачытаў гэта. Сербаноўскi паглядзеў на яго з дзiўнай ухмылкай, здавалася, здзеклiва пытаў: "Што ты будзеш даказваць цяпер?" Кроў ударыла Кiрылу ў твар, ён пачырванеў. З'явiлася адчуванне, што мёртвы Савiч груба i нахабна ашукаў яго, жывога. Каб той, як другiя здраднiкi, галаслоўна i агульна паклёпнiчаў на савецкую ўладу i кляўся ў вернасцi акупантам, гэта пераконвала б менш, чым вось такая бiяграфiя. Бо калi ў ёй усё праўда, то зусiм натуральна, што стары iнтэлiгент мог мець крыўду на савецкую ўладу i гэтая крыўда павяла яго да ворага.
Але ў наступную хвiлiну Шыковiч падумаў пра Заслонава, пра Кузняцова, потым - пра Яраша: колькi ў таго было падпольных бiяграфiй i якую заяву ён пiсаў, калi па заданню гаркома паступаў у пажарную: сын кулака, асуджаны i ўсё, што хочаш.
Не, адступаць нельга! Яраш не жадае, каб ён узнiмаў архiўны пыл, - баiцца за Зосю, гуманiст. Ён i Зося ўпэўнены, што бацька яе - сумленны чалавек, "не герой, але i не вораг". Яраш баiцца, раптам дакументы дакажуць другое. Пакуль што пра здраду Савiча напiсаў адзiн чалавек - Гукан, напiсаў адзiн сказ, на якiм наўрад хто з чытачоў затрымлiвае ўвагу. Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма нiякай справы да нейкага доктара Савiча, лёс яго нiкога не цiкавiць. Дык навошта выцягваць яго з небыцця? Так, напэўна, разважае Яраш. Але ён, Кiрыла, трымаецца iншай думкi. Нарэшце, гэта справа яго гонару: завяршыць пачатую працу!
I Шыковiч пачаў вывучаць гэты бадай што галоўны дакумент абвiнавачвання. Цiкавы дакумент. Ён чытаў пераклад, надрукаваны на машынцы. Але тут жа быў падшыты i арыгiнал. Савiч вырашыў паказаць сваё веданне нямецкай мовы. Вiдаць, сам камендант з нямецкай акуратнасцю зялёным чарнiлам выправiў у заяве ўсе памылкi (iх было многа), падкрэслiў няправiльныя выразы i напiсаў рэзалюцыю ўнiзе пад подпiсам Савiча:
"Пану Цiшчанку. Рэкамендую даручыць пану Савiчу ахову здароўя цывiльнага насельнiцтва", - i вельмi неразборлiвы подпiс, замест якога ў перакладзе стаiць пытальнiк.
"Ахову здароўя! Якi цынiзм!" - падумаў Шыковiч, перачытваючы пераклад заявы яшчэ раз.
Наступны дакумент - пастанова ўправы ў сувязi з эпiдэмiяй брушнога тыфусу, якая ўспыхнула ў горадзе ўлетку сорак другога года. Доўгi тэкст на штучнай беларускай мове. Аднак чамусьцi ў друкарнi замест "н" кiрылiцы часта набiралi "п" лацiнскае. Слова "насельнiцтва", напрыклад, было надрукавана як "пасельнiцтва". Подпiсы - Цiшчанкi i Савiча. Параграф, у якiм гаварылася, што кожны, хто парушыць вышэйпералiчаныя санiтарныя правiлы, будзе асуджаны па законах ваеннага часу, абведзены сiнiм алоўкам. Яшчэ адзiн доказ вiны Савiча. Але тэкст пастановы сведчыў, што напiсана яна чалавекам, якi ведаў, як змагацца з эпiдэмiяй, i сапраўды дбаў пра ахову здароўя цывiльнага насельнiцтва.