Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
На падставе сказанага мы можам арыенціровачна вызначыць межы знаходжання Старажытнай Літвы ў прасторы паміж Менскам і Наваградкам з усходу на захад і паміж Маладзечнам і Слонімам з поўначы на поўдзень776. Яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, ТураваПінскай і Новагародскай землямі — галоўнымі састаўнымі часткамі будучай Беларусь Зразумела, што пры аб’яднанні гэтых абласцей Літва не магла не ўвайсці ў склад тэрыторыі Беларусі як адна з складнікаў. Такое геапалітычнае становішча Старажытнай Літвы і растлумачвае, чаму яна ў сярэдзіне XIII ст. апынулася ў фокусе палітычнага суперніцтва суседніх земляў, якія імкнуліся заваяваць яе, што было першым звяном у пашырэнні іх улады на іншыя землі. У гэтым суперніцтве і атрымаў перамогу Новагародак, які і стаў цэнтрам утварэння новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. 3 узвышэннем Новагародка і закончыўся полацкі перыяд нашай гісторыі.
УТВАРЭННЕ I УМАЦАВАННЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА
ГІСТОРЫЯ ПЫТАННЯ
Хоць новагародскі перыяд нядоўгі па сваёй працягласці (ён прыпадае на другую палову XIII ст. і на пачатак XIV ст.), аднак яго значэнне ў гісторыі Беларусі выключна важнае, і найперш тым, што з ім звязана ўтварэнне і ўмацаванне новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. Пачатковым асяродкам гэтага гістарычнага працэсу стаў Новагародак (так тады называўся Наваградак), які да сярэдзіны XIII ст., як ужо намі адзначалася, вырас ў буйны эканамічны і культурны цэнтр, што і стала вызначаць яго дамінуючае месца ў нашай гісторыі таго часу.
Аднак гэта выдатная роля Новагародка гістарычнай навукай зацемнена да непазнавальнасці. Нават ужо ў 50–70-я гг. нашага стагоддзя, калі дзякуючы археалагічным пошукам быў выяўлены выключна высокі ўзровень эканомікі і культуры старажытнага Новагародка і яго вобласці, т. зв. Чорнай Русі, даследчыкі паранейшаму адмаўлялі яму ў самастойным значэнні і паказвалі яго толькі як аб’ект заваявання Літвы, якая ў сваю чаргу атаясамлівалася з сучаснай Літвой, што зусім скажала гісторыю ўтварэння Вялікага княства Літоўскага778.
Карані такога погляду на Новагародак і іншыя беларускія гарады трэба шукаць у сярэдзіне XVI ст., для яго з’яўлення тады склаліся адпаведныя гістарычныя абставіны. Менавіта ў той час Маскоўская дзяржава стала прад’яўляць свае правы на беларускія і ўкраінскія землі, якія знаходзіліся ў складзе Вялікага княства Літоўскага. А калі ў ходзе Лівонскай вайны ў 1563 г. войскі Івана Грознага занялі значную частку Беларусі, у тым ліку і яе старажытны цэнтр — Полацк, — вось у гэты крытычны момант і наспела неабходнасць абгрунтаваць гістарычныя правы Вялікага княства Літоўскага на беларускія землі. Паколькі з’явілася пагроза іх страты, то і ўзнікла сцверджанне аб іх выратаванні літоўскімі князямі і падначаленні ўладзе Літвы. Вось тады і сталі з’яўляцца летапісы, у якіх усё гэта даводзілася. Прычым у іх на першы план выводзіцца ўласна не Літва, а Жамойць (заходняя частка сучаснай Літвы). I гэта невыпадкова. У той час жамойцкія феадалы, адчуўшы сваю моц (Жамойць у вышку Грунвальдскай перамоп больш не цярпела ад нападаў крыжакоў, што ў пэўнай ступені спрыяла яе дабрабыту) і прэтэндуючы на першынство ў дзяржаве, вырашылі перапісаць гісторыю Вялікага княства Літоўскага з тым, каб прыпісаць сабе заслугу ў яго стварэнні. I таму ў летапісах, такіх, як «Хроніка Быхаўца», апавядалася, як жамойцкі князь Монтвіл, дачуўшыся, што Русь паваявана Батыем, даў войска свайму сыну Эрдзівілу (у некаторых летапісах — Сюрманту, залежна ад таго, у інтарэсах якога магнацкага роду пісаўся летапіс: Радзівілаў ці Скірмантаў), які, перайшоўшы Вяллю і Нёман, убачыў гару высокую і прыгожую і на ёй разбураны татарамі Новагародак. Узнавіўшы яго і зрабіўшы ў ім сваю сталіцу, ён пайшоў далей і гэтак жа аднавіў і ўзяў пад сваю апеку і іншыя беларускія гарады: Берасце, Горадзен, Драгічын, Мельнік779.
