Вольдемар Бааль - Плацiнавы абруч (на белорусском языке)
15
Бяссоннiца прыходзiла часам i ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную цiхую пагоду, калi па зямлi разлiвалася цёплая млявасць i свет шчаслiва замiраў, быццам упiваючыся сваёй бязмежнасцю i дасканаласцю, i зоркi гарэлi асаблiва блiзка i ярка. Магутны Арол запiраўся ў адным з самых аддаленых пакояў i сюды-туды крочыў там у адзiноце, знемагаючы ад хворых дум i незразумелых жаданняў. У гэтыя хвiлiны ён ужо не лiчыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасцiпнасцi i мудрагельства Гэ-Гэ здавалiся яму пустой балбатнёй. I вось, калi туга ўжо пагражала перайсцi ў роспач, ён выклiкаў Аракульку, i яны гутарылi.
- Што такое жыццё? - пытаўся ён, i яна адказвала:
- Жыццё - гэта рух.
- Ад чаго да чаго?
- З аднаго месца на другое.
На такiя тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай - яшчэ нi разу падобная размова не прыносiла супакаення. Але слухаць гадкую лiслiвасць i пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.
- Што рухае?
- Неабходнасць.
- Адкуль неабходнасць?
- Ад жаданняў.
- Адкуль жаданнi?
- Ад неабходнасцi рухацца.
- Дзе ж тут пачатак i дзе канец?
- Няма нi пачатку, нi канца.
- А смерць?
- Смерць - вяха.
- Што пасля?
- Цемра.
- Ах! - усклiкнуў аднойчы Магутны Арол. - Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. I калi смерцi не будзе...
- Будзе, - прагучаў адказ.
- Але я магу стаць бессмяротны!
- Жывы труп...
- Пайшла вон!
Ранiцай ён раiўся са Строгiм Сарычом, i той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталi горш выглядаць.
- Так нядоўга i да хваробы...
- Што ж, - усмiхнуўся Магутны Арол, - па-твойму, я магу памерцi?
- Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасцi лепшыя на свеце.
- Лекары, - паўтарыў Магутны Арол i паморшчыўся.
- Можа, - спачувальна сказаў сябра i дарадчык Строгi Сарыч, - Вашай Недаступнасцi неабходна было б на час адкласцi справы, гэтыя бясконцыя клопаты...
- Што ты называеш "на час адкласцi справы"?
- Паляванне! - Вочы Строгага Сарыча загарэлiся. - Паляванне - найвялiкшая асалода! За тым вунь цёмным лесам ёсць дзiвосныя паляны, i пасецца там мноства разнастайных чатырохлапых. Ваша Недаступнасць маглi б загадаць...
Праз дзень вылецелi. Акрамя Магутнага Арла, Старэйшага Сокала i Строгага Сарыча, тут былi яшчэ Спрытны Каршун, Гэ-Гэ i Элегантны Сакол-Каршачок, i ўсю групу эскартавалi стройныя чароды шулёнкаў, цювiкаў i канюкоў.
Паляванне было надзвычайнае. На палянах сапраўды пасвiлiся i адпачывалi шматлiкiя статкi разнастайнай жыўнасцi. Узлятаў i каменем падаў на ахвяру Строгi Сарыч, бясшумна наскокваў Спрытны Каршун, кiдаўся Старэйшы Сокал, лютаваў Элегантны Сакол-Каршачок. Але найвышэйшае майстэрства паказаў, вядома, сам уладар. Ён быў нястомны, iмклiвы, дакладны, грозны i статны. Ахвяра супрацiўлялася яму адзiн толькi мiг i адразу ператваралася ў крывавыя шматкi. Ён адзiн разарваў не менш за сотню трусоў i павалiў каля пяцiдзесяцi ланяў i коз. Галоўным у яго здзiўляючым таленце было - раптоўнасць. Стрымгалоў кiдаўся ён на цэль, свiдраваў яе позiркам, збiваў з ног, i ў наступнае iмгненне дзюба, кiпцюры i крылы завяршалi работу.
Эскорт, разбiўшыся на атрады, шнырыў па ўсiм лесе, шыпеннем i клёкатам выганяючы звяроў на паляну, а там дзейнiчалi нястомныя паляўнiчыя. Пабоiшча цягнулася некалькi гадзiн, i да полудня ўся паляна была завалена трупамi. Стомленыя байцы сядзелi на ўзлеску i цiха гутарылi. Гэ-Гэ, якi не прымаў удзелу ў мерапрыемстве праз сваю ляноту, да таго ж ён баяўся крывi, мiрна кiнуўся ў фiласофiю, на ўсе лады расхвальваючы талент свайго пана, i падводзiў пад культ вiдовiшчаў маральную аснову. I толькi Магутны Арол маўчаў. Ён не стамiўся, адчуваў у гэты час лёгкасць i супакой, нiбы выпiў цудадзейнага лякарства або памаладаеў на некалькi гадоў. "Вось, - думаў ён. - Можна, значыць, абысцiся i без Абруча..."
