Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы
Медаль з надпісам «лепшаму кветкаводу» Валянцін павесіў над прылаўкам, каб ён кідаўся ў вочы кожнаму, хто ўваходзіў у краму. Апоўдні ад пазалоты адбівалася сонца, і наведвальнікам даводзілася жмурыцца. «Мая слава асляпляе», — казаў Валянцін. І Ліза не заўсёды разумела, жартуе ён ці не.
Свята горада адшумела і заціхла, было вымецена з плошчы разам з тысячамі завялых пялёсткаў. Крыху пазней тым жа венікам нябачны дворнік вымеў з горада лета. Бочкі, наскрозь прапахлыя цыбульным ды палыновым настоем, цяпер марна збіралі дажджавую ваду, таму што труціць больш не было каго: жукі ды вусені зніклі, скончыўшы свой кароткі насякомы век. Градкі рабіліся пустымі адна за другой, а ў краму ўсё часцей зазіралі школьнікі, каб купіць рознакаляровыя віхрастыя астры для спадарыні настаўніцы.
— Ах, як я зайздрошчу вам! Вы заўсёды сярод кветак! — неяк сказала Лізе адна маладзенькая наведвальніца. Яна гойдалася на крэселку ды частавалася шакаладкамі, пакуль у садзе яе малады чалавек пад суровым наглядам Густава акуратна зразаў белыя духмяныя хрызантэмы.
— Так, праца добрая, — адказала Ліза. — Але ведаеце, за ўсё жыццё мне ніхто не падарыў букета. Ні разу.
— Вось як, — дзяўчына сумелася ды не знайшла, што адказаць. Яна спагадліва зірнула ўслед, калі Ліза закульгала да касы.
Гэтыя спагадлівыя погляды Ліза адчувала спінай. Не тое, каб яна крыўдзілася ці перажывала. Яна жыла са сваёй недасканаласцю, як пакамечаная кветка, якую выкінулі з пышнай святочнай вазы, але клапатліва паставілі ў просценькую малочную бутэльку на кухні. Калі табе дадзена такое жыццё — напэўна, менавіта яго табе і варта прайсці, не марачы пра штосьці іншае. Ліза імкнулася браць прыклад з Густава і не думаць зусім. Але вось... Не думаў ён ці думкі проста не пакідалі следу на яго нерухомым твары? Калі Ліза раз-пораз успыхвала, усплёсквала рукамі, вохкала, усміхалася ці журылася, то флегматык Густаў нагадваў закрыты калодзеж. Чорна, ціха, пуста. А можа, і не пуста? Можа, недаступна чужым вачам, патаемна, як кукалка пладажэркі ў скручаным лісці яблыні?
Набліжаліся Каляды. Па шэрым небе плылі аблокі, падобныя на тоўстыя падушкі, набітыя пер'ем. Раз-пораз падушкі лопаліся і рассыпаліся снегам, тады Густаў браўся за лапату і расчышчаў дарогу да крамы. Здаралася, замярзаў і не звінеў дзвярны званочак. Ля ўвахода намаганнямі Лізы з'явіўся тоўсты дыванок для ног і шчотка, каб абтрасаць прыпарушаную снегам адзежу, на дзвярах — вянок з вастраліста. А ў халодным цёмным склепе чакалі свайго часу прарослыя цыбуліны. Вазон за вазонам Ліза пераносіла ў цяпло, да святла, і кветкі прачыналіся: гіяцынты і нарцысы — праз два тыдні, шафран — праз тры дні, а бела-блакітныя і фіялетавыя малюткі — карлікавыя касачы — расцвіталі амаль на вачах, праз некалькі хвілін пасля таго, як аказваліся ў нацепленым светлым пакоі. Ці не цуд? Кветкі здзіўлена глядзелі ў акно: навошта так бела на вуліцы? І зіма адтуль, знадворку, нібы ўглядалася ў гэтыя яркія плямкі лета, што праз нечае сваволле несвоечасова ажылі. Ад яе сцюдзёнага позірку патрэсквала шкло ў рамах, і Ліза пацепвалася, захінаючыся ў хустку, а Густаў падкідаў у камін яшчэ паленца.
