Кузьма Черный - Маё дзела цялячае (на белорусском языке)
А потым ужо, у канцы сходу, у яго блiснула думка: "Трэба будзе другi раз у такiх выпадках паглядзецца ў люстэрка - як выглядае пасля прамовы мой твар".
После Козiча стаў гаварыць другi член валасной камячэйкi - Кастусь Курганец.
Адзеты ён быў у блiшчасты, новы скураны фрэнч, сядзеў у касматай, з вушамi, шапцы. Сказаў ён кароценькую прамову, у якой паўтарыў усё тое, што сказаў Козiч. У канцы свае прамовы ён нарысаваў схему органаў улады, ад сельсавета да ЦВК.
Гаварыў ён проста, звычайным языком, так, як гаварыў заўсёды дома.
Усе з цiкавасцю слухалi, а iншыя, каб лепш пачуць, падышлi блiжэй к сталу. Скончыў ён так:
- Старайцеся выбiраць людзей савецкiх, бедных, якiя б маглi працаваць на агульную карысць. Выбiрайце людзей разумных.
- Але, - сказаў сабе пад нос Юлiк Карнавух, - выбераш тут савецкiх людзей, калi iх тут ёсць не больш як чалавек пятнаццаць. Найдзi папрабуй сярод хутаранскiх "ягомасцяў" хоць аднаго савецкага?! А нашы дурнi сядзяць сабе дома чакаюць, "як будуць людзi iсцi"...
- Называйце, таварышы, кандыдатаў! - сказаў Кастусь Курганец.
Не паспеў ён яшчэ змоўкнуць, як пачалi ўжо "выстаўляць" кандыдатаў:
- Гаронiм Цурубалка! - крычалi з аднаго боку.
- Данiель Кiралейза! - чулася адтуль жа.
- Тодар Грыб, - крычалi з другога боку.
- Мацвей Сцепанец!
- Янка Галубовiч!
- Няма iх на сходзе!
- Хвёдар Казёл!
- Няма на сходзе!
- Хама Скрут!
- Сучок!
- Фабiян Свiнкоўскi!
- Цiха, таварышы, не ўсе разам. Не гаварыце гуртам.
- Цурубалка, Кiралейза! - закрычалi зноў хутаранцы. - Свiнкоўскi, Мiхал Папсуй!
Курганец падняўся, падняў руку, каб зрабiць цiха, i сказаў:
- Усякi, хто назваў свайго кандыдата, павiнен сказаць аб iм некалькi слоў, чаму ён яго назваў, хто ён такi ёсць.
I вось пачалi гаварыць.
Кiралейзу "выставiў" Цурубалка, Цурубалку - Кiралейза. I абодва яны аказалiся людзьмi "разумнымi, сталымi, добрымi гаспадарамi, людзьмi, якiя нiколi нi з кiм не сварацца".
Пра Фабiяна Свiнкоўскага сказаў адзiн шляхцiц-хутаранец, што ён чалавек "богабаязны i справядлiвы".
Хама Скрут аказаўся чалавекам "добра граматным", а Тодар Грыб "добрым палiтыкам", i абодва яны - самымi бяднейшымi людзьмi ў вёсцы.
Як толькi Фабiян Свiнкоўскi назваў вясковага Мiхала Папсуя "чалавекам патрэбным у сельсавеце", падняўся маўчлiвы дагэтуль вясковы Марцiн Макарэня.
Ступаючы цiха лапцямi па падлозе, ён падышоў к сталу i сказаў:
- Я не буду баяцца Мiхала Папсуя i скажу, што ён чалавек багацейшы за ўсю вёску. Нашто ён у сельсавеце! Ды ён i не "савецкi".
- Няпраўда, - закрычалi з боку хутаранцаў.
- Пачакайце, я не кончыў, - гаварыў далей Макарэня, - замест яго я раю з хутароў Курловiча Яна. Гэта чалавек наш: ён быў у партызанах.
Курловiча запiсалi ў спiс кандыдатаў i сталi галасаваць.
Хутаранцы трымалiся дружна, паднiмалi рукi ўсе за сваiх. Разам трымалiся i вясковыя, але iх было менш. Дзякуючы гэтаму ў склад сельсавета ўвайшлi: Цурубалка, Кiралейза, Свiнкоўскi i вясковы Мiхал Папсуй.
Па большасцi галасоў "правалiўся" Курловiч. Потым, у самым канцы, аб iм доўга гаварылi; успамiналi, як быў у партызанах, як адвёў польскую роту ад вёскi к лесу, дзе на яе напалi чырвонаармейцы, памiналi яго беднасць i ахвоту працаваць i сяк-так увялi яго ў кандыдаты на члена сельсавета, хоць процi гэтага i гаварылi многiя хутаранцы.
А як iшлi са сходу, гаварылi вясковыя аб тым, што Кiралейза i Цурубалка некалi прыслужвалi паляцкiм жандарам, Фабiян Свiнкоўскi хацеў iсцi ў партызаны процiў бальшавiкоў. А вясковы Мiхал Папсуй, чалавек ужо стараваты, быў вялiкi багатыр i трымаў некалi багатую краму ў мястэчку. Але пра яго толькi думалi, бо сам ён iшоў тут жа, важна ступаючы i пагладжваючы сваю невялiчкую чорную бародку.
Чуючы гоман, праз светлыя акенцы хатаў выглядалi на вулiцу людзi, стараючыся пазнаць, куды гэта iдуць - на сход цi са сходу.
