Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
Але гэтым для Полацка 1186 год не закончыўся. Болыл за тое, ён стаў у вялікай ступені пераломным у полацкай гісторыі. Менавіта ў гэты год Полацк атрымаў першае прадвесце вялікай пагрозы, якая насоўвалася на яго, але ўжо з захаду. На жаль, палачане аднесліся да гэтага вельмі легкадумна, не ацаніўшы ўсёй сур’ёзнасці на першы погляд нязначнага факта.
I сапраўды, усё выглядала даволі прыстойна, як пра гэта апавядае Генрых Латвійскі. Падаём гэты ўрывак (фактычна пачатак) яго «Хронікі Лівоніі» поўнасцю: «У манастыры Зегебергскім быў святар ордэна блажэннага Аўгустына Мейнард, чалавек высокашаноўнага жыцця, убелены паважнай сівізной. Проста дзеля справы Хрыстовай і толькі для пропаведзі прыбыў ён у Лівонію разам з купцамі: тэўтонскія купцы, зблізіўшыся з лівамі, часта хадзілі ў Лівонію на судне па рацэ Дзвіне. Дык вось, атрымаўшы дазвол, а разам І дары ад караля полацкага Уладзіміра (Woldemaro de Plo-; ceke), якому лівы, яшчэ язычнікі, плацілі даніну (курсіў наш. — М. Е.), названы святар смела прыступіў да божай справы, пачаў прапаведаваць лівам і будаваць царкву ў вёсцы Ікескюлі». Гэта вельмі каштоўнае сведчанне, якое ўдакладняе паасобныя моманты полацкай гісторыі, пакінутыя без увагі рускімі летапісцамі, і пра якія можна было толькі здагадвацца. Найперш мы звяртаем увагу на падкрэсленыя намі словы, бо яны, бясспрэчна, сведчаць аб пашырэнні полацкай улады на ўсё Ніжняе Падзвінне, паколькі лівы жылі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Адначасова гэтае месца «Хронікі Лівоніі» абвяргае нядаўна выказанае сцверджанне, што паказаныя плямёны плацілі не даніну, а выкуп, кантрыбуцыю, і таму не маглі ўваходзіць у склад Полацкага княства648. Але ў такім выпадку навошта было Мейнарду браць дазвол на прапаведаванне сярод ліваў у «Полацкага караля»? Нельга таксама вызначаць паўночназаходнюю мяжу Полацкага княства толькі ў зоне кантактаў крывічоў з усходнебалтыйскімі плямёнамі і гэтым самым рабіць памылку, агаясамліваючы этнічную мяжу рассялення крывічоў і палітычную мяжу Полацкага княства. Гісторыя сведчыць, што тое ці іншае моцнае племя ці народ могуць уладарыць далей за межамі свайго суцэльнага рассялення, абапіраючыся там на калоніі сваіх высяленцаў і свае вайсковыя гарнізоны. Ва ўсякім выпадку, «Хроніка Лівоніі» (а гэта пісьмовая крыніца, што надае ёй асаблівую каштоўнасць, і таму на яе найперш трэба абапірацца) яскрава паказала, што лівы плацілі даніну Полацку і, значыць, знаходзіліся ў палітычнай залежнасці ад яго. Але калі гэта адносіцца да племя, якое знаходзілася на крайнім захадзе Падзвіння, то яшчэ ў болынай меры мы гэта можам сказаць у адносінах плямёнаў, якія займалі больш усходняе становішча. Дарэчы, гэтае сведчанне аб межах полацкай улады на паўночным захадзе не адзінае як у самой «Хроніцы Лівоніі», так і ў іншых нямецкіх крыніцах. «Рыфмаваная хроніка» таксама пацвердзіла, што падзвінскія язычніцкія плямёны да прыходу крыжакоў залежал! ад Полацка, што землі селаў, ліваў, летаў знаходзіліся да прыходу братоў (крыжакоў) у руках русаў, у якіх была адабрана гэтая ўлада. Што пад русамі тут разумелся палачане, ясна засведчыла, як мы бачылі, «Хроніка Лівоніі».
