Сократ Янович - Сьцяна (на белорусском языке)
- Слушна! - узьнялася авацыя навокал. - Прэч зь перажыткамi ў прымаўках! крычалi ўсе. - Далоў крытыкаваньне! Вiтаем сiлу!
- Стар-шы-ня! Стар-шы-ня! - узмацняўся энтузыязм на нарадзе. Ура-а-ааа!!!..
- Няхай жыве курэўства! - рагатлiва крычалi Сьцяпану ў вуха п'яныя яго прыяцелi. - Ка-юк нам! Ка-юк усiм! Ха-ха-ха...
- Цiха! - маргнуў iм Сьцяпан. Але яны, бы апантаныя, раўлi! Ён, доўга не чакаючы, перасеўся ад iх у канец залi, дзе пад сьцяною стаяла незанятае крэсельца. Аказалася яно без адной нагi; неяк прымасьцiўся на iм.
- Цiха, сябры! - падняўся ў прэзыдыюме нарады старшыня. - Дайце сказаць, э, чалавеку.
I публiка мёртва зацiхла.
- Дасягненьнi каапэратыву, дарагiя прыяцелi, цяжка перабольшыць, нягледзячы на намаганьнi яго ворагаў, - працягваў сваё прамоўца. - Куды нi кiнь вокам, бачны адны рэзультаты. Возьмем, прыкладна, паказьнiкi пакражаў. У нашым аддзеле паменшалi яны ў трынаццаць разоў у параўнаньнi зь першымi гадамi. Ва ўсiм каапэратыве, несумненна, яшчэ больш... - далiкатнюсенька папiў ён вады з па-сучаснаму высокай шклянкi. - Або, хаця-б, пакрываньне клуняў гаспадаром. У гэтай дзялянцы паслугаў мы дабiлiся, проста, дасканалых вынiкаў, якiх нiдзе не пачуеш, i, адначасова, рэдкай каштоўнасьцi наватарскага падыходу да справы. Прысутныя добра ведаюць, пра што я гавару. Удалося нам, здавалася-б, немагчымае! Гаспадары, менавiта, самi крыюць свае клунi, каб толькi бляха была iм!..
- Брава! Брава каапэратыўнаму вынаходнiцтву! Малайчына, дырэктар! - чулiся воклiчы.
- Ня мне дзякуйце, дарагiя, але каханаму старшынi нашаму! Ён - наша галава й сярэдзiна. Тое, што я дасягнуў, адбылося з дабратворнага натхненьня ўсiмi шанаванага Шэфа. Такая, вось, шчырая праўда, - ён элегантным жэстам выцер хустачкай лоб. - Я буду блiзкi пачуцьцяў у нас усiх, калi скажу, што зьяўляюся, звычайна, сьмяцiнкай на сьвятой паперы зь iнструкцыямi, якiя атрымоўваем ад нашага мудрага кiраўнiцтва, узначаленага старшынёй!
- Ура-а-ааа!!!
Выступленьне зацягнулася.
Шматлiкiя асобы пратэстацыйна зашумелi.
Старшыня прыемна пачырванеўся.
- Нiчога, э, ня зробiш, - азваўся ён у раптоўнай цiшынi.
- Прашу й мне даць голас, - дамагаўся таксама бельскi дырэктар. - Я не дазволю на тое, каб iншыя ўсё выгаварылi й нiчога мне не засталося!
- Калi ласка, э, - старшыня цёпла папрасiў яго выступiць.
