К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
Па сьцежцы мiж баракаў насустрач iдзе нейкая постаць. У апошнюю хвiлiну юнак спасьцерагае Палiшэўскага, i рука мэханiчна падносiцца на вышыню правага вока. Яшчэ ня мiнуў, а ўжо чуе хрыплаваты бас:
- Эй, Спарыш! Як гэта вы салютуеце, як ня жывы? Я вам устаўлю яйцы! Пся крэў!
Сымон спыняецца й адварочваецца. Перад iм празь iмглу сьлёз вiдаць падвойны сыценькi падбародак, маленькiя зласьлiвыя вочкi, няпэўная грымаса на азызлым твары й кругленькi жывоцiк.
Сымонавы сьлёзы ўмiг высыхаюць, а твар бляднее й сьцiскаюцца зубы. Як-жа прыемна было-б плюнуць у гэту сытую й брыдкую фiзiяномiю. Гад! Нячысьцiк! мiльгаюць у галаве адна за другой мянушкi. Ужо навет сьлiна зьбiраецца ў роце. Сымон стаiць над абрывам. Толькi хуткi iнстынкт самакантролю ды крошачка здаровага рассудку падказваюць яму iншае. У апошнi момант хлапец устрымоўваецца.
VII
Цэлы вечар таго дня, вярнуўшыся ў барак пасьля заняткаў, чытаў Сымон прысланую газэту й раздумваў. Перш за ўсё прачытаў кароткi непадпiсаны артыкул пад загалоўкам "Кс. Вiнцэнты Гадлеўскi", дзе аўтар апавядаў пра малаведамы дагэтуль факт аб замучаньнi нямецкiмi гэстапаўцамi ў Менску каля Каляд 1942 году выдатнага беларускага каталiцкага сьвятара й арганiзатара Беларускай Незалежнiцкай Партыi. Аўтар не хацеў цi мо ня ведаў - ён поўнасьцю не адкрыў заслоны на таямнiчую сьмерць ксяндза Гадлеўскага. Нiчога не ўспамiнаў аб юдавай ролi ў той час шырокавядомых беларускiх здраднiкаў, якую яны згулялi, выдаючы ў рукi немцаў аднаго з найвыдатнейшых сыноў беларускага народу.
Сымон найбольш цiкавiўся весткамi аб беларусах на выгнаньнi. На вялiкi жаль, у гэтым газэта была скупая. Весткi аб тым, што быццам у Злучаных Штатах ёсьць нейкая Беларуская Нацыянальная Рада ў Чыкага, што там-жа ёсьць беларускiя перадачы па амэрыканскiм радыё, - усё гэта было надта неабгрунтаванае, а калi й сапраўды нешта iснавала, дык хiба-ж толькi лякальна, бо ня вiдаць, ня чуваць было аб нiякай дзейнасьцi, перадусiм аб якой-небудзь дапамозе беларусам у Эўропе, як памагалi iншанацыянальныя арганiзацыi сваiм суродзiчам. Значыцца, аб гэтых арганiзацыях усё тое было-ж надта туманнае, нявыясьненае, хто ведае, цi было праўдзiвае.
Цэнтрам Сымонавай увагi стаўся артыкул пад загалоўкам "Заданьнi беларускай эмiграцыi", якi выясьняў шмат чаго адносна трагiчнага палажэньня новых выгнанцаў i таксама кiдаў сьвятло на нашу старую эмiграцыю за акiянам.
Сымон чытаў:
"Адной з найпякучых праблемаў для беларускага замежнага грамадзянства зьяўляецца сяньня справа новай беларускай эмiграцыi. У насьледку страшнай разрухi нашага краю апошняй вайной - каля мiльёна беларусаў апынулася па-за межамi свае Бацькаўшчыны.
Гэта наша новая прымусовая й "дабравольная" эмiграцыя апынулася была ў абставiнах, ня маючых сабе прэцэдэнту ў гiсторыi нiводнае эмiграцыi якога-небудзь народу ў сьвеце. Ёй прыйшлося перажыць надмерна нялюдзкiя цяжкасьцi, як матэрыяльна, так i маральна ды праўна..."
I далей:
"Усё тое, што перажыла гэта наша эмiграцыя... тлумачыцца хiба тым, што нiводзiн народ, як наш, ня прывык да падобнага роду цярпеньняў. Але цярпеньнi яе яшчэ ня скончылiся..."
Далей аўтар стараецца падказаць беларусам у Амэрыцы, прынамсi, тым зарганiзаваным, якой помаччу маглi-б прысьпець сваiм няшчасным родзiчам у Эўропе. А самае галоўнае й найбольш важнае вычытаў юнак у наступным:
"Беларуская новая эмiграцыя на амэрыканскай зоне Нямеччыны знаходзiцца ня толькi што ў нявыразным, але й досыць парадаксальным становiшчы. Ёй па сяньня ня прызнаецца права нацыянальнасьцi. не дазваляецца навет тварыць сваiх асобных нацыянальных лягераў, падобна iншым нацыянальнасьцям, а мусяць таму туляцца ў разьбiтку, па суседзях - у той час, калi амэрыканскi ўрад афiцыяльна прызнае беларускi народ як нацыю".
