Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
Зараз жа ўкажам на бясспрэчны рост гарадскіх цэнтраў у Тураўскай зямлі. Так, пад 1097 г. у летапісе ўпершыню ўпамінаецца Пінск380. Тое, што ён названы побач з Туравам, гаворыць пра яго значнасць ужо ў гэты час, што і пацвердзілася ў будучым, калі Пінск па сваім развіцці абагнаў Тураў. Як было адзначана вышэй, Берасце ўжо намнога раней трапіла на старонкі летапісу. У 1099 г. яно зноў з’явілася там як месца, дзе Святаполк вёў перагаворы з палякамі. Гэты запіс ясна сведчыць, што Берасце ўваходзіла ў склад Тураўскай зямлі. Тое ж пацвердзіла і паведамленне пад 1101 г., дзе гаворыцца, што князь Яраслаў Яраполкавіч хацеў захапіць Берасце як частку Тураўскага княства, якім у свой час вылодаў яго бацька Яраполк Ізяслававіч. Адсюль добра відаць і ўдзельнае становішча Берасця. Узвышэнне Пінска і Берасця пацвярджае, што і Тураўскую зямлю не абмінуў працэс далейшага эканамічнага развіцця, што і прыводзіла да паступовага яе драблення. А гэта значыць, што яна, нягледзячы на сваю закінутасць сярод балот і пушчаў, знаходзілася ў рэчышчы прагрэсіўнага грамадскага развіцця.
Смаленскую гісторыю 60–70-х гг. мы ўжо закраналі, разглядаючы полацкія падзеі, з якімі яна шчыльна звязана. Як бачна, Смаленск побач з Туравам паранейшаму быў моцна прывязаны да Паўднёвай Русі, што, як мы ведаем, тлумачыцца яго ключавым становішчам на вялікім гандлёвым шляху і яго стратэгічным значэннем, адкуль для Кіева ляжалі дарогі на Ноўгарад, Растоў і Суздаль і асабліва на Полацк. Нездарма ж Манамах, стаўшы князем чарнігаўскім і смаленскім, адразу ж аднавіў вайну з Полацкам. Але такое залежнае становішча ніколькі не азначала палітычнага амярцвення Смаленска. Немалое значэнне мела разумение Смаленскам свайго эканамічнага патэнцыялу, які з цягам часу ўсё рос і гэтым самым рыхтаваў грунт для палітычнага адасаблення. Пра багацце Смаленска можа даць яскравае ўяўленне тое, што Манамах у красавіку 1078 г., прабыўшы тут толькі дзевяць месяцаў, дае свайму бацьку Усеваладу, відаць, як выкуп і даніну, трыста грыўняў золата, што з’яўлялася выключна вялікай сумай. Зразумела, смаленскія феадалы, купцы і іншы люд не маглі не адчуваць усяго цяжару залежнасці, які навочна выяўляўся ў тым багацці, што плыло з іх рук. I гэта выявілася, як толькі натрапіўся зручны выпадак. У 1095 г. Смаленск сваёй воляй узяў сабе ў князі выгнанага з Ноўгарада Давыда Святаславіча, і апошні, відавочна, выконваючы волю смаленцаў (інакш навошта было яго браць да сябе), становіцца ў вароясыя адносіны і да вялікага князя Святаполка, і да Манамаха. Апроч таго, яны далі брату Давыда Алегу, праўда не пусціўшы яго ў Смаленск, апалчэнне, з якім ён наносіць у Мурамскай зямлі паражэнне сыну Манамаха — Ізяславу. Таму натуральна, што ў 1096 г. злучаныя сілы Святаполка і Манамаха рушылі суцроць Давыда і змусілі яго адмовіцца ад дапамогі брату Алегу. Праўда, Давыд захаваў за сабою смаленскі пасад, дзе і быў да 1097 г., калі на яго месца, паводле рашэння Любецкага з’езда, зноў сеў Манамах. Такім чынам, прыняццем да сябе Давыда і сваімі дзеяннямі ў палітычных падзеях 1095–1096 гг. Смаленск яскрава заявіў пра імкненне да палітычнага выдзялення381. Усё гэта і было ўлічана Манамахам. Атрымаўшы зноў ва ўладанне Смаленск, ён рэзка мяняе адносіны да яго. Калі раней Манамах імкнуўся прывязаць Смаленск да сваёй паўднёвай метраполіі — Пераяслаўля — і дабіўся падначалення смаленскай царквы Пераяслаўскаму епіскагіству, што разам з сістэмай пасадніцтва абурала смаленцаў, то цяпер ён, баючыся зноў страціць Смаленск, вымушаны быў дабіцца для яго асобнага епіскапства, вынікам чаго быў пачатак пабудовы саборнай царквы, якая сваімі памерамі раўнялася амаль Сафійскаму сабору ў Ноўгарадзе382. Адначасова Манамах замест пасадніка пакінуў у Смаленску свайго сына Святаслава, што таксама падкрэслівала ўзрослае палітычнае значэнне гэтай зямлі.