Паказаўшы жамойцкае паходжанне новагародскіх князёў, аўтары летапісаў вырашылі зрабіць тое самае і ў дачыненні да полацкіх князёў. У выніку гэтага мы даведваемся, што сын Эрдзівіла заваяваў Полацк і стаў называцца князем полацкім і новагародскім. Унукам яго нібыта быў полацкі князь Барыс, якому прыпісвалася пабудова Сафійскага сабора і іншых выдатных будынкаў у Полацку. Асабліва важна было прыпісаць жамойцкае паходжанне гэтаму князю, пакол ькі, дзякуючы Барысавым камяням, аб ім з усіх полацкіх князёў найбольш захавалася памяць у народзе.
Няма чаго казаць, наколькі выдуманымі з’яўляюцца гэтыя гісторыі. Такой гістарычнай асобы, як Монтвіл, мы не знаходзім у ранейшых крыніцах, якія добра ведаюць тагачасных жамойцкіх князёў. Добра таксама вядома, што Беларусь не ведала батыеўскага пагрому, і таму яе гарады не маглі быць разбураны. I князь Барыс быў сынам не міфічнага Гінгвіла, а вядомага полацкага князя Усяслава Чарадзея. I тым не менш усе гэты… байкі атрымалі ў гістарычнай навуцы самае шырокае распаўсюджанне і трывала замацаваліся ў ёй. Такое адбылося найперш дзякуючы таму, што польскі гісторык М. Стрыйкоўскі на аснове летапісаў XVI ст. напісаў сваю «Кроніку» і выдаў яе ў 1582 г. у Каралеўцы (Кёнігсбергу). Вялікую дапамогу яму ў гэтым аказаў жамойцкі біскуп Гедройц, што і зразумела. Усё гэта было ў інтарэсах жамойцкіх феадалаў, ідэолагам якіх і з’яўляўся Гедройц. «Кроніка» М. Стрыйкоўскага стала шырокавядомай, яе матэрыялы, у тым ліку і аб заваяванні літоўскімі князямі беларускіх земляў, увайшлі ў шматлікія еўрапейскія кнігі. Новы імпульс для свайго ажыўлення гэтыя міфы атрымалі ў 30–40-я гады XIX ст., калі ў Вільні выйшлі дзевяць тамоў працы Т. Нарбута «Дзеі старажытныя народу літоўскага», якая грунтавалася на канцэпцыях М. Стрыйкоўскага, «Кроніка» якога таксама была перавыдадзена ў той час. 3 гэтых кніг у далейшым і чэрпалі ў цэлым матэрыялы для сваіх даследаванняў пра Вялікае княства Літоўскае, асабліва пра яго ўтварэнне, гісторыкі. I хоць такія відныя вучоныя, як Б. Антановіч, М. Дашкевіч, К. Любаўскі, у сваіх працах па гісторыі Вялікага княства Літоўскага адзначалі вельмі важныя асаблівасці, якія праўдзіва характарызавалі гэтую дзяржаву, а адзін з іх, М. Дашкевіч, нават усумніўся ў праўдзівасці заваявання Літвой Новагародка, аднак і яны не толькі не здолелі пераадолець і адкінуць тэзіс аб літоўскім заваяванні беларускіх земляў, але і, бяздоказна паўтараючы яго, гэтым самым яшчэ больш замацоўвалі яго ў гістарычнай навуцы.