- Сёньня пачуў я тут важкiя словы, - набiраўся гэты разгону. - Здаўна я сумаваў па iх. Пэрыяд крывадушша ды махлярства ў каапэратыве, на шчасьце, беспаваротна мiнуў. Гэта быў няважны эпiзод у яго гiсторыi й, не павагаюся тут дадаць, у гiсторыi масаў, якiя вакол яго круцяцца, - бяльчанiн парабiў занатоўкi й зараз ён пасабляўся iмi. - Аднак-жа, каварныя недабойкi мiнулага добраахвотна не зыходзяць са сцэны нашых падзеяў. Не называючы прозьвiшчаў, ёсьць яны i ў васяродзьдзi каапэратыву. Скажу я больш: у яго кiраўнiцкiм апараце! - ён зьедлiва паглядзеў у бок Сумленевiча, наводзячы туды зацiкаўленыя позiркi iншых. - Каб не паўтарацца, скажу я вам коратка: ёсьць сiлы, якiя спрабоўваюць пярэчыць нашым дасягненьням. На жаль, я тут не махлюю. А калi я пацяшаюся, дык тым, што здаровая большасьць сваiм справядлiвым ботам растопча, бы жабу, кожнага таго, хто асьмелiцца процiдзейнiчаць натуральным законам грамадзкага руху наперад! Во, - ён усё-ж крышаньку боязна зiрнуў на Сьцяпана й, хуценька, на старшыню. - Мой папярэднiк упамiнаў тут прыклад з клунямi. Нам гэта, ня хвалячыся, ужо былое. Мы ў Бельску пайшлi далей! Будуем-жа асабнякi рукамi iх-жа будучых уласьнiкаў, дабiваючыся мiльённых прыбыткаў, звычайна, за нiшто, во! Распусьцiлi мы будаўнiча-рамонтныя брыгады зь iнжынерамi, якiх, дзякаваць Богу, чорт на хвасьце панёс... Прызнаем лёзунг: "Будуйцеся, людцы, самi!" Канец жартам. Даволi цярпелi мы ад розных патрабаваньняў...
- Ах, як там бойка мазгуюць! - завiсьлiва ўздыхнуў лысы сусед Сьцяпана, працёршы акуляры, каб лепш бачыць захапiўшае яго. - Нам такога-б дырэктара, ах!..
- I я прашу голасу! - вывiснуў нехта ў тлуме.
- Па чарзе, э, сябры, па чарзе, - старшыня пастукаў алоўкам па шыйцы графiну з вадою. Нарада паслухала яго пазвоньваньня ў пачцiвым маўчаньнi. Ну, калi ласка, э, ты, - указаў ён на ахвотнага.
- Дзякую, дарагi старшыня! - выскачыў указаны, бы прымаразак у ранiцу. Факт, што дазволена мне сёньня выказаць сваё слова, як-жа бяззначнае, як-жа нягоднае нават адной хвiлiны ўвагi каханага старшынi, факт гэты, так сказаць, векапомны мне, застанецца ў маёй памяцi назаўсёды, як вышэйшая праява агульначалавечай ласкi. Факт, безь якога немагчыма ўявiць маё далейшае разьвiцьцё, залатымi лiтарамi будзе запiсаны ў... у... гм, у...
- У мазгох, - падказалi яму з залi.
- У мазгох! Мала сказаць - у мазгох, у сэрцы запiшу я яго, i дзецi мае ды ўнукi! Бо, самi падумайце, што... чаго былi-б мы вартыя без бацькоўскага клопату старшынi, якi жыве ў кожным з нас. Старшыня й каапэратыў - гэта сынонiмы аднаго й таго-ж...
- Гэта - што? - перапытаў у яго старшыня.
- Сынонiмы, - аратар пабялеў.
- Э-э... Люблю я, э, крытычнае слоўца ў мой адрас, - ураўнаважана сказаў ён. - Э-э... Ну, што далей? Гаварыце, э...
- Прабачце, ад урачыстага хваляваньня мне перасохла ў горле, - глуха пралапатаў той. - Няхай жыве наш старшыня!
- Няхай!
- Няхай!!!.. Ай!.. Ай!..
- Ура-а-аа!!..
Выкрычалiся ўдосталь. Слабейшыя хапалiся за левы бок грудзей, ня ведаючы, што сэрца знаходзiцца больш-менш пасярэдзiне iх.
У атмасфэры адчувальнай трывогi ва ўвесь рост падняўся мажны мужчына, пра якога Сьцяпан дачуў шаптанiну: "О, гэта той".
- Прыгожа гаварыць я ня ўмею, сябры. Зрэшты, ня ў тым, я думаю, справа, ён перавёў дых. - Прадмоўца, проста скажу вам, павiнен быў хоць трохi пабыць сумленным, гэта значыць, упамянуць, што выступiў ён ад свайго ймя, i толькi ад свайго. Бо мы, усе тут сабраныя, - ён значна ўзмахнуў рукою, - рашуча й востра кляймiм яго нахабную нападку на старшыню й згуртаванае вакол старшынi кiраўнiцтва каапэратыву, i нас, згуртаваных вакол кiраўнiцтва! - О Гэта Той павёў вачыма па тварах прысутных, зьмярцьвелых ад унутранага напружаньня. Няхай ён, - тут указаў тоўстым пальцам у кiрунку свайго папярэднiка, - свае сымонiны павесiць у прыбiральню на цьвiчок! Ды, нават, у прыбiральнi быць iм, усё-такi, залiшнi гонар, эгэ...