АДНА 3 САМЫХ КРЫВАВЫХ
Але зноў вернемся да полацкай гісторыі. Мірнае жыццё Полацка працягвалася толькі тры гады. Трэба думаць, што гэты час быў выкарыстаны Усяславам для ўнутранага ўмацавання, паколькі ён не мог не прадбачыць узнаўлення ране йшай палітыкі з боку кіеўскіх князёў да Полацка, што і адбылося пасля смерці Святаслава ў канцы 1076 г. Менавіта з гэтага часу зноў наступав для Полацкай зямлі пара, магчыма, адна з самых крывавых, якая цягнулася звыш дзесяцігоддзя. Паколькі выканаўцам гэтага наступления на Полацкую зямлю быў Уладзімір Манамах, які ў гэты час не з’яўляўся вялікім кіеўскім князем, то, магчыма, таму гэтыя падзеі не трапілі на старонкі летапісаў і знайшлі сваё адбіццё, часамі вельмі цьмянае, у т. зв. «ГІавучанні» гэтага князя.
У літаратуры дамінуе думка, што паход Манамаха на Полацк летам 1077 г. быў адказам на набег Усяслава некалькі раней на Ноўгарад383. Аднак гэта непасрэдна не выцякае з тэксту «Павучання»: «Святослав умре, и яз пакы ходив Смолиньску, а и — Смолиньска той же зиме та к Новугороду, на весну Глебови в помочь; а на лето со отцем под Полтеск». 3 прыведзеных слоў нельга зрабіць пераканаўчым сцверджанне пра напад Усяслава на Ноўгарад і помету яму за гэта з боку Манамаха. Сапраўды, апошні мог прыйсці ў Смаленск, які пасля смерці Святаслава (27.12.1076 г.) і ўсталявання на кіеўскім пасадзе яго бацькі Усевалада дастаўся яму ў прыдачу да Чарнігава недзе ў канцы 1076 г. (тады сакавіцкага, а паводле нашага календаря ў пачатку 1077 г.). Але неўзабаве гэтай жа зімой ён ідзе да Ноўгарада, а вясной Глебу Святаславічу (наўгародскаму князю) на помач. Такім чынам, выходзіць, што Манамах двойчы быў заняты наўгародскімі справамі. Грунтуючыся на гэтых вельмі лаканічных паведамленнях і прымаючы гэтыя два паходы Манамаха (адзін быў зімой, другі — увесну) за адзін, Д. Леанардаў прыйшоў да высновы, што паход Манамаха «Глебови в помочь» быў зроблены супроць Усяслава, які напаў на Ноўгарад, але выкрутлівы полацкі князь паспеў уцячы ў Полацк, што і выклікала неабходнасць паходу на апошні летам 1077 г. Аднак прыведзены ўрывак з «Павучання» не дае падставы аб’ядноўваць два паходы Манамаха ў адзін, бо першы з іх, як ясна ўказвае тэкст, адбыўся зімою, а другі — вясною. Апроч гэтага, ёсць указанні на тое, што Глеб у гэты час ваяваў з чуддзю (Банэль), гэта тым больш верагодна, бо Глеб сапраўды загінуў ў 1079 г. у барацьбе з гэтым племем. I таму магчыма, што два паходы Манамаха да Ноўгарада і выкліканы былі гэтай акалічнасцю, а не нападам Усяслава на Ноўгарад. Калі ўжо гаварыць аб магчымасці нападу Усяслава на Ноўгарад, то больш верагодна ён мог адбыцца тады, калі Манамах хадзіў у помач Глебу, г. зн. калі апошняга з войскам не было ў Ноўгарадзе, які застаўся безабаронным. Аднак застаецца незразумелым, чаму на гэты напад не ішоў разам з Манамахам наўгародскі князь, які найперш і павінен быў гэта зрабіць. У сё сказанае дазваляе выказаць меркаванне, што паход Манамаха на Полацк летам 1077 г, меў самастойнае значэнне. У такім выпадку што ж паслужыла прычынай да яго?