Цяпер адносна асобы князя «Вальдэмара», якога ўсе даследчыкі называюць Уладзімірам. Адносна яго былі выказаны розныя меркаванні. В. Данілевіч лічыў яго сынам Усяслава Брачыславіча, які к гэтаму часу ўжо памёр649. Другія атаясамліваюць яго з Уладзімірам Рурыкавічам, трэція называюць яго Уладзімірам Васількавічам. У свой час намі было выказана сумненне ў тым, што імя гэтага князя было Уладзімір650, паколькі ніводзін з ранейшых полацкіх князёў не меў такога імя, што, магчыма, было абумоўлена нядобрай памяццю пра князя Уладзіміра, які знішчыў Рагвалода і яго сыноў. Але полацкія князі мелі падобныя імёны, як «Валадар» і асабліва «Валодша». Зразумела, што гэтыя імёны, падобныя па гучанні на імя «Уладзімір», Генрых палацінску мог перадаць толькі праз імя Вальдэмар.
Валадар і Валодша нам добра вядомыя: першы з іх быў сынам менскага князя Глеба Усяславіча, другога мы ведаем па тым, што ён у 1160 г. быў пасаджаны ў «поруб» у Менску. К 1186 г. Валадар наўрад ці жыў ужо. Ен мог нарадзіцца не пазней 1119–1120 гг., а калі і жыў, то наўрад ці мог пражыць яшчэ да 1216 г., калі паводле «Хронік Лівоніі» памёр полацк! князь «Вальдэмар». Што да Валодшы, якога В. Данілевіч лічыў сынам Васількі Святаславіча651 і які такім чынам з’яўляўся малодшым братам Усяслава Васількавіча, то ён мог быць яшчэ не старым чалавекам. Паколькі ў 1159 г. яго пасадзілі ў Ізяслаўлі разам з Брачыславам, то можна думаць, што ён быў тады яшчэ непаўналетнім, магчыма, яму не было больш за 16 гадоў. Значыць, у 1186 г. яму было гадоў 35–36, і ён мог пражыць да 1216 г. Як мы ведаем, у паходзе на Друцк у 1180 г. удзельнічаў Андрэй Валодшыч, верагодна, сын гэтага Валодшы. Праўда, у гэтага Андрэя быў сынавец Ізяслаў, што можа ўказваць на яго больш сталы ўзрост, як і яго бацькі Валодшы. Але нельга забывацца, што ў жыцці мы знаходзім нямала выпадкаў, калі пляменнікі могуць быць старэйшыя за сваіх дзядзькоў. Цалкам магчыма таму, што менавіта Валодша і выступав ў «Хроніцы» Генрыха пад імем полацкага князя Вальдэмара, да каго манах Мейнард і звярнуўся з просьбай на дазвол хрысціць ліваў… і полацкі князь, не разгледзеўшы адразу таго, што ўслед за крыжам місіянера ішоў меч заваёўніка, не толькі дазволіў Мейнарду прапаведаваць хрысціянства, але і паслаў яшчэ яму дары. Зрэшты, такая наіўнасць у адносінах да крыжакоў была дапушчана і ў іншых землях Усходняй Еўропы. Толькі пазней, калі нямецкія крыжакі паказалі сваё заваёўніцкае аблічча і калі Полацку аднаму з першых прыйшлося прыняць іх удар, полацкі князь зразумеў сваю трагічную памылку. Але пра нямецкую агрэсію і яе сумныя вынікі для Полацка ў нас будзе гаворка пазней.
ВІЦЕБСКАЯ ПЕРАМОГА I МІР 3 НОЎГАРАДАМ
Далейшыя летапісныя звесткі пра Полацк становяцца ўсё болын рэдкімі і ў шэрагу выпадкаў цьмянымі. Адной з іх і з’яўляецца паведамленне Наўгародскага I летапісу пад 1191 г. У ім гаворыцца, што летам гэтага года князь Яраслаў Уладзіміравіч з’явіўся з наўгародцамі ў Лукі, бо быў «позван Полотскою княжьёю и полочаны»652. Як бачым, гэта сустрэча з наўгародцамі адбылася па ініцыятыве палачанаў. В. ДaJ нілевіч лічыў, што Полацк, які нібыта паранейшаму быў у залежнасці ад Смаленска, што з’яўлялася яму ў цяжар, рашыў зблізіцца з Ноўгарадам, на свабоду якога таксама рабілі замах смаленскія Расціславічы, і што, такім чынам, гэта сустрэча была накіравана супроць Смаленска653. Аднак такому меркаванню могуць супярэчыць вынікі гэтай сустрэчы, паводле якіх было вырашана «на зиму всем (г. зн. наўгародцам і палачанам. — М. Е.) снятися им на литву, или на чудь»654. 