Мопассан Де - Мартэнава дачка (на белорусском языке)
Ён так i прырос да парога, спалатнеў, залекацеў мацней, чым яна, i пралепятаў:
- Гэта я, тут я, тут, васпанна Мартэн.
Яна задыхаючыся адказала:
- Ох, не пакiдайце мяне адну, толькi не пакiдайце мяне, Бэнуа!
Ён глядзеў на яе i не ведаў, што рабiць, што казаць. Яна закрычала зноў:
- Вой, вой! Проста на частачкi разрывае! Вой, Бэнуа!
Яна ажно вiлася ад болю.
I тады Бэнуа раптам ахапiла апантанае жаданне паратаваць яе, суцiшыць боль, збавiць яе ад пакут. Ён нагнуўся, узяў яе на рукi, падняў i занёс на ложак; яна не пераставала стагнаць, а ён хутка раздзяваў яе, скiдаў кофтачку, спаднiцу, кашулю. Яна кусала сабе рукi, каб стрымаць крык. А ён зрабiў тое, што звычайна рабiў сваёй жывёле - каровам, авечкам, кабылам: памог ёй нарадзiць, i неўзабаве трымаў у руках пiсклявае немаўлятка.
Ён абцёр яго, увярцеў у палатнiну, якая сушылася каля печы, паклаў на стол на яшчэ не прасаваную бялiзну i вярнуўся да парадзiхi.
Ён зноў паклаў яе на падлогу, памяняў прасцiны i пасля перанёс на пасцель. Яна прашаптала:
- Дзякуй, Бэнуа, слаўны ты чалавек.
I, як ад нейкага запозненага жалю, цiха заплакала.
А ён - ён ужо не кахаў яе, зусiм не кахаў. З каханнем было кончана. Якiм такiм чынам? Чаму? Ён i сам не змог бы растлумачыць. Але тое, што цяпер адбылося, вылечыла яго так, як не вылечылi б i дзесяць гадоў разлукi.
Яна - зняможаная, усхваляваная - папыталася:
- Хто хоць у мяне?
Ён спакойна адказаў:
- Дзяўчынка, ды такая гожанькая!
Яны памаўчалi. Неўзабаве парадзiха цiха папрасiла:
- Пакажы мне яе, Бэнуа.
Ён узяў немаўля на рукi i, нiбы пасвянцоны бохан хлеба, падаў мацi - i раптам дзверы расчынiлiся i на парозе стаў Iзiдор Валэн.
У першы момант ён нiяк не мог уцямiць, што тут да чаго; нарэшце, зразумеў усё.
Збянтэжаны Бэнуа залепятаў:
- Я праходзiў мiма... Iду гэта сабе мiма i раптам чую - крычыць... Ну, я i прыбег... Вось тваё дзiця, Валэн!
Муж са слязьмi на вачах ступiў да Бэнуа, узяў у яго з рук пакуначак, пацалаваў немаўлятка ды так i замёр, не могучы вымавiць слова; потым паклаў дзiця на ложак i падаў Бэнуа абедзве рукi:
- Дай руку, Бэнуа, дай руку! Цяпер мiж намi, сам бачыш, усё сказана... Хочаш - будзем сябрамi, вернымi сябрамi, га?
I Бэнуа адказаў:
- Хачу, вядома, хачу!