Владимир Орлов - Вова Цымерман (на белорусском языке)
Яшчэ Вова быў буйны спецыялiст па жанчынах. Да чутак дадалося i адно маё ўласнае назiранне. Працуючы пасля ўнiверсiтэта ў гарадской газеце, я атрымаў заданне напiсаць рэпартаж, як гараджане дапамагаюць вёсцы. Дабраўшыся з фотакарам пад вечар у калгас, мы заспелi ўсiх памагатых на кiнасеансе ў клубе. Пасля кожнае часткi кiншчык пакутлiва доўга мяняў бабiну i ў залi запальвалi святло. У адным з гэтых перапынкаў я ўгледзеў наперадзе буйную стрыжаную галаву i крутыя плечы Вовы Цымермана, якi абдымаў нейкую маладзiцу. Праз некалькi хвiлiнаў пракураная i запляваная семкамi заля пачула сцiшаны, але выразны Цымерманаў басок: "Слушай, Зинка, надоело. Пойдем лучше пое...ся". "Цiха ты!" - цыкнула Зiнка, i дзве постацi рушылi да дзвярэй.
З сумам мушу зазначыць, што тады я бачыў Вову астатнi раз. Неўзабаве ён паспрабаваў уладкавацца на наваполацкае прадпрыемства пад кодаваю назваю "Измеритель", аднак першы аддзел завярнуў яму дакументы. "Не прошел по шнобелю", - вясёла тлумачыў Вова знаёмым. Але ў душы пакрыўдзiўся i зазбiраўся ў Iзраiль...
Памiж днём, калi я ўзяўся пiсаць гэтыя прыгады, i днём, калi я iх скончыў, была ноч, у якую мне саснiўся Полацак. Чамусьцi ён дужа выдаваў на Нью-Йорк з вядомага фiльма "Аднойчы ў Амерыцы", а мы з сябрамi - на падлеткаў, што зрабiлiся гангстэрамi. Ноч навылёт мы гойсалi па вулiцах, кагосьцi мачылi, рабавалi i гвалцiлi, да апошняга патрона адстрэльваючыся ад мiлiцыi. Ад гэтае стралянiны я i прачнуўся. Ляжаў i ўсцешана думаў, што, дзякуй Богу, нiкога мы з Вовам Цымерманам насамрэч не згвалтавалi, не абрабавалi i не зарэзалi. А таму засталiся ў нас на дваiх успамiны цнатлiвыя ды чуллiвыя, якiмi няшкода i падзялiцца.