Кондрат Лейка - Таклюся-сухотнiца (на белорусском языке)
У гэту ноч Таклюсе снiўся вельмi цяжкi i страшны сон. Ёй паказалася, што каваль Пранук перавярнуўся ў чорта, вырас ад зямлi да самага неба i ў сваiх вялiзных ручышчах дзяржыць вялiзныя абцугi, нагрэтыя ў гарне да чырвацення. Лапамi гэтых абцугоў каваль абшчамiў цэлую грамаду людзей i душыць iх, прыпякаючы так, што аж цела ў небаракаў шыпiць i збягаецца ў пузыры... Тут Таклюся надта спалохалася i раскрыла вочы.
- Згiнь ты, мара, прападзi!.. - шаптала яна, жагнаючыся, i больш ужо ў гэту ноч не змагла заснуць...
У нашых людзей ёсць шмат яшчэ чаго нявытлумачанага i вельмi загадачнага. Iншы працаўнiк жыве ўсё сваё жыццё ў калу ды ў бядзе, не бачыць праз слёзы божага свету, у нудзе плавае, у жалю захлябаецца; здаецца, гледзячы на гэтага ўбогага чалавека, што ў душы яго апрыч думкi аб працы ды пракляцця на сваё цяжкае жыццё больш нiчога няма. Але не: часта бывае, што ў глыбокiх тайнiцах сэрца гэтых забiтых людзей жывуць вялiкiя мыслi i чуццi, абхватваючыя сабою долю ўсяго народа з усiмi яго няўзгодамi i пажаданнем.
Вот гэткая i Таклюся: жыве ў бядзе ды ў цемнаце, працуе, як вол пад ярмом, а мыслямi абыймае жыццё ўсяго свайго народа i хоча разгадаць усе тайнiцы яго долi i ведаць яго будучыню.
Перад Таклюсяй цяпер неразгаданаю загадкаю стаяла тры цiкавых пытаннi:
Першае: калi памiж людзьмi будзе праўда?
Другое: цi дадуць калi-небудзь беднякам зямлi?
Трэцяе: калi ўсiм людзям пазволена будзе вучыцца i малiцца на сваёй роднай мове?
Гэтыя тры пытаннi. вострым клiнам забiлiся ў галаву Таклюсi, i яна нiяк не можа ад iх адвязацца. Як ценi, яны ўсюды ходзяць за ёю i просяцца на разгадку.
- Каб найшоўся якi-небудзь мудрагель, - гаворыць яна сваiм суседкам, - i растлумачыў мне ўсё гэта як трэба, можа ў мяне палягчэла б на душы, а то надта цяжка.
I як толькi сустрэне Таклюся якога-небудзь старога маскаля або жабрака, цi пiсьменнага старца - зара заклiча iх да сябе i пачынае дапытвацца, калi людзям будзе лепш жыць на свеце. На гэта Таклюсiна пытанне адны маўчаць i цяжка ўздыхаюць, а другiя гавораць надта многа, але яшчэ нiхто сваёй адповеддзю не прывёў яе да поўнага здаволення.
1912 г.