Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля
Дзярэча стомлена правёў далонню па твары, усё роўна як хацеў сцерці ўспамін, які праступаў туманна з недалёкага мінулага, і толькі востра, быццам гэта зараз было, адчуў смак свежага агурка з грады... Ён усміхнуўся гэтаму ўспаміну, зняў тэлефонную трубку, набраў нумар.
— Цыганкоў, здароў. Дзярэча. Не, не той, не аграном. Ага, я, я. Не дагадваешся? А чаго ж на зайчаціну не пазваў? Якую? А на тую, што з-пад Альховых Крыніц табе на стол прыбягала. Не прыбягала? I ні разу такога не было? А дзевятнаццаць-пятнаццаць не твой нумарок? Не, у цябе трынаццаць. Ну, можа, і трынаццаць, уначы не надта разгледзіш. Не, тут жартачкі малыя. Гэты нумар мне даў Яновіч. Ага, сам. I папрасіў, каб я праверыў і далажыў. Ладна, Цыганкоў. Твая машына, таму ў цябе і пытаюся. Знаю, больш знаю, чым ты думаеш. Глядзі сам, а то другі раз нумарок правільна ўгледзяць. Ладна, ладна, далажу. Усё сваю меру мае. Ладна, дагаварыліся на першы раз. Ну, будзь здароў. Будзь.
Дзярэча ўсміхнуўся — які начальнік упраўлення святы, ён ведаў.
— Аўтаінспекцыя? Дзярэча звоніць. Лаўлю, лаўлю... Такі нумар, падкажэце, у каго ў нас на «козліку»... Дзевятнаццаць-пятнаццаць... Я пачакаю.
Старшыня паляўнічага калектыву акуратна згроб, склаў у стос паперы на стале адною рукою, укінуў у шуфляду стала, замкнуў яго.
— Слухаю, слухаю. Няма ў нас такога нумара? Дзевятнаццаць-трынаццаць ёсць? Ведаю, у Цыганкова. А дзевятнаццаць-пятнаццаць няма ў раёне? Добра. Будзьце.
Дзярэча стомлена, спакойна, быццам наперад ведаў, што і павінна так быць, устаў з-за стала і, ужо стоячы, яшчэ раз набраў тэлефонны нумар.
— Прыёмная? А Пятра Іванавіча можна? Дзярэча звоніць. К канцу дня толькі? Я вас папрашу, перадайце яму, што я праверыў тое, што ён мяне прасіў. Запішыце — машыны з такім нумарам у нас у раёне няма. А мы возьмем пад кантроль Альховыя Крыніцы. Калі ласка. Усяго вам добрага.
Ён паклаў трубку, пастаяў, нібы абапіраўся на яе, стомлена і задаволена ўсміхнуўся: дзень быў сёння ўдалы, накрылі браканьераў, якія надакучылі на Заганавіцкім возеры. Ён стаміўся за дзень і хацеў есці, як здаровы мужчына пасля немалое, але добра зробленае работы. Старшыня надзеў балонневы плашч, шэрую летнюю шапку і падаўся дадому.
***
Дзямідчык пяшком дабіраўся да вакзала. Па дарозе зайшоў у сталоўку, выпіў піва, а потым падумаў, што ўдалася паездка, купіў і выпіў бутэльку «Белага моцнага». Ад гэтага яшчэ прыветнейшым здаўся асенні зажураны і затуманены дзень, на які плакаліся вялікія вокны магазінаў, прывяла, мокра ляжала на тратуарах пачарнелае лісце. Дзень быў мяккі, лагодны, пад Сцяпанаў цяперашні настрой. Яму нават пагаварыць хацелася, расказаць каму, што гэтак добра з’ездзілася. Дома, на гаспадарцы, вечна работа, ад яе ніколі нікуды не дзенешся. Гэта ўсе ведаюць. А такую работу, як зрабіў ён, не кожны зробіць. Вось так узяў і пайшоў да начальства, а цяпер хай паспрабуе хто сунуцца ў поле. I яшчэ яму хацелася расказаць, што начальнік гэты — сын тае жанчыны, якую ён некалі любіў, якую праводзіў некалі з вечарынак і з якою нават цалаваўся. I яна была самая прыгожая і самая лепшая ў свеце. I яшчэ ён мог сказаць, што яму і цяпер баліць і што недзе не памерла ў грудзях злосць на Яновіча, які перайшоў яму, Дзямідчыку, дарогу, але ён не мог гэтага сказаць і не хацеў сам сабе ў тым прызнацца, бо Яновіча ўжо няма на свеце, а тым, хто памёр, нельга ні зайздросціць, ні злавацца на іх.
