Марына Аммон - Катэгорыя фантастычнага ў сусветнай літаратуры
Іншая сітуацыя склалася пры ўзнікненні так званай чыстай фантастыкі - свядомага, наўмыснага выяўлення выдуманых фактаў у літаратуры. У дадзеным выпадку размова ідзе пра спецыфічны мастацкі метад адлюстравання рэальнасці, калі фантастычнаму вобразу ці фантастычнай ідэі падпарадкоўваецца ўся структура твора.
Адпаведна з гэтым У. Чумакоў у працы “Фантастыка як літаратурна-мастацкая з’ява” падкрэслівае розніцу паміж фантастыкай фармальнай (прыёмам) і зместавай (метадам). Пад першай ён разумее тэксты М. Гогаля, М. Салтыкова-Шчадрына альбо Б. Брэхта, якія звязвалі элемент незвычайнага з такой агульналітаратурнай задачай, як узмацненне экспрэсіўнасці. Другое паняцце максімальна раскрылася ў вербальным мастацтве XX ст., у творчасці Г. Уэлса, Д. Толкіна, Д. Оруэла, С. Лема ды інш.
У выніку некаторыя даследчыкі прапаноўваюць адрозніваць фантастыку як прыём і фантастычную літаратуру як сукупнасць пэўных нарацый, створаных з дапамогай адпаведнага мастацкага метаду.
ФАНТАСТЫЧНАЯ ЛІТАРАТУРА ПАМІЖ ЖАНРАМ, ВІДАМ І РОДАМ
У сучасным літаратуразнаўстве былі неаднаразова здзейсненыя спробы ідэнтыфікацыі фантастыкі ў якасці самастойнай з’явы прыгожага пісьменства на базе такіх тэрмінаў, як жанр, від і род.
Галоўнымі прычынамі ўзнікнення пэўных складанасцей можна лічыць адсутнасць трывалага і максімальна дакладнага размежавання вышэйназванай групы тэрмінаў, а таксама шматлікія разыходжанні наконт жанравай класіфікацыі мастацкіх твораў. Найбольш слушны, на нашу думку, прынцып дыферэнцыяцыі тэкстаў адпаведна з іх прыналежнасцю да пэўнага фармальна-зместавага класа ўнутры таго ці іншага роду.
Пры адзначаным падыходзе фантастыка ўспрымаецца хутчэй як своеасаблівая трансгістарычная эстэтычная катэгорыя, а не як асобная мінімальная адзінка эпасу (незалежна ад шырокага бытавання тэрміна жанр у асяроддзі шчырых аматараў фантастычнай літаратуры). Бо, шукаючы адказ на пытанне, якімі дакладнымі ўнутранымі і знешнімі якасцямі валодае згаданая разнавіднасць мімесісу, навукоўца здольны даць змястоўнае і сістэматызаванае тлумачэнне толькі на першую яго частку.
Тым не менш на працягу мінулага стагоддзя ў межах дадзенай з’явы была напісана велізарная колькасць твораў, што свабодна групуюцца адпаведна з канкрэтнымі зместава-фармальнымі паказчыкамі. Гэта дае падставы для вылучэння многімі літаратуразнаўцамі такіх новых жанраў, як ужо названыя раней навуковая фантастыка і фэнтэзі, а таксама антыўтопія, сацыяльная, філасофская, псіхалагічная фантастыка, альтэрнатыўная гісторыя і г. д. Дадзеная акалічнасць, у сваю чаргу, прывяла да вызначэння некаторымі даследчыкамі фантастыкі ў якасці асобнага літаратурнага віду і нават роду (як з’явы, што існуе па выключных, толькі ёй уласцівых правілах і ставіць перад сабой адметныя ад іншых задачы). Акрамя таго, складанасці выклікае і адносная “маладосць” названай літаратурнай з’явы (XX - XXI стст.), і некаторая яе неадпаведнасць той архаічнай класіфікацыі мастацкіх твораў, якая была вынайдзена задоўга да з’яўлення фантастычнай літаратуры.
Такім чынам, фантастычнае ў гісторыі сусветнай культуры выступае спецыфічнай некласічнай эстэтычнай катэгорыяй, заснаванай на прынцыпе дэканструкцыі агульнапрынятых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і шырокім выкарыстаннем у тэкстах элемента незвычайнага. У прыгожым пісьменстве дадзеная разнавіднасць мімесісу па-рознаму трактуецца даследчыкамі. З аднаго боку, згаданы тэрмін рэалізуецца праз паняцці мастацкага прыёму (пераважна ў дачыненні да вербальнага мастацтва часоў Антычнасці - канца XIX ст.) і метаду (у асноўным арыентуючыся на нарацыі XX - XXI стст.). З іншага боку, фантастычная літаратура разумеецца як агульны дэтэрмінант цэлага шэрагу жанраў, у якіх цудоўнае пераважае ў працэсе сюжэтабудавання і трансляцыі асноўнай ідэі твора.
Спіс літаратуры
1. Фрумкин, К. Философия и психология фантастики / К. Фрумкин. - М. : Эдиториал УРСС, 2004. - 240 с.
2. Ковтун, Е. Поэтика необычайного : Xудoжеcтвенные миры фантастики, волшебной сказки, утопии, притчи и мифа (на материале европейской литературы первой половины XX века). - М. : Издательство Московского университета, 1999. - 310 с.
3. Чернышева, Т. Природа фантастического / Т. Чернышева. - Иркутск : Издательство Иркутского университета, 1985. - 336 с.
4. Рагойша, В. Паэтычны слоўнік / В. Рагойша. - Мінск : Беларус. навука, 2004. - 576 с.