У лесе стаяла цiшыня. Пакрысе надыходзiў вечар; знiжанае сонца разбiвалася аб дрэвы; ад ракi цягнула прахалодай.
З гэтага дня паляваннi наладжвалiся часта.
16
Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.
- Мы хочам асвоiць планету Хi, - прамовiў Настаўнiк. - Такая галоўная мэта?
- Так, - прашаптаў Першы. - Ты ведаеш...
- Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.
- Так...
- У такiм разе што цябе прыгнятае?
- Я нiколi не бачыў, як гэта робiцца...
- Паляванне наладзiў былы лон, - з невясёлай усмешкай заўважыў Другi. Па-твойму, ён наш папярэднiк?
- Мы не ад лонаў! - з роспаччу запярэчыў Першы.
- Хто гэта даказаў?
- Настаўнiк нагадаў, што падабенства формаў...
- Настаўнiк гаварыў таксама пра спецыфiчныя токi Хi...
- У такiм выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлi! Мой вучнёўскi эвальвентар адзначыў гэта дакладна!
- Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькi стадый прамiльгнула.
- Не трэба такiх спрэчак! - строга вымавiў Настаўнiк. - Яны не памогуць нам.
- Хi - дзiкая планета! - не могучы супакоiцца, гаварыў далей Першы. - Наш эвальвентар працуе па нашай лагiчнай схеме. А логiка Хi...
- Табе дзiўна, што iх лоны сталi птушкамi?.. Не дае табе супакою Спiу.
- Яны на гэтай планеце маглi б стаць кiм хочаце!
- А мне падыходзiць гэта планета, - задумлiва сказаў Другi. - Так i здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.
- Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў...
- У нас урок, - сказаў Настаўнiк. - Урок патрабуе ўвагi, глыбокага разумення сутнасцi матэрыялу i пранiкнення ў яе. Мы даследуем нiжэйшых i пакуль што толькi з гэтага павiнны рабiць вывады.
- Я хачу бачыць вышэйшых! - упарцiўся Першы.
- Ты iх ужо бачыў, - адказаў Другi.
- Тыя тры на беразе?
- Урок не скончаны! - Голас Настаўнiка быў суровы, i спрэчка спынiлася.
"I зноў замiльгаў экран, - пiша Пасвячоны, - i жахлiвы iх урок працягваўся..."
* * *
"Жахлiвы ўрок"... Прызнае, такiм чынам, што жахлiвы. А вось каб перашкодзiць iм... Цi слушнасцi няма, цi этыка навуковая не дазваляе. А калi разабрацца, дык на якой падставе, па якiм праве нейкiя страшыдлы прылятаюць на нашу Зямлю, як да сябе дамоў (юнаку, бачыце, "падыходзiць гэта планета"!), i спакойненька, на вачах, разыгрываюць свае забавы?! Смальнуць бы з лазернай гарматкi, каб дарогу сюды забылiся. Вось i быў бы iм эксперымент.
Але ўжо працягнем, i няхай не пакрыўдзiцца Пасвячоны, што перапыняю яго апавяданне на свой манер.
17
Нягледзячы на ўсялякiя меры i засцярогi, у вотчыне грознага Аквiлы Рэгii пачалi адбывацца неверагодныя рэчы. Нечакана-негадана раптам высветлiлася, што Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi, не чыстая на руку i што, значыцца, начны спосаб яе жыцця ўвогуле, папулярна кажучы, павiнен быць лепшы ва ўсiх адносiнах.
Следства скончылася за самы кароткi час, "а калi яшчэ, - пiша Пасвячоны, мець на ўвазе хуткасць, з якой гэта дэманстраваў наш цудадзейны эвальвентар ноблаў, дык выйдзе толькi кароткае iмгненне". Факты, адным словам, пацвердзiлiся цалкам, нават з лiшкам, i Яго Недаступнасць асабiста распарадзiўся лёсам злачынкi: сарваў з яе акуляры, шпурнуў у фiзiяномiю i тупнуў так, што задрыжалi скляпеннi замка.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});