На вялікі жаль, пытанне аб утварэнні Вялікага княства Літоўскага і ў савецкай гістарыяграфіі не было перагледжана. Больш за тое, пад уздзеяннем сцверджання аб бездзяржаўнасці Беларусі ў мінулым асабліва шмат у нашай гістарычнай літаратуры гаворыцца пра «ўладарніцтва літоўскіх феадалаў» над Беларуссю. Найболын поўнае выяўленне гэтага мы знаходзім у працах Л. Абэцэдарскага «У святле неабвержных фактаў» (1969) і У. Пашуты «Образование Литовского государства» (1959), у якіх Беларусь выступав не інакш як «падуладная Літве», «заваяваная Літвой» і да т. п. Але нават У. Пашута, кніга якога асабліва прычынілася да ўмацавання ў савецкай гістарыяграфіі тэзіса аб літоўскім заваяванні Беларусі, не быў упэўнены ў праўдзівасці шэрагу сваіх палажэнняў, звязаных з утварэннем і далейшай гісторыяй Вялікага княства Літоўскага, калі вымушаны быў адзначыць: «Далейшыя поспехі нашай навукі, верагодна, прывядуць да перагляду прапанаваных тут аргументаў і вывадаў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш»780. Сапраўды, гісторыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага патрабуе ўважлівага асвятлення, якое б знаходзілася ў поўнай адпаведнасці з гістарычнымі сведчаннямі.
МІНДОЎГ
3 часу М. Стрыйкоўскага і па сённяшні дзень ва ўсіх даследаваннях і падручніках па гісторыі князь Міндоўг выступав ў ролі заснавальніка Вялікага княства Літоўскага. Гэта ён, маўляў, спачатку аб’яднаў літоўскія землі (разумеецца, што ў межах сучаснай Літвы), а пасля захапіў Чорную Русь і некаторыя іншыя беларускія землі781. Але ўсё гэта толькі сцвярджаецца, а не даказваецца.
Бясспрэчна, што Міндоўг у адрозненне ад Монтвіла, Мінгайлы і іншых міфічных жамойцкіх князёў — сапраўдная гістарычная асоба. Ён быў князем з Літвы, што сядзеў у Новагародку. Вось гэта апошняе і дало падставу для сцверджання аб заваяванні ім Новагародка і ўсёй яго вобласці, хоць нават у «Хроніцы Быхаўда» гаварылася, што Міндоўг атрымаў Новагародак у спадчыну ад свайго бацькі Рынгальта782. Аднак ці азначае з’яўленне таго ді іншага князя з Літвы ў якімнебудзь старажытнарускім горадзе вынікам заваявання яго? Вось гэтага пытання даследчыкі і не ставілі перад сабой, у той час як адказ на яго прасвятляў сапраўдны стан палітычнага жыцдя Старажытнай Літвы, якую нельга атаясамліваць з сучаснай Літвой, бо менавіта гэта побач з іншымі беспадстаўнымі сцверджаннямі зацямняла карціну ўтварэння Вялікага княства Літоўскага да непазнавальнасці. Летапісная Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, дзе пакінула свае «аўтографы» ў выглядзе назваў вёсак «Літва», якія мы знаходзім і цяпер у Слонімскім, Ляхавіцкім, Уздзенскім, Стаўбцоўскім і Маладзечанскім раёнах. Яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, ТураваПінскай і Новагародскай землямі і побач з імі з’яўлялася гістарычнай вобласцю Беларусі783. Такое яе геапалітычнае становішча з’яўлялася перашкодай для аб’яднання беларускіх земляў, эканамічнае, культурнае і этнічнае збліжэнне якіх яскрава выявілася ўжо ў той час. I таму яе заваяванне той ці іншай суседняй вобласцю было непазбежным.