Гэтак лёгка і весела ішоў ён у вільготны, нізенькі рахманы асенні дзень, які, здавалася, вось-вось гатоў замружыцца, расплакацца лёгкаю імжою. Ішоў і адчуваў сябе молада, здарова, усміхаўся сам сабе і сам гаварыў добрыя словы, бо быў ужо стары чапавек і жыццё навучыла яго не гаварыць услых тое, што ўспамінаецца ці думаецца сам-насам, бо людзі не зразумеюць, а потым яшчэ і пасмяюцца, і ад гэтага надоўга ў душы застанецца жыць боль.
Нават тое, што дзяжурная вакзала спачатку дурыла людзям галовы, гаварыла, што аўтобус спазняецца, а потым, калі пачало цямнець, аб'явіла, што аўтобус паламаўся, з гаража не выйшаў і, такім чынам, сёння яго не будзе, можна здаваць білеты, не сапсавала Сцяпану настрой. Вохкалі і клялі яе бабы, потым рассыпаліся ў горад — хто начаваць да радні ці знаёмых, хто галасаваць на спадарожную, якіх не надта ўжо і будзе на ноч.
Выпітае віно крыху выветрылася, і весялосці і лёгкасці разам з ім таксама ўбыло. Смярдзела ад чыгункі мазутам, сладкаватым дымам, і Дзямідчыку захацелася выйсці з гэтага тлуму, хай і невялікага, але гарадскога тлуму, захацелася ў поле, дзе пахне мокраю асенняю зямлёю, выбранаю бульбаю, бурачнікам, мокраю травою і адсырэлым бадыллём цыкорыі, быльнягу, лебяды на межах і абочынах палявое дарогі.
Ён пастаяў, пачакаў аўтобуса, каб выехаць за горад, і там, на абочыне, знайшоў палку, пачапіў на яе сумку, у якой быў заказаны жонкаю алей і накупляна смачнага гарадскога свежага хлеба, ускінуў сумку за плечы, выкіраваў на дарогу — хвала Богу, дарога-сыпанка, сухая, ісці можна. Некалі і без дарогі хадзілі, па гразі, цяпер распанелі.
Гэтым ён супакойваў сам сябе і стараўся не думаць, што калі ісці, то, як ні кажы, дарога няблізкая.
Калі ззаду выбліснула на дарозе святло, Дзямідчык спыніўся, з надзеяй азірнуўся і пачакаў, пакуль машына пад’едзе, нават і рукою махнуў. Машына напорыста шуганула міма і толькі калі прамінула яго, усё роўна як раздумала, затармазіла, зырка бліснула чырвонымі агнямі.
Дзямідчык падбег, прачыніў дзверцы. 3 машыны дыхнула цяплом, у ёй было светла, як у хаце, пахла цыгарэтным дымам. За рулём сядзеў малады, без шапкі, з акуратна расчэсанымі валасамі шафёр. I твар яго быў малады, і сам ён здаўся яшчэ зусім хлапчуком. I гэтакім жа чыстым голасам добра ўсміхнуўся, нічога не папытаўся, сказаў: «Садзіся, дзядзька, весялей будзе».
Дзямідчык спачатку ўвапхнуў сумку, паставіў і кій, потым і сам умасціўся на сядзенне.
Шафёр увесь час паблажліва, з усмешкаю глядзеў на дзядзьку. I толькі тады, як машына кранулася, азірнуўся цераз плячо і папытаў:
— I куды, дзядзька, паедзем?
