Сяргей Абламейка - Гісторыя поспеху
- А калі не паслухаюся?
- Паслухаешся. Ты ж актор. Ад такой магчымасці ніводзін з вас не адмовіцца. Пакажы мне хоць аднаго калегу, які сябе не лічыць геніем. Можаш такога назваць?
Віктар змоўчаў і толькі адмоўна пакруціў галавой.
- Вось і я пра гэта. А тут для цябе адкрываецца магчымасць для нечуванай самарэалізацыі. Ну а калі не паслухаешся, дык я магу і каго маладзейшага за цябе выбраць на гэтую ролю. Напрыклад, Сцяпанава.
- Каго? - абурана ўсклікнуў Віктар. - Гэтага няздару Сцяпанава?
Ён са злосцю ўставіўся на ката. Сцяпанаў быў найвялікшым канкурэнтам Віктара. Гэты смаркач, маладзейшы за яго на дзесяць гадоў, і так пераняў ужо палову Віктаравых роляў. Круціцца каля галоўнага з рознымі прапановамі, дагаджае ўсяляк. Ну не, такому не бываць!
- Добра, я згаджаюся. Дык што, вы кажаце, трэба рабіць?
- Я ўжо ўсё сказаў, Віктар. Пераймай эстафету. Дэталі дашлю электроннай поштай.
Кот саскочыў з канапы, вярнуўся ў свой кут і раптам прастору грымёркі скалануў магутны пляскач. У куце з’явіўся ці то дым, ці то пара, і да Віктаравых вушэй данесліся незадаволеныя словы, недзе далёка прамоўленыя ўжо знаёмым нізкім голасам:
- Эх, як мне абрыдлі ўсе гэтыя амбітныя пасрэднасці. Геніі, бач ты іх... Важдаешся з кожным, угаворваеш, ніхто пасля дзякуй не скажа... Пайду ў лёхі, злаўлю пацука ці пару мышак на вячэру...
У наступны момант дым знік, а ў мабільным тэлефоне Віктара бразнуў званочак, паказваючы, што ён атрымаў чарговы ліст на сваю электронную пошту. Віктар тут жа адкрыў паштовую скрынку і ўбачыў імя адрасата
- “Дух тэатра”. Адкрыўшы ліст ён знайшоў там ужо агучаную катом інструкцыю аб занятках спортам, вядзенні дзённіка і адмове ад дрэнных звычак. Заканчваўся ліст спісам са ста найменняў сусветнай літаратурнай класікі, якую Віктару трэба было прачытаць за наступныя паўгода. У пастскрыптуме кот абяцаў праз шэсць месяцаў даслаць наступную порцыю сусветнай літаратуры, неабходнай для агульнага развіцця актора. Віктару Тулупчыку нічога не заставалася, як пачынаць новае жыццё.
...Праз пяць гадоў не стала большасці вядучых актораў галоўнага драматычнага тэатра. Іх ролі аддалі Віктару, які знаходзіўся ў вельмі добрай форме і якраз падыходзіў на іх па ўзросце. Ён стаў імкліва набіраць папулярнасць, з’явіліся прыхільніцы і прыхільнікі, яго сталі запрашаць у антрэпрызы і на тэлебачанне, з’явіліся ролі ў кіно. Вельмі хутка ён стаў заслужаным артыстам краіны, а пасля і народным. Гледачы натоўпамі хадзілі ў тэатр на Тулупчыка і закідвалі яго кветкамі на сцэне.
Усё было добра. У тэатры падрастала змена, а Віктар на фуршэтах з нагоды чарговай прэм’еры або атрыманай прэміі, з келіхам шампанскага ў руцэ часта прыгаворваў сам сабе, стараючыся, каб яго не пачуў нехта з маладых:
- Бач ты, аказваецца, трэба толькі дачакацца свайго часу. Добрая гэта штука, змена пакаленняў...