За некалькі дзён да Каляд Густаў прыцягнуў з кірмаша пухнатую яліну з заінелымі лапкамі. Яна адтала, адагрэлася і напоўніла краму, ад падвала да мансарды, смалістым лясным водарам. Яліну паставілі ў вядро з пяском, умацавалі і прыняліся прыбіраць. Ліза стаяла на крэселку, Густаў падаваў ёй цацкі, з усяе сілы імкнучыся нічога не зламаць і не разбіць. З асаблівай пяшчотай ён браў шкляныя шарыкі: адной рукой трымаў, а далонь другой падстаўляў знізу, баючыся выпусціць знянацку. Атласных, расшытых шклярусам анёлаў і фей Густаў хапаў за крылы, нібы шкодных насякомых, і працягваў Лізе ножкамі наперад. І раптам ён збянтэжана ўтаропіўся на пазалочаныя арэхі і доўгія паласатыя ледзянцы: для чаго вешаць на ялінку, калі можна адразу з'есці? Яго позірк падняўся ўгару.
— Навошта гэта? — спытаў ён пра амялу, што вісела пад столлю.
— Традыцыя, — пасміхнулася Ліза. — Двое, сустрэўшыся пад амялой, цалуюць адно аднаго.
Густаў наморшчыў бровы. У яго быў выгляд чалавека, які ўпершыню сустракае Каляды. Ліза
хацела спытаць пра гэта, але не адважылася.
Валянцін прыхарошваўся. Завязаў гальштук нейкім неймаверным вузлом, намачыў вечна ўскалмачаныя валасы, і яны нават хвіліну ляжалі роўна. Патрапаны фрак, відавочна з чужога пляча, вісеў на ім і тапырыўся складкай уздоўж спіны. Ялінку Валянцін нібы і не заўважаў. Нават калі Густаў і Ліза, нанізваючы каралі, грукнуліся на падлогу і рассыпалі скрынку чырвоных пацерак, і тыя са стукам раскаціліся па ўсёй краме, садоўнік не прамовіў ні слова.
Потым Ліза адправіла Густава ў падвал па віно, а сама падпільнавала Валянціна пад амялой. Яны сутыкнуліся твар у твар. Садоўнік, як звычайна, лунаў у паднябессі і нават не думаў зірнуць на столь.
— Можа, ты дазволіш мне прайсці? — не вельмі ласкава спытаўся ён.
— Так-так, вядома, — прагаварыла Ліза, і шчокі яе запунсавеліся.
Ён падняў галаву, хмыкнуў.
— А ці ведаеш ты, Ліза, што амяла — гэта паразіт, які п'е сокі з безабаронных дрэў? — спытаў ён суха і ступіў убок. Ліза не ведала, куды падзецца ад збянтэжанасці.
— Я паставіла ўжо запякаць індычку, — дрыготкім голасам прамовіла яна. — І... ты не памятаеш, дзе святочныя сурвэткі? Я абшукала ўсё...
— Ліза, ды якія сурвэткі, сёння я не вячэраю дома, — рассеяна адказаў ён, апранаючы паліто і нацягваючы пальчаткі.
Тут з падвала з'явіўся Густаў з пыльнай бутэлькай у руках, і адначасова з ім у краму ўвайшла труфельная прыгажуня. Элегантная вопратка, румяныя шчокі, — не дзяўчына, а доўгачаканы падаруначак пад ялінкай. Яна хавала рукі ў футравай муфтачцы, з-пад капюшончыка яе рудога футра выбіваліся кудзеркі, а на боціках з футравай аблямоўкай не бялела ніводнай сняжынкі. Хіба ж такія прыгажуні ходзяць пешшу? Напэўна, ля самага парога яе чакаюць сані.
Валянцін кінуўся насустрач, і яны сустрэліся акурат пад амялой.
— Які хітрун, — усміхнулася дзяўчына і пацалавала Валянціна. Ліза ўспыхнула і адвярнулася. Бровы Густава ізноў высока ўзняліся. А парачка ўжо знікла, пляснуўшы дзвярыма і пакінуўшы пасля сябе змешаны водар марозу і дарагіх духоў.