3 гэтага бачым, што мэта сустрэчы як быццам была іншая, чым супольная барацьба са Смаленскам. Але гэта не выключав таго, што Ноўгарад за згоду змагацца супроць Смаленска паставіў перад палачанамі ўмову найперш прыняць удзел у супольным паходзе супроць літвы і чудзі. У свой час У. Пашу та, які быў прыхільнікам канцэпцыі, паводле якой Літва мацнела, а Полацк слабеў, сцвярджаў, што палачане хацелі ў асобе наўгародцаў знайсці сабе саюзнікаў супроць літвы і нават эстаў (чудзі)655. На першы погляд гэта як быццам так, бо палачане сапраўды былі ініцыятарамі сустрэчы. Аднак з далейшага тэксту мы даведваемся пра паход Яраслава на чудзь з наўгародцамі і пскоўцамі, але пра паход на літву нічога не гаворыцца. I гэта закрэслівае тэндэнцыйнае сцвярджэнне У. Пашу ты. Праўда, у В. Тацішчава сказана пад 1192 г., што «князь полотеский с братьею пошёл на Литву, а Ярослав с новгородцы и псковичи — на зимеголов, мимо Юрьева»656. В. Данілевіч сцвярджэнне пра паход палачанаў на літву адкінуў, назваўшы яго домыслам, як і многае ў В. Тацішчава. Аднак галаслоўнага адмаўлення недастаткова. Паспрабуем разабрацца. У летапісе ясна сказана, што наўгародцы і палачане дамовіліся зімою ісці «обое» на літву або на чудзь. I таму, калі мы далей чытаем, што адбыўся паход на чудзь, то гэта выключав паход на літву, што і абвяргае В. Тацішчава, у якога, апроч таго, чудзь заменена земіголамі, што залежалі ад палачанаў і на якіх таму не было сэнсу ісці наўгародцам. Але чаму палачане не прынялі ўдзел у паходзе наўгародцаў супроць чудзі, як было дамоўлена, і тым прыйшлося браць у саюзнікі пскоўцаў і ўсю «оболость»? Можа, тады сапраўды палачане замест супольнага паходу на чудзь вырашылі ісці самастойна на літву, як гэта паказана ў В. Тацішчава? Але тут зноў напрошваецца пытанне: «Навошта было клікаць наўгародцаў на сустрэчу і на дапамогу, калі палачане пасля адны пайшлі на літву?» Разгадка гэтага заблытанага факта магла, на нашу думку, заключацца ў наступным. Мэтай палачанаў у сустрэчы каля Вялікіх Лук было пачаць зноў збліжэнне з Ноўгарадам. Апошні добра разумеў зацікаўленасць Полацка ў саюзе з ім, асабліва ўлічваючы непазбежнасць працягу барацьбы палачанаў са Смаленскам, і таму запатрабаваў ад іх пэўных ахвяр, а менавіта: прыняць удзел у паходзе або на літву, або на чудзь, што і ў першым і ў другім выпадках было нявыгадна для Полацка. Сапраўды, ісці палачанам на літву, якая, як пацвердзілі падзеі 1180 г., з’яўлялася адной з крыніц вайсковай сілы Полацка, раўназначна было для апошняга таму, што сячы сук, на якім сядзіш. Відаць, мэтай наўгародскай дыпламатыі і было пасварыць Полацк з літвой і гэтым аслабіць яго і не даць яму магчымасці выкарыстоўваць у далейшым літву і для нападу на наўгародскія землі. Менавіта паход на літву супольнымі сіламі палачанаў і наўгародцаў і мог быць паказчыкам зацікаўленасці Полацка ў яго імкненні аднавіць саюз з Ноўгарадам. Вядома, на такую ахвяру Полацк пайсці не мог. Нявыгадным для палачанаў быў і ўдзел у паходзе на чудзь, што было звязана з пэўнымі стратамі ў вайсковай сіле, якая была патрэбна яму на выпадак вайны са Смаленскам. Вось чаму палачане, згадзіўшыся пайсці або на літву, або на чудзь, у далейшым не пайшлі ні на першую, ні на другую і фактычна сарвалі заключаную ўмову, і Ноўгараду прыйшлося шукаць новых саюзнікаў у паходзе на чудзь. У сваю чаргу і Полацк з прычыны таго, што не адбыўся яго саюз з Ноўгарадам, павінен быў шукаць саюзніка для барацьбы са Смаленскам, і ён, як у бачым далей, быў знойдзены. Але мы яшчэ не закончылі разгляд гэтага летапіснага паведамлення.