III
Адзiн раз ноччу замерзла зямля, а назаўтра выпаў глыбокi снег. Яшчэ ранiцою ён ляжаў тоўстаю, белаю пярынаю, а к вечару яго прымялi санямi. Вёска стала зграбнай i чыстай. I стала неяк весялей i шумней у ёй.
Цэлымi днямi чуўся з цёмных гумен дробны стук цапоў, часам чутно было, як звiнiць пiла, гамоняць i смяюцца людзi. Па вулiцы часта цяглiся фурманкi з дзеравам.
А прыцемкам, як пакiдалi малацiць, к абледзянеўшым калодзезям паволi цягнулiся касматыя конiкi, шумна беглi каровы i схадзiлiся з вёдрамi людзi.
I, напаiўшы быдла, доўга яшчэ стаялi i ў розных гутарках праводзiлi на вулiцы сваю "шэрую гадзiну". Потым падыходзiлi яшчэ больш i, як саўсiм цямнела, усяёй грамадой валiлi куды-небудзь у хату.
Часцей за ўсё збiралiся ў Тодара Грыба.
Прыходзiў сюды Мацвей Сцепанец, чалавек малога росту з жоўтым худым тварам. Гаварыў ён скрыпучым голасам i меў вялiкую здольнасць бачыць ва ўсiм бяду.
З'яўляўся высокi, малады яшчэ, Янка Галубовiч; таксама малады i заўсёды вясёлы Хвёдар Казёл. А пазней за ўсiх прыходзiў стары Тарас Смольскi. Збiралася чалавек дваццаць, i кожны раз сядзелi за поўнач.
Адзiн раз было вось што.
Як ужо ўсе былi ў зборы, заскрыпеў дзвярыма Мацвей Сцепанец i, не пераступiўшы яшчэ нават парога, загаварыў з нейкаю калючаю ўсмешкаю ў голасе:
- Гы!.. Далi свабоду; свабода, нечага сказаць! Каб майму ворагу гэтакая свабода.
- Чаму, што? - запыталiся ўсе разам.
- Што?! - заскрыпеў Мацвей. - Даўней пры Мiкалаю старшынёю альбо старастаю хто быў?!. Самы першы багатыр! К яму i даступу не было. А цяпер што?! Тая самая трасца! Хто цяпер у нас у сельсавеце?! Кiралейза з Цурубалкам - самыя "дзедзiчы". Чорт к яму цяпер прыступiцца. Сёння я быў у iх на хутарох, каб дроў як трохi прыдабыць, бо яны размяркоўваюць на сваё вобчаства шэсць кубаў дроў, якiя адпусцiла ляснiцтва цераз iспалком, - а дровы яны ўжо размеркавалi мiж сваiмi шваграмi ды кумамi. А Свiнкоўскi, якi быў там, дык проста сказаў, што багаты больш павiнен даставаць ад "савета", бо ён больш дае прадналогу, чым бедны. Вось табе i тая хвалёная свабода!
- А хто ж вiнават? - запытаўся Юлiк Карнавух.
- Пэўна, што не я, - адказаў Мацвей.
- На нашых людзей яшчэ патрэбен бiзун, - умяшаўся Тарас Смольскi. - Я чуў, што як "iх" выбiралi, дык на сходзе нашых нiкога не было. Усякi ўсё, сукiн сын, хоча, каб нехта за яго. А пэўна, каб нашы ўсе былi, то выбралi б каго-небудзь лепшага.
- I ты ж не быў! - гукнуў нехта з кутка.
- Як бы за мною астаноўка, - засердзiўся Тарас. - Гаворыш чорт ведае што. Што я там адзiн памог бы каму? Ды мне i часу не было - я парсюку катух гарадзiў.
- А мне тады нездаровiлася, - абазваўся Мацвей. - I калi я не быў, дык i ўсiм не трэба iсцi?!
- Годзе пералiваць з пустога ў парожняе, - сказаў Юлiк Карнавух. - Усе вы роўныя чэрцi. Слухайце: чуў я, што ў многiх хутаранцаў паўменшвалася ў спiсах жывёлы - каб зменшыць падатак. А з дрывамi гэта праўда? - абярнуўся ён да Мацвея.
- От як я табе кажу, - адказаў Мацвей.
- А тут, лiха на яго, далёка яшчэ чакаць да новых перавыбараў, прагаварыў Хвёдар Казёл.
- А каб папрабаваць цяпер, - нясмела сказаў Янка Галубовiч.
- Каб гэта як-небудзь напiсаць заяву, - нехта яшчэ прыбавiў, - можа, i цяпер як-небудзь змянiлi б свой сельсавет.
- Я думаю, што можна папрабаваць, - сказаў Юлiк Карнавух.
- Ну, дык пiшы.
- Згарэце вы! - нечакана для ўсiх увярнуў слова Юлiк. - Напiшы, а потым цындайся дзесяць разоў з-пад аднаго акна к другому.
- Не тваё дзела, пiшы!
- Так i ёсць - пiшы, а мы ўсе, хто ўмее, падпiшамся.
На другi дзень Юлiк напiсаў, як умеў, заяву i паслаў па хатах з ёю адзiнаццацiгадовага Мацвеевага хлопчыка. Усе, хто ўмеў, распiсвалiся.
А цераз тры тыднi, як заява прыйшла з павета з рэзалюцыяй, Юлiк пайшоў па вулiцы, зазiраючы ў кожнае акно, так, як i той раз. Але цяпер яму памагаў ужо сам Мацвей Сцепанец.
I як прайшлi яны з канца ў канец вулiцу, усе - ад мала да вялiка пайшлi выбiраць свой сельсавет.
1923