- Правiльна!
- Гарачым жалезам прыпячэм заразу!
- Выключыць, паскуду, з каапэратыву!
- Вон! Вон! Вон!
- Супакойцеся, сябры, - папрасiў О Гэта Той. - Перш трэба нам выкрыць сутнасьць варожых падкопаў, накiраваных супроць...
- Я... Я... Я, я, я... - схапiўся са свайго месца прадмоўца. Ён, незнарокам, перакулiў флякон з кветкамi на стале, зь якога вылiлася вада, замочваючы нататнiкi ўдзельнiкаў нарады. - Я... - i пахiснуўся ён, быццам падкошаны, i павалiўся на падлогу. Абамлелага, вынесьлi яго ў калiдор, перадалi пад апеку прыбiральнiцы.
- Сядайце, сябры, - О Гэта Той ветлiва папрасiў тых, што выносiлi нягоднiка й зараз спалохана стаялi ля парога. - Ворагi нашага калектыву, як бачыце, цалкам iзаляваныя, - прамаўляў ёй далей. - Такi лёс чакае i iх пасьлядоўнiкаў, якiх, несумненна, вышукаем, як тых гнiдаў на здаровым, жыцьцярадасным целе, эгэ...
О Гэта Той задумаўся.
Ён, як карова хвастом ад мухаў, аднекваўся ад прыбою воплескаў досыць нецярплiва вымаўляючы якiясьцi словы, нячутныя. Да яго падбягалi з нарады й сардэчна цiснулi яму рукi, ляпалi па плячы. Урэшце, падхапiлi яго, бездапаможнага на хвалi энтузыязму, на рукi ды гушкнулi пад самюткую столь; ён, растапыраны ўгары, праляцеў над галовамi ды гакнуўся, як нежывы, на даўжэрны канфэрэнцыйны стол, разьбiваючы сабою шклянкi, бутэлькi зь лiманадам, пасудзiны зь яблыкамi; асколкамi разьляцелiся з-пад яго ў бакi пiсьмовыя прыборы. Звалiў ён сабе на жывот пудовы жырандоль, за якi, падаючы, на мiг зачапiўся.
Ляжаў, вырачыўшыся О Гэта Той па-казьлiнаму.
Прывялi i па яго прыбiральнiцу. Кабецiна ўшчаперылася аберуч у ягоны каўнер ды вывалакла тушу - разьбiваючы ёю няшчаснае крэсла, перакуленае, - у каморку зь мётламi, вёдрамi, вугалем. Там ужо прытамнеў яго прадмоўца.
Старшыня пакiнуў прэзыдыюм i, мiкалаеўскiм крокам, прайшоўся памiж прысутнымi. Заклаўшы рукi за сьпiну, ён спынiўся насупроць чародкi гарэлчыных братоў:
- Гэта вы, э, крычалi: "Няхай жыве курэўства"?
- Мы, - адказаў адзiн зь iх.
- Няпраўда! - бязладна запярэчыла рэшта братоў. - Толькi ён крычаў...
- Выслаць iх, э, на iнвэнтуру тараканаў у складах, - загадаў старшыня. Меншага - у меншы склад, большага - у большы...
- I мяне зь iмi выганеце, пане старшыня, - выступiў наперад Сьцяпан.
- Яго, - старшыня павярнуўся да Сумленевiча, - пастаўце, э, над iмi шэфам.
- Тараканiным! - зарагаталi наўкола на нарадзе.
- Тараканы - таксама ўласнасьць каапэратыву, - заключыў старшыня. - Хто сьмяецца з тараканаў, э, той сьмяецца зь сябе, э...
...Сумленевiча штурхнулi ў плячо.
- У вас пытаюць, пане загадчык, - сказалi яму збоку.
Сьцяпан прытомна заморгаў вачыма, зразумеў, што ёсць да яго пытаньне ад старшынi.
- Прабачце мне, - сказаў Сьцяпан. - Я не дачуў вас...
Яму паўтарылi пытаньне.
I ён адказаў на яго.
У вынiку нарады вырашылi ўтварыць праблемную камiсiю, якая падрыхтуе прапановы ўдасканаленьня дзейнасьцi аддзелаў каапэратыву. На чале камiсii паставiлi Сьцяпана Сумленевiча, якi выдатна паказаў сябе, узорна арганiзоўваючы працу ў даверанай яму адмiнiстрацыйнай сэкцыi каапэратыву.