— Яна падобная на цукерку, — прагаварыла Ліза сумна.
— Цярпець не магу салодкае, — адгукнуўся Густаў.
Яны паглядзелі адно на аднаго. Ліза ўздыхнула, правяла задуменна рукой па рукаве Густава, кіўнула яму і сышла ў зімовы сад, дзе драмалі пад лапнікам ружы. Добра кветкам узімку. Іх ухутваюць яловымі галінкамі, абвязваюць саломай, укрываюць сухім лісцем. Ах, калі б гэтак жа ўхутаць, ахаваць сэрца ад халоднага кахання без узаемнасці! Ліза блукала па замеценых дарожках, заграбала чаравікамі снег і не заўважала гэтага. А Густаў назіраў за ёй скрозь наледзь на акне, і кулакі яго сціскаліся. Вельмі рэдка ён адчуваў такую бяссільную злосць, як цяпер. І няма на кім яе спагнаць. І Лізу, і Валянціна ён аддана любіў. А труфельная прыгажуня — што з яе ўзяць? Урэшце, на яе месцы магла апынуцца і іншая. Не ў гэтым справа. А вось у чым, ён не ўмеў зразумець, не мог, і ад гэтага хмурнеў усё больш.
Марудны і непаваротлівы, Густаў быў асабліва нязграбны ў абыходжанні з дзяўчатамі. Ён выдатна разбіраўся ў арэхатворках і крыжакветных блошках. Нейкім нябачным трэцім вухам чуў, як з чмяканнем ядуць цыбуліну цюльпана цвёрдыя, як дрот, лічынкі шчаўкуноў. Умеў, зазірнуўшы пад лісток, знайсці там непрыкметнага вусеня соўкі ці тлю. А вось зазірнуць у душу дзяўчыны і зразумець яе мудрагелістыя дзявочыя нягоды — о, як жа гэта было складана для яго! І ён пахмурным ценем цягаўся за Лізай, цямнеў ці святлеў следам за ёй, люстэркам паўтараў яе настрой.
Яны прачакалі Валянціна да позняга вечара — і толькі апоўначы сцямілі, што ён не вернецца да наступнага дня. Гарэлі свечкі на ялінцы, астывала некранутая індычка, ляжалі цішком у камодзе так і не знойдзеныя Лізай святочныя сурвэткі. Ліза і Густаў сядзелі за сталом і моўчкі пацягвалі віно.
— Што ж, з Калядамі, — прагаварыла Ліза. — Там, пад ялінкай, ляжыць падарунак табе. Раніцай разгорнеш...
Крыва ўсміхнуўшыся, Густаў зрабіў таямнічы твар (напярэдадні ён доўга рэпеціраваў гэтую грымасу перад люстэркам) і дастаў з кішэні знаёмы пакуначак.
— Чароўнае насенне! Ты ўзяў без дазволу? Валянцін ведае? — ахнула Ліза.
Густаў кіўнуў, потым пакруціў галавой і жаласна зірнуў на Лізу.
— Добра, але толькі па адным, — пагадзілася яна. — Бо насенне патрэбна Валянціну для эксперыментаў! Мы не можам марнаваць чарадзейства на пустыя забаўкі.
Бесцырымонна адсунуўшы індычку, яны паставілі на стол два вазоны з зямлёй і пасадзіла ў кожны па семечку.
— Давядзецца чакаць раніцы? — са шкадаваннем спытала Ліза.
— Не. Заплюшчы вочы і думай, — вымавіў Густаў нязвыкла доўгую фразу і ўзяў дзяўчыну за рукі. Яны старанна зажмурыліся і чулі толькі дыханне адно аднаго, патрэскванне марозу за вокнамі ды як часам выстрэльвала іскрынка ў каміне. Але раптам цішыня амаль непрыкметна змянілася. Як быццам у пакоі з'явіўся хтосьці яшчэ і, не дыхаючы, затаіўся з лёгкай усмешкай. І пах з'явіўся, нейкі няўлоўна знаёмы, цёплы летні пах... Яны абодва адчулі гэта, не расплюшчваючы вочы.