Далей аўтар зноў раiў тое-сёе, што маглi-б зрабiць у галiне дапамогi амэрыканскiя беларусы. Вiдаць, што аўтар i група беларусаў, якiя выдалi "Беларускiя Навiны" ў Па-рыжы, бiлiся, як тая рыба аб лёд, бездапаможна прыглядаючыся вялiкай нацыянальнай катастрофе й маючы недахопам капiталу ды рознымi iншымi цяжкасьцямi зьвязаныя рукi. Заклiкi аб дапамозе да беларусаў цераз акiян падобныя былi да голасу ў пустынi, бо калi-б у Новым Сьвеце сапраўды iснавала нейкая жывая й дзеючая нацыянальная беларуская арганiзацыя, яна сама ўжо раней парупiлася-б пра тое-сёе й не чакала-б на парады з боку "Беларускiх Навiнаў".
Сымон, чытаючы газэту й крывавячы сэрцам аб няшчасьцi сваiх суродзiчаў у Нямеччыне ды iншых краiнах, ня ведаў у гэты час, што ў "Беларускiх Навiнах" ня было сказана аб самым галоўным i найбольш жахлiвым, якое выявiлася й дайшло да ягоных вушэй пасьля. Гэта палягала ў наступным: беларусы па цэлай Эўропе, а пераважна ў Нямеччыне, былi аб'ектам паляваньня бальшавiцкiх рэпатрыяцыйных мiсiяў, якiя якраз у гэты час пры дапамозе й садзейнiчаньнi заходнiх хаўрусьнiцкiх акупацыйных уладаў старалiся там, дзе людзi не хацелi дабравольна, прымусам адвезьцi пад уладу маскоўскага тырана, найчасьцей у сiбiрскiя лягеры нявольнiцкае працы ўсiх тых, каго гiтлераўская ўлада выкiнула са сваiх родных гнёздаў. Пры дапамозе амэрыканскае i ангельскае вайсковае жандармерыi бальшавiкi заладоўвалi няшчасных людзей у таварныя вагоны й пад канвоем накiроўвалi на Ўсход. Гэткiм чынам з самай Нямеччыны ўдалося iм прымусова рэпатрыяваць блiзу паўмiльёна беларусаў, як пазьней падала бальшавiцкая статыстыка.
У гэты пасьляваенны час заходнi сьвет, пераважна Злучаныя Штаты й Ангельшчына, яшчэ добра не разгадаўшы аблiчча бальшавiцкага крывапiўцы, былi мiмавольна ўдзельнiкамi найбольшага ў гiсторыi гвалту над паняволенымi Масквой народамi. Ацьверазеньне прыйшло шмат пазьней i вельмi паволi. Памылка была зроблена. Франклiн Рузвельт адышоў на той сьвет са сьведамасьцю, што належаў да найвялiкшых людзей у гiсторыi Амэрыкi хаця-б таму, што спрычынiўся да перамогi над Гiтлерам ды разумна падзялiў памiж трыма "вялiкiмi" зямную кулю на сферы ўплываў, не спасьцярогшы, што ў сiлу ўмоваў з валадаром Крамля быў партнёрам жахлiвага народабойства. Сталiн-Сосо-Джугашвiлi насалоджваўся стогнамi й енкамi безабаронных ахвяр ды сьмяяўся з таго, што абдурыў сваiх ваенных хаўрусьнiкаў.
"ПРЫЧЫНА - ВЕРАВЫЗНАНЬНЕ, НАЦЫЯНАЛЬНАСЬЦЬ"
I
Вучнi ў клясе звычайна добра арыентуюцца, якiя хто мае посьпехi ў навуцы, i могуць часта вызначыць кожнаму месца паводле ацэнак. Калi восьмы курс Школы Падхаронжых наблiжаўся да канца й праходзiлi апошкiя экзамены, было ў групе колькi чалавек, якiя складалi лiсты кадэтаў паводле iхняй пасьпяховасьцi. Параўноўвалi адзiн лiст з другiм, спрачалiся, адстойвалi дадатныя або адмоўныя ацэнкi тых цi iншых асобаў. Звычайна найменш было сумлеваў адносна колькiх першых - усе пагаджалiся, што першым паводле пасьпяховасьцi будзе Ўсаевiч. Некалькi наступных iмёнаў таксама ня былi цяжкiмi для гаданьня, тым больш, што ацэнкi з асноўных галiнаў навучаньня былi раней вядомыя. Было яшчэ колькi невядомых, якiя старалiся прадугледзець. Сымону звычайна вызначалi самае сярэдняе месца - мiж дзесятым i дванаццатым. Самыя два апошнiя месцы прыдзялiлi хваравiтаму шляхцюку Янкоўскаму й даволi недалужнаму, найслабейшаму ад усiх Марцiнкоўскаму.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});