Успомнім, што Манамах пасля смерці Святаслава ў канцы 1076 г. стаў князем адначасова і ў Чарнігаве, і ў Смаленску, а іх землі былі ў непасрэднай блізкасці да полацкіх уладанняў. Гэтым мы і тлумачылі раней асаблівую нянавісць чарнігаўскага князя да Усяслава ў 1067 г. Гэту нянавісць успрыняў Манамах удвая, завалодаўшы Чарнігавам і Смаленскам, асабліва апошнім. Тое, што ён разам з сваім бацькам адразу пайшоў на Полацк, гаворыць пра яго намер заваяваць усю Полацкую зямлю. Такім чынам, супроць яе і цяпер былі накіраваны, па сутнасці, сілы ўсёй Паўднёвай Русі. Аднак, і на гэта ўказваюць усе даследчыкі, тое, што Манамах замаўчаў вынікі гэтага паходу, сведчыць аб яго правале. Але моц Полацкай зямлі, яскрава выяўленая ёю пры адбіцці націску паўднёвых сіл, ніколькі не астудзіла заваёўніцкіх намераў Манамаха, а, наадварот, яшчэ больш устрывожыла, бо яскрава паказала на яе небяспеку для яго і таму ўмацавала ў ім імкненне давесці справу да канца. Для ажыццяўлення гэтага склалася і спрыяльная палітычная кан’юнктура. Хоць бацька Манамаха — Усевалад — і ўступіў кіеўскі пасад свайму брату Ізяславу, аднак апошні паслаў княжыць у Ноўгарад сына Святаполка — даўняга ворага Усяслава. Вось з ім зімою 1078 г. (а на думку некаторых даследчыкаў, пасля гэтага года384) цяпер ужо з сіламі Паўночнай і Паўднёвай Pyci, падмацаваных яшчэ і ардою полаўцаў (паводле С. Салаўёва і С. Кастамарава, гэта было першае ў практыцы міжусобнай барацьбы выкарыстанне палавецкай сілы), Манамах зноў з’явіўся ля сцен Полацка. Але, як і ўнапярэдні раз, дзякуючы выключнаму вайсковаму майстэрству Усяслава і стойкасці яго войска і палачанаў, Полацк не быў узяты. Помсцячы за гэта, Манамах і Святаполк «ожгоше» Полацк, г. зн. спалілі ўсе яго ваколіцы. Аднак гэтым Манамах не абмежаваўся. I калі Святаполк пайшоў у Ноўгарад, ён сумесна з полаўцамі «воюя», г. зн. рабуючы, беручы ў палон, пайшоў у кірунку Одрска. Пасля Менска, Оршы і Галацічаска Одрск упамінаецца ў другой палове XI ст. на тэрыторыі Полаччыны. Аднак месцазнаходжанне яго даследчыкамі пакуль не вызначана. М. Карамзін атаясамляў яго з Друцкам385. Аднак гэта непрымальна, бо Манамах услед за О дрекам упамінае і гэты горад. У свой час 3. ДаленгаХадакоўскі выказаў меркаванне, што, як паказвае назва горада, ён мог знаходзіцца на р. Адроў, правым прытоку Дняпра (цяпер на тэрыторыі Аршанскага рна), і гэта мае пад сабой пэўную пад ставу. Сапраўды, як паказвае далейшы тэкст яго «Павучання», Манамах, вяртаючыся з гэтага паходу, «и — Смолиньска к отцю придох Чернигову»386. Зыходзячы з гэтага, мы можам лічыць, што Одрск знаходзіўея на шляху з Полацка на Смаленск, г. зн. на р. Адроў. Аднак супроць гэтага ёсць два пярэчанні: першае — назва горада ад ракі Адроў будзе не Одрск, а Адроўск387 і другое — на ўказанай рацэ не выяўлены сляды гэтага горада388.