— Мне да Альховых Крыніц...
— А мне к цешчы на аладкі.
— Якія ж на ноч аладкі?
— На ноч будзе і скварка, і чарка, а на раніцу і аладкі.
— Хіба што так, а то б чаго гэтак перціся.
Дзямідчыка страсянула на яме, і ён аж ікнуў ад нечаканасці.
— А ты, дзядзька, у газету не пішаш?
— Адкуль ты ўзяў?
— Ведаеш, што каму рабіць трэба.
Шафёр круцянуў руль, аб’язджаючы выбоіну, потым у другі бок, ад абочыны да абочыны. I машына неяк лёгка слухала яго, калі ён коратка паварочваў баранку, усё роўна як плячом — то адным, то другім — піхаў машыну на абочыну. Пакуль шафёр выкручваўся на дарозе, Дзямідчык прыглядаўся да яго, а потым праз лабавое шкло і на дарогу. Святло ад машыны кідалася ў ноч двума замглёнымі вільгаццю слупамі і быццам разляталася на дробненькія кропелькі, на туман. Гравійка тут, дзе насып амаль раўняўся з полем, была выбіта грузавымі за восень у крутыя, мяккія пад коламі хвалі-выбоіны.
Але як толькі пайшла раўнейшая дарога, шафёр зноў азірнуўся на Дзямідчыка.
— Дык, кажаш, дзядзька, спяшаеш да цёткі на цёплыя ногі?
Дзямідчык зразумеў, што шафёру не маўчалася, што яму хацелася гаварыць. Мабыць, начальнік у яго вялікі і сур’ёзны, што цэлы дзень маўчаць даводзіцца.
Дзямідчык і адказаў у лад шафёру, насмешліва:
— Я свае аладкі ўжэ даўно паеў і ногі цётчыны адагрэў. Мне б пасля дня да ложка дабрацца. Гэта ты аж са скуры, на ноч гледзячы, да тых ног лужашся.
— Дзе там, дзядзька, і ног тых не захочаш. Заснуць не ўспееш, нацямочку назад трэба ехаць.
— А хіба ты не ў горадзе жывеш?
— Жыў, пакуль жонцы дзіця не зрабіў. А тады мне во такі дзядзька, у каго я жыў, і кажа: не высыпаемся мы з цёткаю, дзіця нам мяшае...
— То хай бы табе твой начальнік памог ужо якую ў горадзе кватэрку агораць.
— Начальнікаў многа, а кварцір мала, дзядзька.
— Не, мой у Мінску, неяк пашанцавала, скора палучыў.
— Каму, дзядзька, шанцуе, той і ўвесь век свой танцуе.
— Яно і праўда. Адзін увесь век сяк-так наўскасяк, а другі не толькі танцуе, але і прыпявае.
Дзямідчык асвоіўся і сагрэўся. За вокнамі машыны прабягалі цёмныя, глухія, зрэдку пазначаныя кропелькамі электрычных лямпачак, асеннія вёскі, і цёмным балахонам ахіналі іх восеньская сумота і цішыня. А тут, у машыне, роўна гуў матор, гэта ад яго ішло ў кабіну цяпло.
— Ну што, дзядзька, мне направа, вам налева.
Шафёр збавіў хуткасць. Наперадзе была развілка і чорная палявая ноч. Не хацелася выходзіць у яе з гэтае ўтульнасці і цеплыні.— А можа, падвязеш мяне, хлопец, а то я колькі паўзці буду, а табе мінут дзесяць, не больш? Я і заплачу табе.
— Бач, зрабі чалавеку добра, яму яшчэ лепш захочацца. Як таму мядзведзю, дай пакласці лапу, ён і сам узлезе.
— А што табе, грошы лішнія буцуць? Я і чарку пастаўлю.
— Свая ці з магазіна?
— Ёсць і такая і такая.
— Хлебная?
— Хлебная.
— Э-э, заробіш, дзядзька, на табе, як Заблоцкі на мыле.